У пекле Асаўца, або Брэсцкая крэпасць Першай сусветнай вайны

logo
Четверг, 22.08.2024 16:40 | Рубрика: Общество
01525
Сёлета спаўняецца 110 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. Яна не абмінула Беларусь і яе жыхароў, дарэчы, як і астатнія войны. Шмат беларусаў бралі ўдзел у гэтай вайне, нямала сярод іх было і нашых землякоў.


Крэпасць Асавец царскія ўлады ўзвялі на рацэ Бобр пасярод балотных і азёрных разлогаў паблізу Беластока ў мястэчку Асавец, праз якое пралягала адзіная ў гэтай мясцовасці дарога з нямецкай Усходняй Прусіі ў глыб Расійскай імперыі. На зыходзе XIX стагоддзя кайзераўская Германія ўсё больш выразна ўспрымалася царскім урадам як верагодны праціўнік. Таму крэпасці надавалася стратэгічнае значэнне.

З 1911 года крапасной артылерыяй камандаваў генерал Мікалай Бржазоўскі, военачальнік з адмысловым баявым досведам, здабытым у руска-турэцкай і руска-японскай войнах. Быў ён афіцэрам высокай культуры, шырокіх ведаў, энергічным і рашучым. Мікалай Аляксандравіч скончыў Полацкі кадэцкі корпус і вельмі ганарыўся гэтым фактам сваёй біяграфіі. 

Гадаванцам корпуса быў і аднагодак Мікалая Бржазоўскага Раман Кандраценка. Непрадказальны вайсковы лёс зноў зблізіў іх на руска-японскай вайне. Генерал-лейтэнант Раман Кандраценка ўзначальваў сухапутную абарону Порт-Артура. Падпалкоўнік Мікалай Бржазоўскі ваяваў артылерыстам. Раман Ісідоравіч загінуў на баявой пазіцыі. 


Пасля вайны яго ўрачыста перапахавалі на Нікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры. Мікалаю Аляксандравічу выпала журботная місія – у складзе дэлегацыі порт-артурцаў даставіць спецыяльны вагон з астанкамі выдатнага военачальніка ў Пецярбург і ўзяць удзел у жалобнай цырымоніі.

У 2008 годзе ў Полацку быў устаноўлены бронзавы бюст генералу Р. І. Кандраценку.

У даваенны час генерал Бржазоўскі многа паспеў зрабіць, каб укамплектаваць артылерыйскі арсенал крэпасці сістэмамі рознага калібру і навучыць кананіраў тактычным прыёмам і практычным навыкам прыцэльнай стральбы. З пачаткам баявых дзеянняў генерал быў прызначаны камендантам крэпасці.

Старшым фейерверкерам служыў Аляксей Казачонак з Лепельскага павета (вёска Звонь цяпер ва Ушацкім раёне), малодшы з двух братоў – будучых поўных Георгіеўскіх кавалераў.


Каля сцен крэпасці немцы з’явіліся 8 верасня 1914 года, кінуўшы на штурм сорак пяхотных батальёнаў і яўна разлічваючы на хуткую перамогу. Перад гэтым, на самым пачатку вайны, яны ўжо набылі пэўны вопыт барацьбы з цыта­дэлямі — падчас акупацыі Бельгіі. Крэпасцю Льеж з вельмі трывалымі жалезабетоннымі перакрыццямі, бранявымі каўпакамі і вежамі кайзераўцы авалодалі на дзесяты дзень прыступу. 

Крэпасць Намюр, маючы грунтоўны запас боепрыпасаў і правіянту, павінна была, паводле планаў ваеннага камандавання, вытрымаць шасцімесячную асаду. Але як толькі немцы разбурылі снарадамі сцяну першага з дзевяці абарончых фартоў, гарнізон запанікаваў і выкінуў белы сцяг.

Крэпасць Асавец немцы самана­дзейна атакавалі з ходу. Але рускія артылерысты, папярэдне добра прыстраляўшыся, шквальным агнём імгненна парушылі іх баявы парадак, прымусілі залегчы і адпаўзаць. А затым гарнізон рашучай контратакай абхапіў немцаў з флангаў, узяўшы многіх у палон. Першы штурм крэпасці абярнуўся для ворага ганебным правалам.

Старшы фейерверкер Аляксей Казачонак быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-ай ступені. Наступным разам фронт наблізіўся да Асаўца ў лютым 1915 года. Немцы падвезлі цяжкую асадную артылерыю, у тым ліку чатыры аўстрыйскія марціры «Шкода» і чатыры нямецкія марціры «Вялікая Берта» калібрам у 420 міліметраў. 

Снарад апошняй важыў 800 кілаграмаў і пакідаў пасля разрыву варонку-кратэр шырынёй 15 метраў і глыбінёй у 5 метраў. Марціру з крупаўскай сталі нездарма назвалі монстрам і забойцам фартоў.

На зыходзе лютага немцы прыступілі да метадычнага абстрэлу Асаўца – залпамі па 360 снарадаў з інтэрвалам у чатыры хвіліны, абрынуўшы за тыдзень на гарнізон 250 тысяч толькі цяжкіх снарадаў. Чорны дым смуродных пажараў шчыльна накрыў цыта­дэль. 

Бязлітасны агонь імкліва нарастаў і пашыраўся, мацнеў з жудасным гулам. Разлютаваная стыхія дашчэнту бурыла акопы, траншэі, брустверы, казыркі, кулямётныя гнёзды, спапяляла бліндажы, інжынерныя майстэрні, лесапільні. 

Цагляныя будынкі ападалі рудым друзам. На бетонных сценах фартоў і казематаў пякельнае полымя высякала канаўкі расколаў. Віхурныя хвалі распаленага, як жалеза ў горне, паветра апякалі і душылі людзей. Зямля цяжка стагнала і дрыжэла. 

Нямецкі маёр Спалек запісаў у дзённіку: «У бок крэпасці страшна глядзець. Ашалелы ўраган дзікага агню. Не выжыве ніхто». Афіцэр не сумняваўся, што назірае за перадсмяротнай агоніяй непакорнага рускага гарнізона.

У гэты крытычны момант з генералам Бржазоўскім звязаўся па радыёсувязі штаб Паўночна-Заходняга фронту, папрасіўшы, каб крэпасць пратрымалася хаця б сорак восем гадзін. Штабны генерал удакладніў, што не загадвае, а менавіта просіць. І паўтарыў, заклінаючы: «Хаця б сорак восем гадзін».

Звярнуўся да каменданта і начальнік штаба 10-ай арміі, прапанаваўшы выслаць на выручку некалькі палкоў. Нечакана для штабіста Мікалай Аляксандравіч трывогі не выказаў. Наадварот, супакоіў суразмоўцу: «Гарнізон абароназдольнасць захоўвае. Перадавыя пазіцыі ўтрымліваем». 

Мікалай Аляксандравіч не прыняў прапанову штаба — безумоўна, высакародную, прадыктаваную шчырым жаданнем падставіць плячо баявым таварышам. Але, на думку генерала, неапраўдана рызыкоўную. 

Бо 10-ая армія з цяжкасцю адбівала няспынныя масіраваныя атакі нямецкіх пехацінцаў, ёй самой не хапала рэзерваў. І ў такіх умовах аслабляць абарону? Да таго ж, даводзіў камендант Асаўца, падчас руху паходныя калоны непазбежна трапяць пад флангавы ўдар немцаў.

Штаб арміі мусіў згадзіцца са слушнымі аргументамі. Як лічаць гісторыкі, цвёрдая рашучасць генерала Бржазоўскага выратавала многія салдацкія жыцці.
А крэпасць стаяла, крэпасць трымалася, крэпасць вяла бой. 

Ад бясконцай кананады артылерысты глохлі, з вушэй цякла кроў, вочы засціў чырвоны салёны пот. Але, страшэнна змораныя і змардаваныя, ледзь стоячы на нагах, яны не пакідалі баявых пазіцый і, сцяўшы зубы і кусаючы вусны, каб не страціць прытомнасць, стралялі, стралялі, стралялі…

І зрабілі немагчымае — падбілі некалькі цяжкіх асадных гармат, у тым ліку дзве марціры «Вялікая Берта», а таксама знішчылі склад боепрыпасаў. Мікалай Аляксандравіч загадаў аркестру іграць вечарамі ўзвышана-распеўны гімн-малітву «Коль славен». 

Выйшаўшы з задушлівага бетоннага сховішча на шырокі гарнізонны пляц, натхнённыя музыканты, набраўшы ў лёгкія гарачага паветра, выдувалі ўрачыстую мелодыю з усім сваім запалам, павярнуўшы раструбы духавых інструментаў у бок ворага. 

Кайзераўцы адвялі сваю артылерыю за межы дасягальнасці рускіх батарэй. Наступальны іх парыў прыкметна згасаў. Патраціўшы столькі сіл і сродкаў на захоп Асаўца і не дасягнуўшы мэты, яны спынілі спробы і далей штурмаваць цытадэль і перайшлі на гэтым участку фронту да пазіцыйных дзеянняў.

…На зыходзе чэрвеня 1915 года немцы і аўстрыйцы прарвалі рускі фронт. І, каб пазбегнуць акружэння ў «польскім мяшку», царская армія ва ўмовах вострага снараднага голаду вымушана была адступаць з ахвярнымі ар’ергарднымі баямі. 

Для чарговага штурму Асаўца кайзераўцы, акрамя пяхотных і сапёрных батальёнаў, сабралі ва ўдарны кулак і трыццаць батарэй атрутнага газу. І на ліпеньскім світанку, адкрыўшы інтэнсіўны артылерыйскі агонь і дачакаўшыся спадарожнага ветру, пачалі
выпускаць газ з балонаў. Прымітыўныя рэспіратары рускіх воінаў не ратавалі. 

Смертаносны газ забіваў без літасці. Дзве першыя перадавыя лініі засталіся без абаронцаў. Авалодаўшы імі, немцы без перашкод занялі важны апорны пункт «Двор Лявонава». Сітуацыя для гарнізона станавілася ўсё больш пагражальнай. 

І тут здарылася неверагоднае. Хістаючыся, абапіраючыся на вінтоўкі і плечы таварышаў, з акопаў марудна выбраліся атручаныя, але яшчэ жывыя салдаты 13-ай роты Зямлянскага палка.

І пайшлі насустрач ворагу ў свой апошні бой — з акрываўленымі павязкамі на пазелянеўшых тварах, з пачарнелымі рагавіцамі вачэй, з апёкамі на лёгкіх, з дзікім кашлем, што раздзіраў пякучым болем грудзі…

Відавочца ўспамінаў: «Ніхто нікога не падганяў. Там не было асобных герояў.Рота рухалася як адзін чалавек, згуртаваная агульным жаданнем — загінуць, але адпомсціць подламу ворагу, раздавіць варвараў».

Немцаў скаваў містычны жах: мёртвыя паўсталі з магіл і смерць нясуць на вострых кончыках штыкоў. Працятыя імгненным страхам нямецкія жаўнеры пахіснуліся, падаліся назад, палахліва замітусіліся і бязладным натоўпам, паскараючы крок і не азіраючыся, хлынулі да сваіх траншэй.

Іх дагнаў у спіны знішчальны залп рускіх батарэй, якія, падтрымаўшы атаку 13-ай роты, перанеслі затым агнявы вал на захопленыя ворагам перадавыя рубяжы абароны.

…Руская армія працягвала адсту­паць, і камендант Бржазоўскі атрымаў загад прыступіць да эвакуацыі гарнізона. Яна ажыццяўлялася арганізавана, па­этапна, скрытна ад ворага начной парой па разбітай снарадамі шашэйнай дарозе на Гродна. Гарматы артылерысты цягнулі волакам — як бурлакі на лямках.

У крэпасці, нарэшце, засталіся камендант, кананіры пры чатырох гарматах — для дэманстратыўнай стральбы, каб увесці ворага ў зман, а таксама ваенныя інжынеры і сапёры — для падрыхтоўкі казематаў і фартоў да ўзрыву.

Генерал Бржазоўскі, прыкметна пасуровеўшы, цвёрдай рукой павярнуў ручку ўзрыўной машынкі, і наваколле скаланулі грымотныя выбухі…

Старшы фейерверкер Аляксей Казачонак добраахвотна вызваўся прыкрываць адыход баявых таварышаў. Расстраляўшы боезапас, набіў канал ствала зарадамі пораху, загнаў у дула металічную пробку — і стрэліў, рызыкуючы жыццём. З аглушальным звонам ствол гарматы разарвала…

Толькі праз чатыры дні немцы з асцярогай увайшлі ў крэпасць — пустую, зруйнаваную, спапялёную. І нескароную.

Сучасныя гісторыкі называюць Асавец Брэсцкай крэпасцю Першай сусветнай вайны.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Анатоль Бруцкi