Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова адзначыла юбілей

logo
Понедельник, 03.10.2022 16:19 | Рубрика: Культура
01987

Шлях да самай запаветнай мары – трапіць на прафесійную сцэну – быў у яе складаны і пакручасты.

У родным Полацку Таццяну пачалі называць актрысай яшчэ ў дзяцінстве. У 9-м класе яна стала лаўрэатам абласнога конкурсу чытальнікаў, у 10-м – рэспубліканскага. Менавіта ў гэтыя гады ў Наваполацку ствараецца гарадскі маладзёжны тэатр, на чале якога стаў выпускнік Маскоўскага інстытута культуры Барыс Лівін. Чатыры гады яна ездзіла за 20 кіламетраў на рэпетыцыі. Потым былі няўдалыя спробы паступлення ў тэатральныя вну. Двойчы – у маскоўскае Шчукінскае вучылішча, потым – у наш тэатральна-мастацкі інстытут. У Маскве атрымала вялікую душэўную траўму, калі прайшла ўсе тры адборачныя туры, а ў выніку яе паклікаў да сябе мастацкі кіраўнік курса і абвясціў, што вымушаны ёй адмовіць, бо прыгледзеў ужо іншую дзяўчыну такога плану. Пашанцавала толькі ў Віцебску, Коласаўскі тэатр набіраў артыстаў у дапаможны склад, і Таццяна трапляе ў лік шчасліўчыкаў. Яна пачала атрымліваць галоўныя ролі (Эйке ў спектаклі “Свой востраў” Р. Каўгвера і Мажэйка ў камедыі М. Матукоўскага “Амністыя”), але жаданне атрымаць прафесійную адукацыю, прайсці сапраўдную акцёрскую школу не пакідала. На гэта скіроўваў і галоўны рэжысёр тэатра Сямён Казіміроўскі.

Менавіта ў інстытуцкіх сценах гераіня нашага расповеду сустрэла сваё першае каханне, гэта быў таксама будучы артыст-коласавец Генадзь Шкуратаў. Маладых артыстаў запрашалі застацца ў Мінску, але Таццяну пацягнула на радзіму, у свой першы тэатр, які стаў для яе родным на ўсё жыццё. Вярнуўшыся ў Віцебск, актрыса стварае вобраз Ганны ў спектаклі “Сымон-музыка” паводле паэмы Якуба Коласа. Згодна з воляй рэжысёра Валерыя Мазынскага, яна ўвасабляе вобраз-сімвал. Яе гераіня амаль незямная, нейкая ірэальная. Невыпадкова цягам усёй сцэнічнай дзеі Ганна з’яўляецца перад Сымонам як мара аб няспраўджаным шчасці.

За актрысай замацавалася амплуа рамантычнай гераіні. Сюды ж можна дадаць яе Валянціну са спектакля “Летась у Чулімску” па п’есе А. Вампілава – дзяўчыну з моцным унутраным стрыжнем. Галоўны рэжысёр тэатра Валерый Мазынскі казаў на той час, што нямнога знойдзецца такіх актрыс, якія ўмеюць на сцэне па-сапраўднаму кахаць. Ён меў на ўвазе Таццяну Ліхачову. За шчырасцю, праўдзівасцю, непадробнасцю перажыванняў у спалучэнні з рамантычнай узнёсласцю яе гераінь – Ані з “Вішнёвага саду” і Соні з “Дзядзькі Вані” А. Чэхава, Джульеты са славутай трагедыі У. Шэкспіра, Іо ў адной з навел “Рудольфіо” паводле В. Распуціна спектакля “Такое дзіўнае каханне”, Юлькі з “Адпачынку пасля ранення” В. Кандрацьева, Марыны Грачынскай з “Вострава Алены” Я. Шабана, Зінулі з аднайменнай п’есы А. Гельмана – ўзнікала пэўная таямніца, загадка, якую актрыса не спяшалася раскрываць гледачу.

У сталы перыяд сваёй творчасці актрыса пераходзіць да роляў характарных гераінь і стварае шэраг цікавых работ у пастаноўках Юрыя Пахомава: сеньёра Капулеці з трагікамедыі “Чума на вашы дзве сям’і!” і Голда з “Памінальнай малітвы” Р. Горына, Этэр з п’есы “Млын” А. Дударава, Першая апавядальніца з інсцэніроўкі апавяданняў В. Шукшына “Яшчэ раз пра каханне”, Дырэктар каледжа з “Гісторыі кахання” Э. Сігала. У вобразе місіс Сэвідж актрыса выдатна адчувала жанравую асаблівасць пастаноўкі (меладраматычнай камедыі) і разам з тым перадала і ўнутраны стан сваёй хоць крыху і дзіўнаватай гераіні, але з уласцівай ёй вельмі актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Дастаткова стрымана і ўпэўнена будавала лінію сваёй ролі Таццяна Ліхачова ў спектаклі “Дарослыя дзеці” паводле п’есы амерыканскага драматурга Леанарда Герша. Тут яна іграла місіс Бэйкер – маці сляпога хлопца, які сыходзіць ад яе і пачынае незалежнае самастойнае жыццё. Яна цяжка перажывае непаразуменне з сынам і ўсё ж такі спрабуе зразумець яго, хаця той усё больш аддаляецца. Вялікая мацярынская любоў не замінае прыняць складанае рашэнне: пакінуць сына сам-насам у драматычны для яго момант самастойнага жыцця.

Не магу не прыгадаць яшчэ адну ролю актрысы, да якой яна падступалася цягам некалькіх гадоў. Гэта Ефрасіння Полацкая са спектакля “Крыж Ефрасінні” па п’есе І. Масляніцынай. Мабыць, аб вобразе такога магутнага духоўнага маштабу марыць кожная актрыса. Рыхтуючыся да ролі, Таццяна Уладзіміраўна правяла некалькі дзён у родным Полацку, у Свята-Ефрасіннеўскім манастыры. Яна хадзіла на службы, размаўляла з манахінямі, уладыкам Феадосіем. Стварэнне гэтага вобразу – сведчанне высокай ступені духоўнай сталасці актрысы.

Ролі апошняга перыяду творчай дзейнасці актрысы надзвычай разнапланавыя. Гэта і хітравата-падступная Баба Яга з камедыі “Да трэціх пеўняў” В. Шукшына, і зацятая ў сваіх эгаістычных памкненнях старая Мэгі Фолан у кухонным трылеры “Каралева прыгажосці з Лінэна” М. Мак-Донаха, і абмежаваная, але зрэшты добрая і клапатлівая Мара Цвіёвіч з “Доктара філасофіі” Б. Нушыча, і адрынутая ўласным сынам Маці з драмы А. Іванова “Гэта ўсё яна”, шэраг цікавых казачных персанажаў. Гэта не проста розныя характары. Драматургічны матэрыял, рэжысёрская стылістыка спектакляў з удзелам Таццяны Ліхачовай абсалютна адрозныя.

Работы высока адзначаны крытыкай і гледачом. Так, пастаноўка “Гэта ўсё яна” з удзелам Таццяны Уладзіміраўны на VII Міжнародным фестывалі “Арт-окраина” у Санкт-Пецярбургу атрымала Дыплом у намінацыі “Лепшы спектакль”.

Калі ў пару сваёй акцёрскай маладосці Таццяна Уладзіміраўна з поспехам стварала прывабныя вобразы дзяўчат з бескампраміснай жыццёвай пазіцыяй, то ў цяперашнім сталым узросце ўсё больш даводзіцца іграць іх антыподаў. Вось і ў спектаклі “Кошкі-мышкі” па п’есе А. Марданя яна сыграла ролю Тамары. Кампраміс з уласным сумленнем, на які мы ідзем ці дзеля ўласнай выгоды, камфорту альбо кар’еры, заўсёды ў будучым з болем адгукаецца ў нас саміх, тым ці іншым чынам ламае нас. Гераіня Таццяны Ліхачовай здрадзіла свайму каханаму чалавеку, каб ён не стаў перашкодай яе акцёрскай кар’еры, перадала яго сваёй сястры. Але ж сапраўднае пачуццё вельмі няпроста вытруціць з сябе, адмовіцца ад яго. І таму адзін кампраміс пацягнуў за сабой другі, цэлы ланцуг падманаў. І ў фінале Тамара не толькі сама становіцца падманутай жонкай, але і галоўнай віноўніцай самагубства сваёй сястры.

Старая Мэг са спектакля “Каралева прыгажосці з Лінэна” знешне выглядае зусім не сямейным монстрам, не дэспатам, якая бязлітасна трымае на аброці дачку. У выкананні Таццяны Ліхачовай гэта нягучна шаргаючая, як быццам бездапаможная старая, гэткі боскі дзьмухавец, але, як кажуць, “сабе на розуме”, яна хітра і даволі жорстка абараняе звыклы ёй лад жыцця і адносіны з дачкой, якую ўяўляе ледзь не як сваю ўласнасць, правы на якую імкнуцца адабраць. Актрыса пры стварэнні вобраза імкнецца да перадачы знешняй характарнасці, у псіхалагічнай матывацыі паводзін сваёй гераіні яна адштурхоўваецца ад яе празмернай крыўдзівасці, помслівасці. Дакладна праводзіць актрыса сцэну, дзе спальвае ліст Пата Дулі (каханага мужчыны дачкі) да Морын. У гэты момант яна ператвараецца ў нейкае падабенства вядзьмаркі.

У дэтэктыве сямейных адносін “Восем закаханых жанчын” па п’есе Р. Тама Таццяна Ліхачова іграе Габі – маці, жонку і ўвогуле гаспадыню дома, дзе ўчыняецца як быццам забойства гаспадара. Гэта прыгожая, прыемная ва ўсіх адносінах дама. У ёй адчуваецца некаторае перавага перад акружаючымі. Смерць мужа не вельмі яе засмучае, бо дае магчымасць атрымаць маёмасць, свабоду і не хаваць сваіх адносін з іншым мужчынам.

Зусім нечаканай падаецца апошняя па часе работа актрысы – Ліля Канстанцінаўна, памочнік рэжысёра ў інтэрактыўнай камедыі А. Дударава “Пёс Белага вострава”. Нечаканасць падаецца ў тым, што актрысу глядач больш запомніў па ролях драматычнага, паглыблена псіхалагічнага плану. А тут яскравы камедыйны, нават можна сказаць сатырычны, фарсавы вобраз. Праставатасць “сваёй у дошку” старой дзеўкі ўскрывае яе хамства, двурушніцтва, помслівасць, хворае самалюбства. У сваім даволі сталым веку яна марыць сыграць Джульету і застаўшыся сам-на-сам забаўна прамаўляе яе маналог, такім чынам паказваючы сваю ўнутраную пустэчу. Актрыса тут працуе на пераадоленне, узнікае пэўны кантраст паміж асобай, тыпажом самой выканаўцы і гераіняй. І таму асабліва цікава назіраць за яе ігрой.

На сённяшні дзень актрыса знаходзіцца ў росквіце творчых сіл, яна мае багаты прафесійны досвед і жаданне самаадана працаваць. Веру, што наперадзе ў яе яшчэ шмат новых яскравых роляў і цікавых праектаў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, тэатразнаўца.