У Віцебскай абласной бібліятэцы адкрылася выстава дзіцячых малюнкаў, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

logo
Пятница, 04.12.2020 16:09 | Рубрика: Культура
03588

У аддзеле дзіцячай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі адкрылася выстава па выніках конкурсу дзіцячых малюнкаў «Дзе маці нарадзіла, там і радзіма», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Ініцыятар – аддзел па адукацыі Першамайскага раёна пры падтрымцы бібліятэкі і ўстаноў адукацыі.

Тры гады запар выстава-конкурс збліжае прыхільнікаў роднага слова і выяўленчага мастацтва, бо з дапамогай фарбаў лепей за ўсё перадаць захапленне прачытаным творам. Па ўмовах конкурсу пераможцы былі вызначаны ў трох намінацыях: «Казачная краіна Уладзіміра Караткевіча», «Дзе мой край?..», «Гістарычнае мінулае народа». На выставе прадстаўлена 46 работ юных мастакоў і знаўцаў беларускай літаратуры – вучняў 1–11-х класаў устаноў адукацыі Першамайскага раёна Віцебска.

– Няма лепшага падарунка для пісьменніка, чым калі хто-небудзь прачытае яго творы. Вы зрабілі значна больш: не толькі прачыталі, але і пражылі, прапусцілі праз душу падзеі і вобразы яго казак, вершаў, раманаў, адлюстравалі з дапамогай пэндзля і фарбаў свет Караткевіча. Вынікам з’явілася гэта цудоўная выстава, – адзначыла метадыст навучальна-метадычнага кабінета Першамайскага раёна Марына Полагава.

Пабачыць выставу можна да 18 снежня.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юлія ДАЛГАНАВА, загадчык аддзела дзіцячай літаратуры Віцебскай абласной бліятэкі. Фота Таццяны ЛУЗАН.