У суботу, 26 верасня, днём адбудзецца прэм’ера казкі-падарожжа «Грузавічок». Гэта гісторыя пра пошукі шчасця, сяброўства і пераадоленне перашкод. Маленькі Грузавічок марыць хутчэй вырасці і стаць такім жа вялікім і моцным, як яго тата. А яшчэ ён вельмі сумуе, бо ў яго няма сяброў. Каб выправіць сітуацыю, герой адправіцца ў вялікае падарожжа. Сапраўдныя цуды сустрэнуць яго ўжо за першым паваротам.
Суботнім вечарам у тэатры «Лялька» збяруцца дарослыя гледачы. Іх чакае спектакль «Мастак. Вяртанне ў Віцебск», прысвечаны Марку Шагалу.

У нядзелю, 27 верасня, на віцебскай сцэне выступяць госці з Санкт-Пецярбурга – тэатр марыянетак «Подо львом». Дзецям пакажуць музыкальную казку на рускай мове «Принцесса на горошине» – арыгінальную версію класічнага сюжету. Спектакль упрыгожыць музыка Э. Грыга, Р. Штрауса и М. Мусаргскага.
Вечар зноў аддадзены праграме для дарослых. Наведвальнікам абяцаюць жывую музыку, а галоўнай падзеяй стане балет марыянетак «Лялечныя сезоны» – таксама ад расійскага тэатра «Подо львом». На стварэнне гэтай пастаноўкі натхніла знакамітая антрэпрыза С. Дзягілева. Гледачоў збіраюцца ўразіць неверагоднай пластыкай марыянетак і іх партрэтным падабенствам да зорак балета Ганны Паўлавай і Вацлава Ніжынскага.
Паўтарыць «Лялечныя сезоны» плануюць і ў панядзелак.
Дарэчы, на асобныя спектаклі білеты ўжо поўнасцю раскупілі.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










