В Витебской области в Купаловском мемориальном комплексе «Левки» открылась обновленная экспозиция

logo
Пятница, 18.12.2015 12:57 | Рубрика: Культура
02794
В.Чэрнік і А.Ляшковіч пераразаюць сімвалічную чырвоную стужку В.Чэрнік і А.Ляшковіч пераразаюць сімвалічную чырвоную стужку.


Днямі ў Купалаўскім мемарыяльным заказніку «Ляўкі», які знаходзіцца ў Аршанскім раёне, адбылося ўрачыстае адкрыц­цё адноўленай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі з удзелам намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіля Чэрніка, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Ганны Святловай, дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч, вядомых беларускіх пісьменнікаў і літаратараў, прадстаўнікоў Беларускага фонду культуры, дырэктараў музеяў краіны.

Творчасць беларускага песняра Янкі Купалы жыве ў нашых сэрцах. Калісьці паэт закахаўся ў маляўнічыя мясціны Аршаншчыны — вёсачку Ляўкі. Невыпадкова, што тут на тэрыторыі Копыскага лясніц­тва для яго была пабудавана дача, дзе пісьменнік любіў адпачываць з ранняй вясны да позняй восені. Тут нарадзілася нямала вершаў, аб'яднаных у так званы Ляўкоўскі цыкл. У 1945 годзе была прынята ўрадавая пастанова аб заснаванні філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы, а да 80-годдзя з дня нараджэння паэта на будынку канторы Копыскага лясніцтва ўсталявана мемарыяльная дошка. Менавіта ў гэтым аўтэнтычным будынку і размясцілася экспазіцыя, пры­свечаная пісьменніку.

фрагмент адноўленай экспазіцыі Фрагмент адноўленай экспазіцыі.


Акцёры Купалаўскага тэатра падрыхтавалі да ад­крыцця экспазіцыі сапраўднае свята, дзе гучалі вершы і песні на словы Янкі Купалы, а ўсіх гасцей сустракалі гукі гармоніка. На ім граў сын гарманіста Івана Упеніка, якога так любіў слухаць сам Купала, — Аляксей.

Выказваючы словы падзякі супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы за такі шыкоўны падарунак, Васіль Чэрнік зазначыў, што ў культурным жыцці нашай краіны адбылася вялікая і значная падзея. На працягу амаль года ў Ляўках вялася напружаная работа па аднаўленні літаратурна-дакументальнай экспазіцыі, якая з'яўляецца сапраўдным цудам. Дарэчы, цяпер можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў нашай краіне з'явіўся новы культурна-турыстычны аб'ект, які будзе прывабліваць да сябе не толькі прыхільнікаў творчасці першага народнага паэта Беларусі, але і шматлікіх замежных турыстаў.

Новая мультымедыйная экспазіцыя распавядае пра тыя часы, калі Янка Купала бываў у Ляўках. Створана яна на аснове як старых, так і новых краязнаўчых матэрыялаў, гісторый пра людзей, з якімі ён сустракаўся ў гэтых мясцінах. Поўнасцю адноўлены інтэр'ер пакояў былой сядзібы Копыскага лясніцтва. Асаблівае месца ў новай экспазіцыі займае гісторыя Ляўкоў і Копысі. Але самае цікавае, што прываблівае ўсіх наведвальнікаў, гэта стылізаваны пакой былога лясніцтва з мультымедыйным вакном, зазірнуўшы ў якое, можна зрабіць вандроўку ў мінулае. Сярод зялёных дрэў і спеваў птушак па двары задуменна гуляе сам… Янка Купала. Уражваюць таксама ўнікальныя матэрыялы з раскопак Пятроўскага вала, які знаходзіцца ў Копысі, мемарыяльны куток — творчая майстэрня паэта. Завяршаюць экспазіцыю зала, прысвечаная дачы класіка беларускай літаратуры, і запіс яго голаса.

Настасся ТУРОК, Орша. Фота аўтара.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.