
Жанчын — франтавых санітарак у гады Вялікай Айчыннай вайны называлі медыцынскімі сёстрамі. А на Першай сусветнай — сёстрамі міласэрнасці. Апошняе вызначэнне найбольш дакладнае і найлепш адпавядае таму, што рабілі гэтыя самаахвярныя жанчыны на палях баёў.
Стараславянскі назоўнік «милосердие» сатканы з высакародных асноў «милость» — дабрадзейства, чалавекалюбства і «сердие» — сэрца.
Салдаты ў акопах бачылі ў сёстрах сваіх ратавальніц, збавіцельніц, верылі, што яны не пакінуць параненых і бездапаможных воінаў паміраць у самоце пад голым небам, а хуценька перавяжуць, знойдуць гаючыя ў такі цяжкі момант словы суцяшэння і, сцяўшы зубы і сабраўшы ў кулак усе свае кволыя сілы, выцягнуць волакам на сабе ў небяспечнае месца. Ды і просты дотык пяшчотных жаночых пальцаў здольны хоць неяк суняць боль ад раны.
Салдаты маліліся на сясцёр, засланялі сабой, усяляк бераглі, як гэта дазваляў суровы франтавы побыт. Называлі сястрычкамі, дачушкамі, галубкамі. А яшчэ — белымі анёламі. Белымі таму, што насілі сёстры белыя фартухі з чырвоным крыжам на грудзях і пакрывалі свае галовы адмысловымі белымі хусцінкамі.
Летам 1915 года многія газеты надрукавалі лірычны верш гусарскага карнета Уладзіміра Палея:
Сёстры милосердия!
Ангелы земные,
Добрые и кроткие,
грустные немного.
Вы, бальзам пролившие
на сердца больные,
Вы подруги светлые,
данные от Бога.
У сваіх мемуарах славуты генерал Аляксей Брусілаў прызнаў: «Лічу сваім абавязкам засведчыць для гісторыі, што большасць сясцёр міласэрнасці выконвалі сваю справу гераічна і самааддана, і ніякія варожыя бомбы і снарады не маглі спыніць іх цяжкую, што душу раздзірала, працу над акрываўленымі пакутнікамі — нашымі воінамі. Ды і колькі іх саміх было пакалечана і забіта…»

Пецярбуржанка Ніна Афанасава атрымала выхаванне, адпаведнае дваранскаму паходжанню. Захаплялася музыкай, паэзіяй так званага Сярэбранага веку, наведвала модныя сталічныя салоны, дзе збіралася багемная публіка. Калі ж грымнула вайна, у душэўным парыве запісалася на медыцынскія курсы і, скончыўшы іх, адразу падалася на фронт. Там сустрэла сваё першае каханне, якое, аднак, хутка згарэла, пакінуўшы на сэрцы пякучы рубец. Дзяўчына трапіла на фронт дзесьці на Пастаўшчыну якраз на пачатку Нарачанскай наступальнай аперацыі. З яе ўспамінаў: «Жылі мы ў беларускай вёсачцы. Галеча ва ўсім. У хаце земляная падлога. Гаспадыня не распранаючыся спала з дзецьмі на печцы».
Медыцынскі атрад, дзе служыла Ніна, быў мабільным і зваўся лятучым, не пакідаў пярэдні край. «Вельмі запомніўся адзін паранены. Сядзеў з забінтаванай галавой. Павязка прысохла на падбародку, перашкаджаючы яму піць. Ён мяне спыніў: «Сястрыца, перавяжы хутчэй, я чайку вельмі хачу». Мяне ўразіла яго цярпенне. Я дакранулася да яго галавы і скаланулася ад убачанага. Праз адкрыты пералом у чэрапе бруілася тонкім струменьчыкам мазгавое рэчыва. Салдат страціў прытомнасць». І далей: «Тут жа каля лятучкі мы і хавалі памерлых. Клалі ў шырокі роў у некалькі радоў, адзін на аднаго, у шынялях у брацкія безыменныя магілы».
Нарачанская аперацыя стала для рускага войска вельмі ахвярнай: «У нашай падземнай перавязачнай работа кіпела. Параненыя паступалі пешкі і на насілках, няспынным патокам. Мы іх перавязвалі, клалі на пераломы шыны і адпраўлялі ў тыл. А потым неяк нечакана настала цішыня, якая проста аглушала. Надыходзіў Вялікдзень, у тым годзе наша свята супала з нямецкім. Было заключана кароткае перамір’е. Перад намі адкрылася жудаснае поле бітвы. Уся прастора ад нашых да нямецкіх акопаў пакрылася забітымі салдатамі. Яны ляжалі ў самых розных позах, залітыя крывёй, страшэнна пакалечаныя, а то і разарваныя надвое. Усюды глыбокія варонкі, куды мы сцягвалі забітых, наспех прысыпаючы зямлёй. Немцы вылезлі з акопаў і ліхаманкава шчоўкалі фотаапаратамі, здымаючы, вядома, не толькі нас, але і нашы пазіцыі. Дашчэнту знясіленыя і стомленыя, з даўкім болем у грудзях вярнуліся мы да сваіх».
Наколькі моцная ўсё ж жаночая прырода. Сясцёр міласэрнасці лічылі анёламі, але праца іх была сапраўды пякельнай, на мяжы вар’яцтва. Псіхалагічныя выпрабаванні не знікаюць бясследна. Лёс Ніны Афанасавай склаўся драматычна. Падчас Грамадзянскай паваявала на баку белых, адчула прыкрае расчараванне, з’ехала ў эміграцыю. Але доўгага развітання з радзімай не вытрымала і вярнулася ва ўжо Савецкую Расію, дзе яе неўзабаве абвінілі ў шпіянажы на Францыю і чамусьці на Балгарыю. Прысудзілі да расстрэлу. 108 сутак правяла ў камеры смяротнікаў. У адказ на касацыйную заяву адправілі ў Сцяпны лагер у Казахстане. Пасля 1956 года вярнуцца ў родны горад, што стаў Ленінградам, ёй забаранілі. Асталявалася ў Калузе, дзе жылі нешматлікія родзічы. Паспела напісаць даволі змястоўныя ўспаміны, якія выдаў у 2005 годзе яе пляменнік Міхаіл Афанасаў. У памяці яго захавалася яна чалавекам цяжкім, змрочным, няздольным да кампрамісаў. Блізкіх сяброў у яе не было. Душу адкрыла толькі ў сваіх успамінах…
Звестак пра сясцёр міласэрнасці Першай сусветнай захавалася вельмі і вельмі мала. Мінула ўжо больш як 100 гадоў, і ўзнавіць імёны невядомых гераінь даволі складана. З забыцця вярнуліся нямногія…
Сястра міласэрнасці Віцебскай абшчыны Чырвонага Крыжа Ванда Федаровіч, як вынікае з архіўных матэрыялаў, вызначылася падчас ар’ергардных баёў пры адступленні рускага войска з Польшчы, «аказваючы дапамогу параненым, праявіўшы пры гэтым мужнасць і самаахвярнасць».
Настаўніца Пастаўскай школы Аляксандра Герасімава ў ноч з 17 на 18 верасня 1915 года не стала чакаць падыходу перавязачнага пункта і пачала самастойна перавязваць параненых. Яшчэ адна пастаўчанка Соф’я Шчалкан пад моцным артылерыйскім агнём выносіла параненых у бяспечнае месца.
Тры гэтыя жанчыны атрымалі Георгіеўскія медалі 4-й ступені.
…Любоў Канстанцінава нарадзілася ў Віцебску ў 1895 годзе ў сям’і палкоўніка царскай арміі. На Першай сусветнай — медсястра Дваранскага санітарнага эшалона. Даглядаючы хворых салдат, заразілася брушным тыфам і памерла 15 сакавіка 1917 года на чыгуначнай станцыі Магілёў-Падольскі. З усімі воінскімі ўшанаваннямі яе пахавалі на Брацкіх могілках у Маскве.
І вось з гэтай дзяўчынай-пакутніцай адбылася адметная пасмяротная гісторыя.
Брацкія могілкі былі адкрыты 15 лютага 1915 года. Гарадская ўправа выкупіла для іх тэрыторыю панскай сядзібы з векавым ліпавым паркам. Да рэвалюцыі паспелі ўзвесці праваслаўны храм. Выдзелілі ўчастак і для загінуўшых сясцёр міласэрнасці. Першая знайшла тут вечны супакой Вольга Шымшарова, поплеч з якой служыла Ніна Афанасава.
Усяго за гады вайны тут былі пахаваны каля 1750 вайскоўцаў ніжніх чыноў, 51 сястра міласэрнасці, 181 афіцэр.
А потым краіну скалануў Кастрычнік. Героі імперыялістычнай вайны новай уладзе сталі непатрэбнымі. І праз пэўны час пры будаўніцтве сталічнага метрапалітэна амаль усе надмагіллі былі зруйнаваныя, а на месцы храма з’явіўся кінатэатр. А яшчэ пазней пачалі
ўзводзіць жылы квартал паблізу станцыі метро «Сокал».
Так быў па-варварску знішчаны вайсковы некропаль. Добра яшчэ, што вандалы не пасмелі патрывожыць прах пахаваных воінаў. І толькі ўжо ў новай Расіі абураная грамадскасць схамянулася і ўспомніла пра могілкі. Стварэнне фактычна новага мемарыяльнага комплексу пачалося з адзінага ўцалелага надмагільнага помніка Сяргея Шліхтэра. У маі 1915 года ён пайшоў добраахвотнікам у дзеючую армію і, маючы ільготы «вольноопределяющегося», выказаў жаданне служыць у разведцы. У баях пад Баранавічамі ў яго роце выбылі ўсе афіцэры. Тады Сяргей павёў роту ў атаку. Быў кантужаны і асколкам гранаты паранены ў шыю навылёт. Памёр па дарозе ў шпіталь пад Мінскам…
Надмагільны помнік захаваўся цудам. Бацька воіна Аляксандр Рыгоравіч у першым ленінскім Савецкім урадзе быў прызначаны наркамам земляробства. І, паводле легенды, даведаўшыся аб магчымым руйнаванні надмагілля, прыехаў на могілкі, абхапіў рукамі помнік і рашуча заявіў: «Забівайце і мяне разам з сынам».
Менавіта выратаваны помнік паслужыў геадэзічным рэперным пунктам для вызначэння дакладных месцаў больш за 500 магіл іншых воінаў і сясцёр міласэрнасці. Бо захаваўся складзены ў свой час зборнік «Московское городское Братское кладбище».
І аказалася, што праваруч ад Сяргея здабыла свой апошні прытулак Любоў Канстанцінава, а леваруч — Вольга Шымшарова. У 2013 годзе на магіле нашай зямлячкі з’явіўся помнік.
…Як будзеш у Маскве, паважаны чытач, наведай Брацкія могілкі, прайдзіся ў журбе яго алеямі, схілі моўчкі галаву, шануючы памяць загінуўшых на той далёкай ужо вайне салдат, несправядліва і па-дзікунску выкінутых у свой час з гістарычнай памяці народа ў парушэнне ўсіх маральных законаў і канонаў цывілізаванага свету. Прыйшоў іншы час — успамінаць!
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










