Новы поспех Коласаўскага тэатра. “Удовін параход” прывёз Гран-пры ў Віцебск

logo
Вторник, 26.05.2026 17:13 | Рубрика: Культура
0102
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прымаў удзел у X Міжнародным тэатральным фестывалі «Любовь, что движет солнце и светила» ў расійскім горадзе Навашахцінску і атрымаў галоўную ўзнагароду – Гран-пры за спектакль «Кара-ціці-кара» («Удовін параход»).


Таксама драма-асэнсаванне па п’есе І. Грэкавай, П. Лунгіна «Удовін параход» высока ацэнена расійскай публікай і ўзнагароджана прызам глядацкіх сімпатый.

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля – Канстанцін Ганчароў, мастацкі кіраўнік тэатра. Сцэнаграфія і касцюмы – Святланы Макаранка, галоўнага мастака тэатра. Музыка і музычнае афармленне – Міхаіла Рудака. Пераклад п’есы і вершаў на беларускую мову – Алеся Замкоўскага.

У спектаклі прымалі ўдзел: Вікторыя Шамардзіна (Анфіса Громава), Ілля Блыкін (Вадзім Громаў), Ніна Обухава (Вольга Флёрава), Святлана Жукоўская (Капа Гушчына),Вольга Куляшова (Ада Ульская), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна (Панька Зыкава), Міхаіл Асанаў (Фёдар Громаў, муж Анфісы), Валянціна Багданава (Яўлампія Захараўна, загадчыца Дома дзіцяці), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Васіль Сяргеевіч, зампаліт), Вадзім Асвяцінскі (Мікалай, сужыцель Панькі).

Коласаўскі тэатр добра ведаюць на фестывалі ў Навашахцінску. У 2023 год дыпломам «Лепшы акцёрскі дуэт» у спектаклі «Гульня ў джын» Д. Л. Коўбэрна ўзнагароджаны артысты Анжаліка Баркоўская (Фонсія Дорсі) і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Пятро Ламан (Уэлер Марцін), уладальнік медаля Францыска Скарыны.

У 2025 годзе пастаноўка «Дзеці. Вёрсты» ўзнагароджана прызам глядацкіх сімпатый. Раіса Грыбовіч, выканаўца ролі Кабеты, адзначана дыпломам імя народнага артыста СССР М. І. Бушнова «За лепшую жаночую ролю». Спецыяльнымі дыпломамі журы фестывалю «За высокую місію служэння тэатру» ўзнагароджаны Раіса Грыбовіч і ўладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук, выканаўца ролі Станцыйнага наглядчыка.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Аляксандр ЗАМКОЎСКІ, вядучы рэдактар тэатра імя Якуба Коласа. Автор фото: Фота з сайта Навашахцінскага драматычнага тэатр імя народнага артыста СССР М. І. Бушнова.