А пачалося ўсё з вяселля... Кампазітар Аляксандр Крыштафовіч расказаў пра захапленне музыкай, некаторыя факты біяграфіі і асаблівасці творчай прафесіі

logo
Пятница, 07.07.2023 12:26 | Рубрика: Общество
01843
Свой юбілей, 60-годдзе з дня нараджэння, сёння адзначае кампазітар, загадчык музычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Аляксандр Крыштафовіч.


На яго творчым рахунку арыгінальная музыка і падбор музычнага афармлення больш чым да 80 спектакляў.
Вядома ж, музыка з’яўляецца адным з найбольш яркіх складнікаў атмасферы спектакля, яна дапамагае рэжысёру рухаць дзеянне, надае пастаноўцы пэўную жанравую адметнасць і акрэсленасць. І ў гэтым вялікая заслуга тэатральнага кампазітара, які адчувае драматургію твора і рэжысёрскую задуму. Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з Аляксандрам Крыштафовічам і пагутарылі з ім пра некаторыя факты яго біяграфіі і асаблівасці творчай прафесіі.

— Калі, у якім узросце пачалося тваё захапленне музыкай?

— З пяці гадоў я стаў іграць на гармоніку. Спадабалася, як адзін дзядзька на вяселлі іграў. Вось я і захацеў сам навучыцца. Потым вучыўся ў музычнай школе па класе трубы. Але ў той жа час захапляўся спортам, удзельнічаў у лыжных спаборніцтвах. І раптам у мяне знайшлі шумы ў сэрцы. Думалі, што гэта з-за трубы, але я думаю, гэта ад спорта. У 9–10 класах перайшоў на клас баяна.

— Што паўплывала на твой выбар прыйсці ў тэатр, чым ён прыцягнуў?

— У 1984 годзе я прысутнічаў на сустрэчы з амерыканцамі ў нашай тэатральнай кавярні, выступаў у складзе фолк-поп-рок-групы «Крыніца». На той час яна была дастаткова вядомай, мы тройчы станавіліся лаўрэатамі спярша абласнога, а потым і Міжнароднага фестывалю польскай песні. На гэтай жа сустрэчы быў і галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Валерый Мазынскі і яго дырэктар Геральд Асвяцінскі. Валерый Яўгенавіч мяне запрыкмеціў (яму вельмі спадабалася наша беларуская праграма) і запрасіў на сустрэчу, на гутарку. Калі прыйшоў, ён прапанаваў мне ўзначаліць аркестр тэатра. Але я не прыняў тады яго прапанову, бо яшчэ быў студэнтам Віцебскага музычнага вучылішча і пабаяўся. Але ўсё роўна Мазынскі пазнаёміў мяне з артыстамі аркестра. Мне прапанавалі прыйсці на пару рэпетыцый і паіграць разам з імі. Я валодаў і баянам, і ў той жа час лірай, гармонікам, гітарай, клавішнымі. Дырыжор аркестра Яфім Сандамірскі прапанаваў прыйсці ў музычную частку і папрацаваць у якасці музыканта. І я пачаў іграць на разавых спектаклях. Адначасова працягваў вучобу ў вучылішчы, выкладаў у музычнай школе і іграў у «Крыніцы» беларускія песні ў сваёй аранжыроўцы — рэкруцкія, вясельныя. Ну а ў 1986-м я ўжо прыйшоў у Коласаўскі тэатр на сталую работу артыстам аркестра. Кіраваў музычнай часткай тады Генадзь Шэмет. У яго таксама была свая група па-за межамі тэатра, якая выконвала беларускую праграму. Там былі як артысты нашага аркестра, так і музыканты з боку.

 

— Ці памятаеш ты самы першы свой спектакль, для якога напісаў музыку?

— Гэта была «Вераб’іная ноч» паводле пралогу да рамана «Нельга забыць» Уладзіміра Караткевіча — першая рэжысёрская работа Міхася Краснабаева.

— Да яго спектакляў ты нямала стварыў музыкі…

— Тут можна ўспомніць і «Леаніды не вернуцца на Зямлю» зноў жа па Караткевічу, і «Школу блазнаў» па Гельдероду, і «Вар’яцкае танга кахання» Шэпарда, і «Плач, саксафон!» Сідарука, і «Стрэл у тумане» па Васілю Быкаву, і «Доктар Айбаліт» Карастылёва і Ралана Быкава.

У 2006 Аляксандр Крыштафовіч удзельнічаў у аднаўленні спектакля «Несцерка» В. Вольскага, зрабіў яго музычную рэдакцыю без жывога аркестра, што запатрабавала сур’ёзнай карэктыроўкі вакальных нумароў.
— Дастаткова плённым было і тваё супрацоўніцтва з Віталем Баркоўскім. Прысутнасць музыкі ў яго пастаноўках у многім вызначае іх мастацкую тканіну, вобразную структуру.

— Так. Тут найперш хачу назваць спектакль «Шагал…Шагал…» паводле Уладзіміра Драздова. Мы з ім аб’ехалі многа краін далёкага замежжа. У Лондане на Міжнародным фестывалі «Усход-Захад» атрымалі галоўны прыз, а праз два тыдні паехалі ў Эдынбург, дзе на фестывалі Fringe нас таксама чакаў Гран-пры. На міжнародных фестывалях «Смаленскі каўчэг» мы атрымлівалі перамогі са спектаклямі «Дадому» па п’есе Алены Паповай і «Прывітанне, Альберт» Юрыя Сохара. Увогуле я мог знаходзіць падыход да розных рэжысёраў і паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы.

— І, вядома ж, знакавымі работамі ў супрацоўніцтве з гэтым рэжысёрам можна лічыць спектаклі па творах нашых песняроў: «Зямля» паводле Якуба Коласа і «Сон на кургане» паводле Янкі Купалы, дзе гучыць твая арыгінальная музыка. Але ж у некаторых пастаноўках Баркоўскага табе даводзілася выходзіць і ў якасці акцёра.

— Так, у эпізадычных ролях. Напрыклад, у спектаклях «Шагал…Шагал…» і «Дадому». У першым гэта быў Зюся, дзядзька Шагала, у апошнім — вулічны музыкант, які іграў на саксафоне. А ўвогуле выходзіў у спектаклях на публіку і раней. Як прыклад, «Плюшавая малпачка ў дзіцячым ложку» па п’есе Яблонскай, якую ставіў у 80-я гады Валерый Мазынскі на малой сцэне, дзе выкарыстоўвалася жывое гучанне гітары, кларнета і скрыпкі.

— Некалькі слоў пра свае апошнія работы.

— Адной з апошніх сваіх цікавых лічу трагікамедыю «Гульня ў джын», якая атрымала дыплом у намінацыі «Лепшы спектакль малой формы» на Міжнародным фестывалі «Смаленскі каўчэг» у 2021 годзе. Цяпер пачынаю работу над музыкай да новага спектакля «Саня, Ваня, з імі Рымас» па п’есе вядомага расійскага драматурга Уладзіміра Гуркіна.

— Што пераважае ў тваёй рабоце загадчыка музычнай часткі: творчы ці адміністрацыйны складнік?

— Думаю, што і першае, і другое ў роўнай ступені.

— Што ты можаш сказаць пра сваю каманду?

— Пасля таго, як скарацілі аркестр, я яшчэ 10 год кіраваў радыёцэхам. З рознымі людзьмі працаваў. Хтосьці заставаўся, хтосьці пакідаў працу. Лічу, што ёсць узаемаразуменне паміж намі. У складзе музычнай часткі працуе гукарэ­жысёр Міхаіл Рудак. Ён не толькі вя­дзе спектаклі, але і падбірае музыку да іх. Зрэшты, гэтая прафесія дазваляе пры наяўнасці адпаведнай адукацыі, здольнасцей і жадання ствараць і арыгінальную музыку. Міхаіл закончыў завочна аддзяленне гукарэжысуры Беларускай акадэміі мастацтваў, гэта добры спецыяліст. Магчыма, з цягам часу ён зменіць мяне.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юрый ІВАНОЎСКІ, Віцебск.