Лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Анатоль Бруцкі раскрывае таямніцы тапонімаў Віцебшчыны

logo
Суббота, 21.02.2026 10:01 | Рубрика: Общество
01457
Лаўрэат прэміі Віцебскага аблвыканкама імя Уладзіміра Караткевіча за 2025 год у намінацыі «Проза» Анатоль Бруцкі цяпер працуе над новай кнігай, якую назваў «Свая зямля». У ёй аўтар распавядае пра значэнне тапонімаў, характэрных для Віцебскай вобласці і звязаных з самым каштоўным для сялян — карміцелькай-зямлёй. Аўтар дазволіў гарадской газеце «Віцьбічы» першай апублікаваць урыўкі з кнігі.

Вёска Дабраплёсы Верхнядзвінскага раёна.

Па слядах валочнай памеры 

У 1557 годзе вялікі князь Літоўскі Жыгімонт II Аўгуст выдаў «Уставу на валокі». Менавіта валока стала з тае пары асноўнай зямельнай мерай і адзінкай абкладання сялян феадальнымі павіннасцямі.

Гэтая рэформа вельмі сур’ёзна паўплывала на тагачаснае вясковае жыццё, пакінуўшы шмат слядоў на тапанімічным палатне краю. Карэнным чынам змянілася забудова вёскі.

Усе ворныя плошчы паселішчаў, незалежна ад таго, хто і колькі часу імі карыстаўся, зводзіліся ў адзін кавалак. Вызначаліся яго межы. Затым гэты масіў наразаўся на стандартныя зямельныя ўчасткі — валокі, кожная з якіх, у сваю чаргу, складалася з трох розных палёў. Рабілася гэта спецыяльна, для больш паслядоўнага ўкаранення трохпольнай сістэмы земляробства. Пры такой сістэме першы ўчастак зямлі засяваўся азімым жытам, другі — яравымі зерневымі культурамі, а трэці пакідалі пад папар, каб глеба адпачыла і набрала сілы. У наступным годзе поле, што было пад папарам, засявалі азімымі, поле з-пад азімых — яравымі, а поле з-пад яравых пераходзіла ў папар.

Такі кругаварот забяспечваў лепшыя ўраджаі, чым ранейшая двухпольная сістэма, пры якой на адным полі сеялі азімыя, на другім — яравыя. Пад папар зямля не пакідалася. Азімае жыта сеялі адразу пасля ўборкі яравых культур, глеба вельмі часта апрацоўвалася ў спешцы і дрэнна. Кідалі насеннае зерне пасля аднаразовага ўзорвання — «па адвароце». А з адвароту, як тады казалі скрушліва, хлеба не есці.

Вясковаму люду давялося сяліцца на новым месцы. Вёску пераносілі ў сярэдзі¬ну агульнай плошчы, будаваліся сяляне звычайна ўздоўж адной вуліцы. На адным яе баку ставіліся хаты, на другім — розныя гаспадарчыя пабудовы. У той час і з’явіліся вёскі Навалака, Навалокі, Увалокі.

Пры ажыццяўленні валочнай памеры вызначалася якасць глебы — добрая, сярэдняя, кепская, вельмі кепская. Гэта ўплывала на норму павіннасцей з той ці іншай валокі. Натуральна, пасяліўшыся на добрай зямлі, да таго ж у маляўнічым месцы, сяляне давалі вёскам адпаведныя назвы — Дабрэйка (якая пяшчота гучыць у гэтым слове), Добрына (вёскі з такой назвай ажно ў чатырох раёнах — Віцебскім, Лёзненскім, Сенненскім, Шумілінскім), Даброды, Дабраполле, Дабрынь, Дабраплёсы, Дабрыгоры...

Тут, праўда, трэба мець на ўвазе, што дабром у далёкія часы продкі часта называлі збожжа. А цяпер прыслухаемся, якой мелодыяй гучыць яно, гэтае, здавалася б, звычнае слова, паглядзім у корань — збожжа. Ад Бога ён, хлеб наш надзённы. Продкі ставіліся да яго з вялікай пашанай. Калі луста хлеба выпадкова падала на дол, яе тут жа падымалі, цалавалі і прасілі прабачэння. 

Увогуле трэба прызнаць, што валочная памера была ці не першай у гісторыі спробай скласці зямельны кадастр — падрабязны пералік зямельных плошчаў, іх дэталёвую класіфікацыю.

На гарэлых лядах 

Лядзенкі, Лядзішча, Ляднікі, Ляды — вёскі і хутары ў Віцебскім, Браслаўскім, Дубровенскім, Шаркаўшчынскім раёнах. А ў даўніну паселішчаў з такой назвай было значна больш, асабліва з назвай Ляды. Густой сеткай пакрывалі яны зямлю ў Шумілінскім, Чашніцкім, Гарадоцкім, Расонскім, Полацкім, Лепельскім, Сенненскім, Ушацкім раёнах.

Шмат стагоддзяў запар для многіх сялянскіх пакаленняў слова «ляда» азначала цяжкую, невыносную працу, вялікія клопаты, турботы і высілкі. Яно, слова гэтае, было такім паўсядзённым, як «зямля», «вада», «агонь», «хлеб». Яно прымушала селяніна збіраць у кулак усе свае сілы, волю і цярплівасць і прабірацца, церабіцца, сціснуўшы зубы, да лепшага жыцця

На поўначы Беларусі самыя, бадай, неспрыяльныя ў нашай краіне ўмовы для земляробства. Натуральная ўрадлівасць у большасці сваёй дзярнова-падзолістых глеб вельмі невысокая. Спрадвеку ворная зямля была раскідана невялічкімі шэрымі лапікамі. Да таго ж глеба моцна засмечаная каменнем ды валунамі — незайздроснай спадчынай ледавіковых адкладаў. Вегетацыйны перыяд самы кароткі на Беларусі — 175–185 дзён. Цяжка ўявіць, колькі тытанічных намаганняў даводзілася прыкладваць нашаму гарапашніку-селяніну, каб спакваля, але ўпарта, год за годам, дзесяткі і сотні гадоў адваёўваць у дзікай прыроды ўсё новыя астраўкі прыдатнай для вядзення гаспадаркі зямлі. Сяляне — сапраўды станавы хрыбет любога народа.

З самых даўніх часоў асноўным для тутэйшых сялян было падсечна-агнявое, або ляднае земляробства. Слова «ляда», як лічаць вучоныя, старажытнаславянскае. Гэта — пустка. Ляда — участак, на якім высякалі і спальвалі лес, а вызваленую такім чынам зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва. Вось як апісвае гэты даволі працяглы па часе і надта працаёмкі працэс Аляксандр Гваньіні, які ў перыяд Лівонскай вайны служыў камендантам у Віцебску. Паводле яго слоў, улетку, пачынаючы з Пятрова дня і да Успення Багародзіцы, мясцовыя сяляне высякалі лес і хмызняк. Ссечаныя дрэвы засыпалі саломай і пакідалі на зіму. Увесну, пасля Вялікадня, калі прыгравала сонца, ляда зноў пакрывалі саломай і выпальвалі дашчэнту. На чорнай ад вуглёў і галавешак зямлі сеялі пшаніцу.

Іншыя даследчыкі сцвярджаюць, што хваёвы лес сяляне сапраўды высякалі і выпальвалі ўвосень, а арэшнік — вясной. Ляда засявалі без угнаенняў звычайна на працягу пяці гадоў, пасля чаго пакідалі пад папар.

На ляда выходзіла ўся сям’я — і старыя, і малыя, і мужчыны, і жанчыны. Работы ўсім хапала. Жанчыны і падлеткі секлі хмызнякі, а мужчыны валілі вялікія і тоўстыя дрэвы. Доўгі час рабілі гэта ў асноўным жалезнымі сякерамі, якія часта крышыліся, першыя двухручныя пілы з’явіліся дзесьці ў XV стагоддзі, і яны пакідалі ў дрэве неглыбокія пазы. Дапамагалі нястомныя рукі і спрадвечная сялянская загартоўка. Гнуўся крукам чалавек ад цямна і да цямна.

А колькі салёнага поту трэба было праліць на выцерабленым лапіку зямлі, каб хоць злёгку апрацаваць яе. У глебе заставалася шмат сплеценых паміж сабой каранёў, моцна перашкаджалі і пні, што ўчэпіста трымаліся ў зямлі і не заўсёды паддаваліся фізічнай сіле нават самых дужых мужчын. Таму вельмі часта выпалены ўчастак даводзілася ўрабляць без каня, уручную, прымітыўнай матыкай-капылом. Адсюль назвы вёсак Капылоўка, Капылоўшчына, Капыльшчына Браслаўскага, Ушацкага, Глыбоцкага і Мёрскага раёнаў.

Ляднае земляробства існавала ў нашых мясцінах даволі працяглы час. У Сенненскім павеце яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя практыкавалася наступная сістэма: вызваленая ад лесу ляда выкарыстоўвалася звычайна тры гады без угнаенняў, затым наступныя пяць гадоў — з угнаеннямі, пасля чаго ўчастак пакідалі адпачываць і вярталіся да яго толькі праз дзесяць гадоў, калі ён паспяваў зарасці маладым лесам. I зноў цюкалі сякеры, звінелі пілы, падымаўся ў неба дым...

На ляднае земляробства ўказваюць назвы вельмі многіх населеных пунктаў. Пра вёскі Заляддзе (Докшыцкі і Ушацкі раёны) цвёрда можна сцвярджаць, што ў даўні час яны пабудаваліся за выпаленымі ляснымі дзялянкамі.

Дзерць, дор, чысць — гэта таксама старадаўнія назвы лядных зямельных участкаў, ад якіх пайшлі многія нашы вёскі. Ужываліся для пазначэння лядаў і словы, дзе ўтрымліваўся корань гар (жар). Вось адсюль і шматлікія вёскі Дзергава, Дзеркаўшчына, Дзярновічы, Дзерукі, Выгаркі, Выгары, Выдрэя, Выдрыцкія, Дранькі, Задрачча, Задоры, Чысці, Гары, Гаркава, Гарэлая Града, Гарэлікі, Гарэліца, Гарэлае, Гарэлькі, Жарскія, Жаркі, Жарцы, Жары, Загарэльскія...

Пакарыстаўшыся пэўны час ляднымі дзялянкамі, сяляне кідалі іх, давалі адпачыць, пакуль зямля зноў набярэцца моцы, а самі прабіраліся скрозь нетры ў новыя мясціны, дзе з ранейшай упартасцю церабілі лес, валілі дрэвы, секлі хмызнякі. Але пра пакінутыя ўчасткі помнілі, цярпліва лічылі гады, калі можна будзе вярнуцца на старое ляда. Такія дзялянкі зваліся старыной, пра што і цяпер нагадваюць назвы вёсак Старына, Старынка, Старынкі, Старыновічы, Старынцы, Старыны, Старыца, Стар, Старнікі... На Віцебшчыне звыш 20 вёсак з такой асновай.

А вось участкі, што распрацоўваліся ўпершыню, называліся навіной. На іх месцы ўзніклі вёскі Навікі, Навіна, Навінка, Навінцы, Навінкі, Навінне, Навіцкія, Навічкі, Навікова, Новікі, Ноў, Ноўе, Ноўка. У Лепельскім раёне Старое Лядна суседнічае з Новым Лядна.

Назвы вёсак Карчаватка, Карчэўшчына, Карчы, Карчы Мількоўскія таксама сведчаць пра шырокае распаўсюджанне падсечнага земляробства. Кор-карчы (вёскі Корава, Коравічы, Корасць, Корніца Аршанскага, Чашніцкага, Шумілінскага, раёнаў). Працяглы час, напэўна, на тутэйшых лядах выпальвалі сяляне скінутыя ў вялікія кучы карчы. Закор’е — месца за карчэўем (вёска Закор’е Браслаўскага раёна). 

Камлі — нявыкарчаваныя пні (вёскі Камлі ў Бешанковіцкім і Талачынскім раёнах)

Новае поле на месцы распрацаванага ляда, першая сядзіба зваліся таксама пачынкам. Вёска Пачынак была ў перадваенныя гады у Гарадоцкім раёне. Тапонім гэты, дарэчы, даволі распаўсюджаны ў Расіі — у прыватнасці, у Валагодскай, Варонежскай, Курскай, Цвярской і суседняй з намі Смаленскай абласцях. 

Шмат таямнiц хавае наша родная мова, але шчыра раскрывае iх кожнаму, хто цiкавiцца і шануе яе. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by. Автор фото: Фота з адкрытых крыніц.