У тэатры імя Якуба Коласа з юбілейным днём нараджэння павіншавалі вядучага майстра сцэны, уладальніка медаля Францыска Скарыны Юрася Цвірку

logo
Пятница, 30.09.2022 11:15 | Рубрика: Культура
02084

У Віцебску ёсць людзі, якіх пазнаюць на вуліцы, вітаюцца і шчыра дзякуюць за яскравы талент. Адзін з іх – вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка.

27 верасня ён адзначыў свой юбілейны дзень нараджэння: Юрыю Браніслававічу споўнілася пяцьдзясят пяць.

Трыццаць адзін год Юрась Цвірка радуе віцебскіх гледачоў яскравымі, запамінальнымі ролямі, якіх на ягоным рахунку больш за восемдзесят. Святаслаў Мазоль з "Любові па перапісцы", Першы шляхцюк і пан Бараноўскі з "Несцеркі", Галахвасты са спекакля "За двума зайцамі", Ласкін з "Пазычанага шчасця", Гаспадар з "Жартаў", незабыўны Жывата Цвіёвіч з "Доктара філасофіі", Сцяпан з пастаноўкі "Што баліць?", шэкспіраўскія Макбет і айцец Ларэнса, шматлікія яскравыя работы ў дзіцячых спектаклях...

Да кожнай сваёй ролі Юрась Цвірка ставіцца адказна і аддана, шукаючы запамінальныя рысы, цікавыя фарбы, што вылучае яго ў коласаўскай трупе.

Вядомы камедыйнымі ролямі, Юрась Цвірка не парушыў традыцыю і ў дзень нараджэння ў чарговы раз парадаваў залу вобразам Сондэрса ў камедыі "Шукаем тэнара!" па п’есе К.Людвіга. Гледачы смяяліся і перажывалі, назіраючы за тым, як жа дасведчаны менеджар, хітрун і прайдзісвет, дырэктар Кліўленд Гранд Апера выкруціцца са складанай сітуацыі. Юрась Цвірка зноў пацвердзіў, што камедыя – яго стыхія. І на паклоне зала вітала артыста гучнымі апладысментамі, захапляльнымі крыкамі "Брава!" і, вядома, кветкамі.

Пасля заканчэння спектакля адбылася ўрачыстая віншавальная частка. Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі адзначыў, што Юрый Цвірка выдатна працуе не толькі на сцэне тэатра, але і на многіх абласных канцэртах і імпрэзах.

"Калі ў канцэрце ўдзельнічае Юрый Браніслававіч, то гэты канцэрт будзе мець поспех", – падкрэсліў Пётр Мікалаевіч і ўзнагародзіў яго Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама.

Имянінніка віншавалі старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, начальнік аддзела культуры гарвыканкама Наталля Шыянок. Яны зычылі яму моцнага здароўя, творчага пошуку, бо для артыста 55 – толькі лічба на шляху станаўлення. Аб’яўленая Падзяка старшыні Віцебскага гарвыканкама стала яшчэ адным пацверджаннем высокага прафесіяналізму і творчых поспехаў артыста.

Ад імя абласной прафсаюзнай арганізацыі віншавалі старшыня прафкама тэатра Кацярына Мураўёва і член прафкама, вядучы майстар сцэны Анжаліка Баркоўская. Пры поўнай залі Анжаліка Купрыянаўна як лэдзі Макбет шчыра прызналася: "Мой герой!". Юрасю Цвірку ўручана Ганаровая грамата абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

"Творчага неспакою, творчага гарэння! Каб вы заўжды ішлі з хваляваннем і радасцю ў тэатр!" – зычыла дырэктар Нацыянальнага тэатра Юлія Харкевіч. І ўпэўнена выказалася, што пры такім сур’ёзным спісе роляў лепшыя для Юрася Цвіркі яшчэ наперадзе. У працяг рэжысёр-пастаноўшчык тэатра Андрэй Жыгур пажадаў, каб увасабленне новых вобразаў выклікала і ў артыста, і ў гледачоў добрыя эмоцыі і цеплыню.

Які ж тэатр без творчых віншаванняў! Заўсёдныя госці, артысты заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага тэатра "Лялька" нараклі Юрася Цвірку ганаровым рыцарам мастацтва і аддалі яму ў апеку сэрцы гледачоў у слаўным месцы Віцебскім, цэлай Беларусі і на ўсіх кантынентах, якія пашанцуе пабачыць. Малады артыст-коласавец Антон Бараноўскі зрабіў пародыю на Жывату Цвіёвіча, вядомага героя старэйшага калегі ў спектаклі "Доктар філасофіі". А вядучыя майстры сцэны Святлана Жукоўская і Наталля Аладка выйшлі ў вобразах графінь Вішняў, каб у песні прызнацца імянінніку: "Ты ў нас адзін, быццам уначы Аладзін, быццам прыйшла вясна доўгачаканая".


Расчулены цёплымі словамі і прызнаннямі, у фінальнай прамове Юрась Цвірка прызнаўся, што па дарадзе сваёй маці вывучыўся на агранома ў Горацкай акадэміі, але жаданне быць артыстам, якое было з дзяцінства, не знікала ніколі. "Я артыстам стаў, – ад усяго сэрца казаў Юрась Браніслававіч. – І зараз я ведаю, што гэта мой горад, што гэта мой любімы глядач, які прыходзіць на нашыя спектаклі... Я вас люблю! Колькі буду жыць – буду працаваць!"

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь ЗАМКОЎСКІ, вядучы рэдактар НАДТ імя Якуба Коласа. Фота Алісіі ПАХОМАВАЙ.