Адразу дзве вучаніцы настаўніцы гімназіі № 8 Алены Бажэлка здалі цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове на 100 балаў

logo
Вторник, 05.07.2022 16:53 | Рубрика: Общество
02041

Ангеліна Іванова і Ганна Яснюк разам з яшчэ некалькімі старшакласнікамі займаліся ў профільнай групе. Агульны іх вынік на ЦТ таксама ўражвае – амаль 88 балаў. Некаторым не хапіла літаральна 2-4 балаў да запаветнай сотні. І наогул, вучні Алены Дзмітрыеўны заўжды сярод пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый.

– На факультатыў па беларускай мове я пайшла менавіта з-за настаўніцы. Побач з ёй заўжды цікава, гэта не толькі высокі прафесіянал, але і вельмі адметная асоба, – прызналася Ангеліна.

Дзяўчына з 8-га класа ўдзельнічала ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове, не раз станавілася пераможцам абласнога этапу. Падрыхтоўкай да ЦТ лічыць увесь свой папярэдні досвед, але ж, безумоўна, апошнім часам большы ўхіл рабіла менавіта на рашэнне тэстаў. Такім жа лайфхакам падзялілася і Ганна Яснюк.

– Я спадзявалася на 100 балаў па беларускай мове, бо вельмі шмат працавала, мэтанакіравана выконвала тэсты мінулых гадоў, – прызналася Ганна. – На экзамене вельмі важна не хвалявацца, сабрацца з думкамі, бо можна нарабіць бязглуздых памылак. А гэта вельмі крыўдна.

ЦТ па матэматыцы Ганна здала на 94 балы. Спадзяецца паступіць у БДУ на эканамічны факультэт. Эканамістам-маркетолагам марыць стаць і Ангеліна. Жадаем дзяўчатам поспеху, яны заслужылі яго сваёй нястомнай працай.

– Цэнтралізаванае тэсціраванне – гэта не латарэя. Вам не пашчасціць, калі гэтаму не папярэднічала карпатлівая шматгадовая работа, – упэўнена Алена Бажэлка.

Дзяўчаты, як і ўсе вучні профільнай групы настаўніцы, не карысталіся паслугамі рэпетытараў па беларускай мове.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.