З тварагом, журавінамі і на яловай калодзе. Сабралі цікавыя рэцэпты дранікаў ад жыхарак Віцебскага раёна

logo
Пятница, 21.01.2022 12:45 | Рубрика: Социум
01272
Дранікі (драчонікі, дзеруны) — іх не любіць немагчыма! Нездарма яны з’яўляюцца адной з самых папулярных страў беларускай нацыянальнай кухні. Падобныя на нашыя бліны з бульбы гатуюць і ў іншых кухнях (украінскай, польскай, нямецкай, нават амерыканскай), і ў кожнай — свае сакрэты. Такія кулінарныя сакрэты ёсць і на Прыдзвінні.


Сёння прапануем здзейсніць невялікае, але вельмі смачнае падарожжа ў аграгарадок Мазалава Віцебскага раёна і даведацца пра рэцэпты ад мясцовых жыхарак — майстрыц з народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост», актыўных удзельніц шматлікіх мерапрыемстваў з выставай-дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні, дзе галоўнае месца займаюць тыя самыя дранікі.

Гаспадыня Таццяна Гардзіенка сваім фірменным рэцэптам лічыць дранікi з тварагом. Для iх прыгатавання неабходна бульбу надзерці на мелкую тарку, потым адціснуць праз сіта ці марлю. Затым дабавіць крухмал з адціснутага бульбянога соку і тварог любой тлустасці. Прапорцыя бярэцца любая. Далей абявазкова пакласці пару зубкоў часнака і крыху кропу, яйка, соль па смаку. Выпякаць аладкі трэба на сланечнікавым алеі з абодвух бакоў.

На святы ў населеных пунктах Мазалаўскага сельсавета пякуць бульбяныя аладкі на яловай ці сасновай калодзе.

На ёй робяцца чатыры надрэзы для таго, каб у сярэдзіну пакласці смалякі, паперу для распальвання. Пакуль мужчыны распальваюць калоду, гаспадыні замешваюць цеста. Пякуць аладкі на чыгуннай патэльні. Такі рэцэпт прыгатавання ведае жыхарка вёскі Хайсы Святлана Тузікава. 10 бульбін трэба надзерці на мелкай або сярэдняй (сырнай) тарцы. Затым адцiснуць і хуценька дабавіць крыху малака, каб цеста не пацямнела. Далей націраецца тры вялікія цыбуліны на бурачнай тарцы і змешваюцца з бульбай. Абавязкова трэба ўсыпаць у замес дзве сталовыя лыжкі мукі, дабавіць соль і перац па смаку, два зубкі часнака, прапушчаныя праз часночніцу. Можна дабавіць адно яйка. Накладваецца прыгатаваная маса на патэльню дэсертнай лыжкай. Пякуцца бульбяныя аладкі ў вялікай колькасці алею з абодвух бакоў. Падаюцца на стол са смятанай, мачанкай ці зажаркай са шкварак і цыбулі.

Традыцыю вырабу лялькі з дранікаў, якую пераняла ад сваёй бабулі Аляксандры Фёдараўны Нікіфаравай з вёскі Сакольнікі, захоўвае Ала Антаненка. «Бульбяначку» Ала Мікалаеўна гатуе на сямейныя святы, і яна заўсёды займае цэнтральнае месца на стале сярод іншых страў. Для асновы лялькі выкарыстоўваецца драўляны брусочак, каб яна трывала стаяла. Для прыгажосці і рознакаляровасці гаспадыня выпякае разнастайныя па форме і колеру бліны і аладкі. Бульбяное цеста дзеліцца на чатыры роўныя часткі. У першую дабаўляецца сыры цёрты на сярэднюю тарку бурачок, у другую — сырая цёртая морква, у трэцюю — прыправа куркума, у чацвёртую — мелка пакрышаныя кроп і сок шпіната. З прыгатаваных бліноў і аладак збіраецца лялька.

Спадзяюся, што вам было вельмі смачна!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй СТРУНЧАНКА. Фота прадастаўлена Мазалаўскім СДК.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений