Абабка, балабэшкі і прашкі: «Віцьбічы» зазірнулі ў рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны

logo
Суббота, 21.02.2026 13:10 | Рубрика: Общество
01330
У кожнай вёсцы нашай краіны жыве непаўторны голас-дыялект. Ён захоўвае ў сабе не проста словы, а памяць пра традыцыі, лад жыцця і светаўспрыманне беларусаў.


Ці задумваліся вы, адкуль пайшлі звыклыя на слых мясцовыя выразы і словы? «Віцьбічы» адшукалі шмат цікавых прыкладаў у «Рэгіянальным слоўніку Віцебшчыны», складзеным віцебскімі філолагамі, выкладчыкамі ВДУ імя П. М. Машэрава на аснове сабраных студэнтамі і педагогамі матэрыялаў падчас праходжання дыялекталагічнай практыкі ў Віцебскай вобласці.

  • АБАБКА — абабак, падбярозавік. Ля хаты вырасла абабка. Так называлі грыбы ў Бешанковіцкім, Лёзненскім, Чашніцкім раёнах. 
  • АБАРОТ — кароткая папярочная баразна бульбы. Нада было б і абароты паганяць, каб к аднаму месцу. Так казалі ў Шумілінскім і Аршанскім раёнах. 
  • АБДУВАНЧЫК, АДУВАН, АДУВАНЕЦ — дзьмухавец. Аднымі абдуванчыкамі зарасло поле. Так называлі кветкі ў Докшыцкім, Дубровенскім, Глыбоцкім раёнах. 
  • БАБЦЯ — матчына або бацькава маці; бабуля. Мая бабця чаго толькі не ведае. 
  • БАЛАБЭШКІ — салодкія сухары, спечаныя ў печы. Бабка, спячы ты мне балабэшак. Так казалі жыхары глыбоцкіх вёсак. 
  • ВАЙЛАК, ВАЛЕНЦЫ, ВАЛІНЦЫ — валёнак, валёнкі. Валенцы мае зусім ужо знасіліся. Такія словы выкарыстоўвалі жыхары Мёрскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Браслаўскага раёнаў. 
  • ВАЛЫНДАЦЦА — быць непаслухмяным, не слухацца. Я ж табе казаў, хопіць валындацца! Распаўсюджанае слова ў Віцебскім раёне. 
  • ВАЛЬДЭБР — вялікая хата, будынак. Во, які вальдэбр так хутка пабудавалі! Слова прыжылося на Браслаўшчыне. 
  • ГАМЭРНЯ — натоўп, шумная кампанія. На Купалле збіраецца цэлая гамэрня ля агню. Гэтае слова сустракаецца ў Лепельскім, Шумілінскім, Віцебскім раёнах. 
  • ЛАБАДА, ЛАБУДА, ЛЯБЁДКА — расліна лебяда, так яе называлі местачкоўцы ў Шумілінскім, Сенненскім, Мёрскім, Дубровенскім раёнах. 
  • ПАДАЛІЦЫ, ПАДАЛЬЦЫ, ПАДАНІКІ, ПАДУНЦЫ — апад з пладовых дрэў. Зранку пад яблынямі столькі падаліц ляжыць. Такія словы часта ўжывалі ў вёсках Віцебскага, Гарадоцкага, Шумілінскага, Лёзненскага раёнаў. 
  • ПРАЦАВЕНЬ — працавіты чалавек. Працавень ён добры быў, рукі залатыя меў. Слова родам з вёсак Талачынскага раёна. 
  • ПРАШКІ — выдумкі, глупства, хлусня. Усё гэта прашкі, нікога ты не слухай. Слова знойдзена ў Шумілінскім раёне. 
  • СКАЛЬЗОТА — слізгота, галалёдзіца. У такую скальзоту і з хаты не выйсці. 
  • СЛІЖЫКІ — аладкі з варанай бульбы і крухмалу. Спячы ты мне сліжыкаў, дужа захацелася. Такое слова сустракаецца ў вёсках на Глыбоччыне. 
  • СЛЮДА, СЛЮДОВЫ — цэлафанавы (пра пакет). Найдзі мне чысты слюдовы мяшочак. Слова прыжылося ў Віцебскім, Шумілінскім раёнах. 

Жартоўныя фразеалагізмы 
  • АКУНЁЎ ВУДЗІЦЬ — драмаць, кляваць носам. 
  • АСАКОЮ СКАКАЦЬ У ВОЧЫ — надакучліва прыставаць. 
  • АСЁЛ МАЛЯВАНЫ — неразумны чалавек (выраз пайшоў ад цыркачоў-вандроўнікаў). 
  • БІЦЦА ЗА ПУСТЫ МЕХ — настойліва даказваць відавочнае. 
  • КАТУ ПА ПЯТУ — вельмі маленькі рост. 
  • ЛЫНДЫ БІЦЬ — нічога не рабіць, гультайнічаць. 
  • ХОЦЬ ВАЎКОЎ ГАНЯЙ — вельмі холадна (у памяшканні). 
  • ВЕРАБ’Ю ПА КАЛЕНА — вельмі мелка (пра глыбіню ракі, возера, ручая). 
  • ВЫСКАЧЫЦЬ ЯК ПІЛІП З КАНАПЕЛЬ, ЛЯСНУЦЬ ЯК ЛАПЦЕМ ПА ЦЫМБАЛАХ (ПА ВАДЗЕ) — з’явіцца нечакана, сказаць неўпапад. 
  • ДАВАЦЬ ПЕРУНОЎ — абурана, з пагрозай крычаць (на кагосьці). 
  • ЗАГНАЦЬ У КАЗІНЫ РОГ — перамагчы, паказаць поўную перавагу. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Юлія ПРЫШЧЭПА.