З сівой мінуўшчыны
Як сведчаць гісторыкі, першыя пабудовы на месцы сучаснай вуліцы ўзніклі яшчэ ў ХVI стагоддзі. Тут пераважна сяліліся рамеснікі. Слынны віцебскі краязнаўца Мікалай Нікіфароўскі згадваў, з якімі праблемамі даводзілася сутыкацца жыхарам гэтага раёна, каб трапіць у цэнтр горада. Калі зімой гэта было няцяжка з-за трывалага лёду на Дзвіне, дык у астатні час года даводзілася карыстацца альбо часовым мастом у раёне Успенскай горкі, альбо паслугамі перавозчыкаў-лодачнікаў. Усе гэтыя нязручнасці былі вырашаны, калі праз горад пралягла чыгунка і да вакзала, які знаходзіўся на тым жа месцы, што і зараз, быў пракладзены трывалы шлях з каменным мастом, фрагмент з апоры якога і зараз можна назіраць на ўсходнім беразе ракі.
У пачатку ХІХ стагоддзя на Ніжне-Пятроўскай вуліцы размяшчаліся лютэранская кірха (былы каталіцкі касцёл кляштара піяраў) і Петрапаўлаўская царква. Неўзабаве пасля рэвалюцыі вуліца была названа ў гонар аднаго са старэйшых саратнікаў Леніна Льва Каменева, а ў 1927 годзе займела сваю цяперашнюю назву.
Ад духоўнага да свецкага
Многія гараджане і госці горада любяць адпачыць у рэстаране «Губернскі тракцір», асаблівы каларыт якому надаюць нізкія столі з арачнымі зводамі. У даўнейшыя часы гэта быў дом аптэкара Густава Гаўтара, які потым быў набыты для Віцебскага мужчынскага духоўнага вучылішча (як аднаўленне гістарычнай справядлівасці побач зараз месціцца храм святога пакутніка Лонгіна Сотніка). З 1892 года тут ужо была абшчына сясцёр міласэрнасці. А пасля рэвалюцыі ажно да канца 1980-х у будынку размяшчалася 1-я гарадская бальніца імя М. І. Калініна.
Безбар'ерная магістраль
Частка Камсамольскай ад вуліцы Кірава да вуліцы Красіна з мінулага года набыла ярка выражанае сацыяльнае адценне. Справа ў тым, што тут ужо не адно дзесяцігоддзе знаходзіцца прадпрыемства для людзей, якія маюць праблемы са зрокам, і яны тут кампактна пражываюць.
Праведзены ў 2019-м рамонт, калі была пакладзена такцільная плітка і ўсталяваны спецыяльныя поручні, дазволіў гэтай катэгорыі грамадзян адчуваць сябе больш камфортна. Да таго ж летась з дапамогай кампаніі «Фольксваген» быў рэалізаваны праект «Крокі на гукі», калі на шляху былі ўсталяваны спецыяльныя маячкі, якія дапамагаюць невідушчаму чалавеку з дапамогай смартфона больш зручна арыентавацца ў прасторы.
Ад валёнак да свяцілень
Ля прадпрыемства «Элект» ГА «БелТІЗ», дзе пераважна працуюць інваліды па зроку, нядаўна ўсталяваны… волат-валёнак. Гэта падзея дала нагоду пакпіць мясцовым хатнім сатырыкам. Але не ўсё так проста. Справа ў тым, што менавіта гэты від зімовага абутку даў магчымасць зарабіць людзям з адсутнасцю зроку. Віцебскія валёнкі на ўра разыходзіліся па ўсёй прасторы былога Савецкага Саюза.
Сёння зімы сталі зусім не тыя, і гэты від абутку выглядаў бы на гарадскіх вуліцах аж занадта экзатычна. У наш час «Элект» — вядучы вытворца свяцілень і электраўстановачных вырабаў, хаця выпускае і аконныя рамы, і туалетную паперу, і іншую прадукцыю.
Пачаўшы сваю гісторыю ў 1931 годзе з невялічкай арцелі, сёння прадпрыемства пераўтварылася ў высокатэхналагічную вытворчасць, і яе вырабы максімальна адаптаваныя да патрабаванняў спажыўцоў. Прадукцыя цудоўна зарэкамендавала сябе сярод будаўнічых, мантажных, гандлёвых устаноў і простых пакупнікоў дзякуючы сваёй надзейнасці, эфектыўнасці і высокай якасці, што пацвярджаецца адпаведнымі сертыфікатамі Мытнага саюзу. Яе можна набыць у многіх кутках не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны, Казахстана і іншых краін блізкага і далёкага замежжа. «Элект» неаднаразова заносілі на Дошку гонару Чыгуначнага раёна Віцебска. «Чалавекам года Віцебшчыны» станавіліся дырэктар прадпрыемства Сяргей Пілатаў і начальнік зборачнага цэха Любоў Пятрова. «Элект» — адзін з лідараў сярод прадпрыемстваў сістэмы Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Далёка за межамі нашага горада вядомы і яго калектывы мастацкай самадзейнасці.
У добры шлях!
Калі блукаеш па вуліцы Камсамольскай, міжволі запаволіш крок ля будынка з трыма сцягамі побач. Гэта акцыянернае таварыства «Віцебскаблаўтатранс». Аўтобусы створанага ў 1930 годзе прадпрыемства абслугоўвалі адзіны тады гарадскі пасажырскі маршрут «Плошча Свабоды — Маркаўшчына» і шэраг прыгарадных. Пасля вайны транспартнае абслугоўванне здзяйснялася на грузавых аўтамабілях і трафейных аўтобусах. Сёння ААТ «Віцебскаблаўтатранс» з'яўляецца адным з буйнейшых аўтатранспартных прадпрыемстваў Беларусі, якое выконвае пасажырскія і ўсе віды грузавых перавозак як у межах Беларусі, так і міжнародныя.
Крыніца ведаў
Адной з самых вядомых навучальных устаноў абласнога цэнтра з'яўляецца гімназія № 2. Яна створана на базе сярэдняй школы № 9, якая вядзе сваю гісторыю з 1918 года. Тут ёсць магчымасць вывучэння сямі замежных моў: англійскай, кітайскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай і шведскай. Штогод практычна 100 працэнтаў выпускнікоў паступаюць у вядучыя навучальныя ўстановы Беларусі і замежжа. Гімназія рэгулярна заносіцца на дошкі гонару рэспубліканскага, абласнога, гарадскога і раённага ўзроўняў. Сярод апошніх перамог — бронзавыя медалі 11-класнікаў Мікалая Юдзіна, Віктара Макоўскага і Андрэя Далецкага на XVI Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы і праграмаванню ў Казахстане.
Нельга пакінуць па-за ўвагай і дзіцячы яслі-сад № 53 на вуліцы Камсамольскай, дзе свае першыя ўніверсітэты прайшло не адно пакаленне задзвінскіх маленькіх жыхароў.
За кефірам і «спасибо»
Безумоўна, адным з самых вядомых віцебскіх брэндаў з'яўляецца ААТ «Веста», офіс якога таксама знаходзіцца ў гістарычным будынку на вуліцы Камсамольскай. Гэта адна з самых вядомых кампаній рознічнага гандлю харчовымі і прамысловымі таварамі ў нашай краіне. У сетцы дзейнічае прынцып самаабслугоўвання. Нязменным дырэктарам «Весты» з 1986 года (!) з'яўляецца Рэйман Веніямінаў. Зараз нікога не здзівіш ветлівымі адносінамі прадаўцоў да пакупнікоў.
Мяне ж, чыё дзяцінства прыпала на савецкія часы, калі чалавек за прылаўкам звычайна з пагардай пазіраў на тых, хто знаходзіўся з іншага боку «бар'ера», проста шакіравала, калі ў адзін цудоўны момант вестаўскія прадаўцы сталі казаць «спасибо» за пакупкі. І хай даруюць мне прадстаўнікі іншых гандлёвых сетак, але я да гэтага часу захоўваю вернасць «Весце». Да таго ж у маім раёне яе крамы проста дамінуюць сярод іншых.
«Идите в баню!»
Шчыра кажучы, я не аматар хадзіць у грамадскія лазні. Але сярод маіх добрых знаёмцаў хапае тых, хто з нецярплівасцю чакае выхадных, каб з першымі промнямі сонца выцягнуць загадзя прыгатаваны венік і пашпацыраваць у бок любімай установы, дзе можна пазбавіцца ад накопленага за тыдзень стрэсу. І многія з незразумелых мне прычын абіраюць менавіта лазню № 1 унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблводаканал» на вуліцы Камсамольскай. Кажуць, што і пар тут асаблівы, і кантынгент наведвальнікаў пастаянны, і абслугоўванне на вышэйшым узроўні, і нават бабулькі, якія побач гандлююць венікамі, маюць свой, задзвінскі, каларыт.
Не расстануся з камсамолам!
Адзін мой невідушчы знаёмы, ураджэнец Львоўшчыны Васіль Алексів, калі прыехаў у Віцебск, ля вакзала запытаў у таксіста, дзе, маўляў, у вас ёсць прадпрыемствы для інвалідаў па зроку. Той адказаў, што на вуліцах Карла Маркса і Камсамольскай. Сябра з гумарам прызнаецца, што «моладзевая» назва яму здалася нейкай «несур'ёзнай», і абраў вытворчасць на магістралі роданачальніка камунізму. Сёння ж ён прызнаны работнік «Электа», чые фотаздымкі перыядычна ўпрыгожваюць Дошку гонару прадпрыемства.
Па ўсім відаць, што назва не зусім адпавядае ўнутранаму і вонкаваму зместу вуліцы, дзе хапае будынкаў мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў: у адным з іх насупраць гімназіі № 2 пасля рэстаўрацыі неўзабаве будзе адчынены гатэль. Але давайце яшчэ раз усцешымся нагодзе прыгадаць свае маладыя гады, калі і дрэвы былі зелянейшыя, і зімы «зімнейшыя», і так хацелася адшукаць падземны ход, па якім можна было б ад тады яшчэ руінаў Дабравешчанскай царквы пад Дзвіной трапіць акурат на вуліцу Камсамольскую.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.