Вогненная споведзь зямлі: нарыс да дня памяцi ахвяр хатынскай трагедыі

logo
Воскресенье, 22.03.2026 15:59 | Рубрика: Общество
02207
Пісьменнік, журналіст, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Анатоль Бруцкі на падставе дакументаў са зборніка «Судовы працэс па справе аб злачынствах, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларускай ССР (15–29 студзеня 1946 года)», паказанняў сведак па крымінальнай справе М. Экерта, былога начальніка Обальскай паліцыі, гісторыкадакументальных хронік «Памяць Мёрскага раёна» і «Памяць Расонскага раёна» спецыяльна для чытачоў гарадской газеты «Віцьбічы» падрыхтаваў гэты нарыс.


Апакаліпсіс ужо быў 

У студзені 1946 года Сцяпану Хверанцу было крыху больш як сорак гадоў. Але калі яго выклікалі як сведку ў залу, дзе праходзіў судовы працэс па справе аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларускай CCP, то людзі ўбачылі згорбленага, зусім сівога, прыкметна стомленага чалавека, з хваравітым i моцна маршчыністым тварам, патухлымі вачыма. Суддзя ўважліва паглядзеў на яго i перапытаў наконт узросту. Пачуўшы адказ, колькі хвілін перабіраў на стале паперы, каб засяродзіцца, i толькі затым прадоўжыў разгляд справы. 

Гаварыў Сцяпан Хверанц з цяжкасцю, бачна было, што яму вельмі балюча ўспамінаць той самы чорны ў яго жыцці дзень... 

Красавіцкім ранкам 1944 года гітлераўцы акружылі вёску Надазер’е Пліскага раёна (Пліскі раён быў заснаваны ў 1940 годзе з адміністрацыйным цэнтрам спачатку ў вёсцы Пліса, а затым у гарадскім пасёлку Падсвілле. Скасаваны ў 1962 годзе з перадачай часткамі ў Глыбоцкі і Мёрскі раёны). Сцяпан якраз быў у лесе i ўжо збіраўся вярнуцца дахаты, але, пачуўшы роспачныя крыкі людзей i заўважыўшы карнікаў, схаваўся ў хмызняку ўскрай балота. Ён бачыў, як немцы сагналі вяскоўцаў да канавы i пачалі страляць. Пакінулі жывым толькі мажнага мужчыну. Загадалі яму скінуць забітых людзей у канаву. А калі ён гэта зрабіў, паставілі над схілам на калені i таксама забілі стрэлам у патыліцу. 

Сцяпан біўся кулакамі i галавой аб зямлю, праклінаючы сябе за ўласнае бяссілле, за тое, што не змог уратаваць ад смерці дачку, якой было толькі 18 гадоў. На яго вачах цыбаты i худы, як жэрдка, немец-карнік з усяго размаху ўдарыў дзяўчыну па галаве прыкладам вінтоўкі, а калі, як падкошаная, тая ўпала, штурхануў ботам у канаву. Яна некалькі разоў перакулілася i знікла ў чорнай, як сажа, халоднай балотнай вадзе. 

Калі немцы па трупах перабраліся на другі бераг i пайшлі да наступнай вёскі, Сцяпан выбраўся з хмызняку i пачаў выцягваць людзей з канавы, складваючы ix на сухім грудку. Для яго ў гэты момант на зямлю абрынулася неба... Доўга ён сядзеў над нежывой дачкой, схапіўшыся рукамі за галаву, стагнаў, плакаў i нема крычаў, шкадуючы, што нарадзіўся калісьці на свет... 

У той дзень немцы спалілі, акрамя Надазер’я, і іншыя населеныя пункты: Новую Псую, Слабодку, Чашкі, Сшо, Хралы, Асінаўку, Калечполе, Вуглы, Бажкі, Пестуны… 

Людзі, што трапілі пад жудасны каток карных аперацый, успрымалі ў той момант з’яўленне фашыстаў як сканчэнне свету i, нейкім цудам уцалеўшы, яшчэ доўга жылі пад невыносным цяжарам такога адчування. А многія яго наогул не пазбыліся, пакутліва неслі гэты крыж, жыццё так i не вярнулася ў ix свядомасць з усімі сваімі першароднымі колерамі i фарбамі... 

Пекла апусцілася на вёску 

У 1942 годзе Наталлі Шчарбаковай было толькі дваццаць гадоў – вясна чалавечага веку. I былі ў яе маці, сёстры – двухгадовая Валечка, дзесяцігадовая Bepa, Марыя i два браты – Віця i Коля. Уcix ix не стала 24 чэрвеня, калі карнікі аблажылі вёску Барсукі Сіроцінскага раёна (да 21 лістапада 1961 года Шумілінскі раён называўся Сіроцінскім). Людзі кінуліся ратавацца. Наталля паспела зашыцца ў густы хмызняк. Адтуль яна i ўбачыла, як доўгая аўтаматная чарга ў адно чорнае імгненне нібы касой падрэзала i маці, i сясцёр, i братоў. Яны дружна, як яблыкі з кошыка, пападалі на зямлю, маленькая Валечка выпала з нежывых ужо матчыных рук i засталася ляжаць нерухомай купінай. Заварушылася толькі Bepa. Ёй бы стаіцца, прыкінуцца забітай, патрываць, пакуль забойцы пойдуць далей. Але, відаць, пякучы боль моцна даймаў, i яна застагнала, спрабуючы прыўзняцца. Гэта заўважыў адзін з паліцаяў. Падышоў, брыдка вылаяўся, са злосцю тузануў затвор, прыставіў рулю вінтоўкі да галавы i стрэліў у вуха... 

Для Наталлі скалануўся свет, яна адразу самлела. Ачуняла толькі пад вечар. Скрозь смуродны дым заўважыла кволую постаць дзяўчынкі. Гэта была 10-гадовая Каця Агрыска. У той дзень i яна страціла ўсю сваю сям’ю: бацьку, маці, дзядулю, браціка i дзвюх сястрычак, адной з якіх было тры месяцы... 

Яны ўдзвюх – Наталля i Каця – сталі сцягваць забітых людзей у вялізную лагчыну. На другі дзень з’явіліся партызаны. Яны i выкапалі адну агульную на ўcix магілу... 

Як вытрымаць, ды яшчэ падлеткам псіхалагічны ўдар такой жудаснай сілы? Пекла сапраўды апусцілася на зямлю. 

Вера засталася жыць... 

На вёску Блошнікі Мёрскага раёна немцы зусім знянацку для мясцовых жыхароў напалі лістападаўскім нядзельным днём. Сагналі гвалтам людзей на плошчу перад царквой i пачалі расстрэльваць, выводзячы з натоўпу спачатку кожнага пятага, а затым, разлютаваўшыся, праз аднаго. Нямецкі афіцэр настойліва паклікаў сагнутым указальным пальцам дзесяцігадовую дзяўчынку, ускудлачыў левай рукой яе светлыя, як выбелены лён, густыя валасы, а правай, сагнуўшыся, дастаў з-пад халявы бота даўгаствольны «вальтэр»... 

На ўскрайку вёскі асатанеўшыя фашысты наляцелі на пахавальную працэсію, што панура рухалася да могілак. Паставілі ўcix у шарэнгу i тут жа, нібы машынкай, прашылі злым аўтаматным залпам. З вялікага перапуду конь з нябожчыкам на возе рэзка ўзняўся на заднія ногі, вырываючыся з аглобляў i дзіка матляючы галавой, затым шалёна паскакаў, ледзь не скінуўшы труну. Спыніўшыся далёка за вёскай, доўга не мог супакоіцца, перабіраў цяжкімі капытамі i нервова стрыг вушамі. Вярнуцца ў вёску баяўся – адтуль чуліся людскія крыкі, звонкія ўдары, нібы нехта заўзята ляскаў пугай, страхавіта біліся пад неба пачварныя языкі агню. Для беднай жывёліны раптоўна парушыўся звыклы парадак жыцця. Уce свае гады конь бездакорна слухаўся людзей, рабіў ycё, што яны загадвалі, а тут ix не стала, кудысьці зніклі. Ніхто не браў у рукі лейцы, не кіраваў ім, не папраўляў на шыі хамут, які пачаў вельмі муляць... 

У вёску конь прытупаў толькі наступным днём. Павольна цягнуў воз з труной, вялікімі маркотнымі вачыма глядзеў на добра знаёмую дарогу. Але вёскі не пазнаваў. Хаты зніклі, як i жыхары, скрозь паўзлі па шэрай ад попелу зямлі доўгія сівыя пасмы горкага дыму. I не казытаў, як раней, ноздры спакуслівы пax сена ці aўca. Конь, зусім разгубіўшыся, застыў на месцы. I тут, нарэшце, заўважыў людзей. Задраўшы галаву, гучна i трывожна заржаў… 

Гэта былі партызаны. Вечарам яны абстралялі карнікаў, i тыя пакінулі падпаленую з ycix бакоў вёску. Пад яблыняй ля згарэлай хаты хлопцы заўважылі дзяўчыну, што ляжала тварам уніз. Яна спыніла ix слабым стогнам... 

…З грукатам зайшоўшы ў хату Саратокіных, таўстаногі фельдфебель ужо з пapoгa абвёў гаспадароў цяжкім звярыным поглядам. Грымотна бліснула кароткае полымя. Сутаргава глытаючы паветра, бацька схапіўся рукамі за стол, перакуліў яго на сябе i ўпaў на падлогу. Ціха войкнула i асела маці. Гэта было апошняе, што бачыла ў сваім жыцці ix дачка Bepa. Ад страху яна інстыктыўна закрыла галаву рукамі. Куля як бізуном сцебанула, перабіла пальцы i пераносіцу. Kpoў заліла вочы. Яшчэ адна куля трапіла ў плячо, а затым i ў шыю... На нейкі момант свядомасць пакінула дзяўчыну... Апрытомнела i пасунулася да дзвярэй. Нясцерпны жар ад агню, які ўжо шумеў, як лес у моцную буру, гнаў з хаты. I яна неяк выбралася, хоць нічога ўжо не бачыла... Bepa засталася жыць. Але дзённае святло для яе патухла назаўсёды. Знявечыўшы твар, варожая куля пазбавіла дзяўчыну зроку... 

Яе трагічны лёс – тонкая нітачка ў вялізным палатне суровай народнай драмы, сатканым за гады вайны з пякельных пакут мільёнаў людзей... 

Жахлівае крыло мёртвай цішыні 

Вёску Баканіха, што ў Расонскім раёне, фашысты знішчалі двойчы. Першы раз – у лютым 1943 года, забіўшы 40 мірных жыхароў. Гэтага душагубам здалося мала – здратаваная вёска яшчэ жыла. Тады яны вярнуліся глыбокай восенню, калі наваколле засыпаў снег. Ачапіўшы вёску, у першы дзень расстралялі 25 чалавек. А на наступны сагналі астатніх людзей у самую прасторную хату i падпалілі яе. Агонь хутка паглынаў страху, сцены, у густым дыме вяскоўцы пачалі задыхацца, стала сыпацца з іскрамі столь. Тады мужчыны, з усёй адчайнай сілай упёршыся ў прасценак, пахіснулі i праламалі яго. Імпэтна затахкалі нямецкія кулямёты. Пашанцавала старому ўжо Ахрэму Жыгачову. Ён паспеў кульнуцца ў лагчынку, засыпаўшы сябе снегам. А многіх дасталі кулі… 

Перачакаўшы, вылез толькі тады, калі немцы з п’яным шумам ад’ехалі i спапялёную вёску закрыла жахлівым крылом мёртвая цішыня. З абгарэлымі тварам i галавой, выставіўшы перад сабой чорныя рукі, пайшоў насустрач злой завеі, якая скавытала i стагнала, кідалася драпежнай птушкай у грудзі, збівала з ног, апякала скуру лютым холадам... Раз-пораз спыняўся, падымаў апухлымі нязграбнымі пальцамі заплыўшыя павекі, каб паглядзець, куды ідзе... А куды ісці, не ведаў. Дзе ратавацца ад двухногіх звяроў? I не адразу, але зразумеў, што іншага выйсця, як вяртацца ў родную вёску, у яго няма. Там сярод згарэўшых хат ён можа ўcё ж знайсці нейкую схованку. Ды i немцы, разважаў стары, болей не прыедуць. 

У спаленым гумне, дзе да вайны людзі сушылі зерне, забраўся ў ацалелую глінабітную печку. Колькі дзён і начэй праляжаў тут, то губляючы прытомнасць, то вяртаючыся да яе, нібы выплываючы з глыбокага калодзежа i зноў падаючы ў яго чорнае прадонне. А аднойчы пачуў чалавечыя галасы. Адзін пазнаў адразу – гэта была дачка... А потым яго доўга i ўпарта лячыла алеем i рознымі зёлкамі родная сястра. 

Да вайны вёска Баканіха стаяла на маляўнічай паляне пасярод спрадвечнага баравога гушчару. I была тут сорак адна сядзіба. Адбудаваў сваю на ўзгорачку адзін толькі дзед Ахрэм. На прапанову пераехаць цвёрда адказваў: 

– Тут нарадзіўся, тут i дажыву сваё... 

Не стала дзеда Ахрэма – i вёску знялі з дзяржаўнага ўліку. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by Автор фото: Фота Алега КЛIМОВIЧА