
Трапіць ў атмасферу дзяцінства дазваляе выстава-конкурс "Традыцыйны дзіцячы касцюм і забавы". Яе адкрылі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

У экспазіцыі, якую проста немагчыма разглядаць без замілавання і пяшчоты, – рэканструкцыя традыцыйнага беларускага дзіцячага адзення, галаўных убораў і паясоў. Есць аўтарскія цацкі, вырабленыя з выкарыстаннем традыцыйных матэрыялаў і тэхнік, а таксама мэбля і тэкстыль, што ярка раскрываюць тэму дзяцінства.
Выставу склалi каля 150 экспанатаў. У асноўным гэта конкурсныя работы, створаныя майстрамi Дамоў рамёстваў розных рэгіёнаў нашай вобласці. Іх дапоўнілі цікавыя рэчы з музейных фондаў . Так, з Браслава прывезлі дзіцячую кашулю, пашытую прыблізна 90 год назад! На адкрыцці выставы расказалі, што гэта адзенне для сыноў часта перашывалі з бацькоўскіх рэчаў, таму матэрылу кашулі можа быць і больш за 90. Наведвальнікаў пазнаёмілі з характэрнымі рысамі народнай дзіцячай вопраткі, а таксама прапанавалі стаць удзельнікамі інтэрактыўнай лялечнай казкі.

Выстава будзе працаваць да 23 кастрычніка.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










