Імёны ўладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі назвалі ў Касцюковічах на XXXIII Дні беларускага пісьменства. Пераможцай у намінацыі «Лепшы твор, зборнік твораў паэзіі» стала віцебская паэтэса, літаратуразнаўца Вольга Русілка — аўтар кнігі «Котра».

Вольга Русілка амаль 40 гадоў вяла курс методыкі выкладання беларускай літаратуры ў ВДУ імя П. М. Машэрава, звыш 20 гадоў з’яўлялася загадчыкам кафедры беларускай літаратуры.
— Усё жыццё я аддавала літаратуры, яе выкладанню, даследаванню, стварэнню. Вынікам гэтага стала кніжка «Котра». Для многіх яе назва загадкавая. «Што такое Котра?» — пытаюцца ў мяне. Котра — рэчка на маёй радзіме ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці і метафарычны вобраз — рака майго жыцця. Калі зацікавіла арыгінальная назва — гэта стымул раскрыць кнігу, прачытаць яе. Асноўная тэма, якая ў ёй гучыць, любоў да сваёй Радзімы. Для мяне бацькоўскі дом, месца, дзе нарадзілася, і ўся наша краіна — непадзельнае, суцэльнае, тое, што існуе адно ў адным і адно без другога існаваць не можа. Я хачу, каб тое ж самае адчулі і чытачы: аднолькава любілі і бацькоўскі парог, і краявіды каля яго, і ўсе абшары Радзімы, — гаворыць Вольга Русілка.
— Мая бабуля называла котрай любую рэчку, якую бачыла. Калі я трапіла ў Віцебск на працу, бабуля пыталася: «А котра ў вас там ёсць?» Я адказвала: «Ёсць, вялікая такая, Заходняй Дзвіной называецца». І я разумела бабулю, мудрасць, якую яна несла і перадавала мне. Для яе найважнейшым было сваё, ёй гэтага было дастаткова.

Вялікае шчасце, калі чалавеку хапае свайго, роднага, калі ён знайшоў гэта на прасторах краіны, і ў працы, і ў каханні. Тады чалавек жыве ў гармоніі і становіцца самадастатковым. Тады не трэба шукаць іншага месца жыцця, мяняць мноства прафесій і закаханасцяў. У гэтым сутнасць кніжкі.
Туды ўвайшлі і вершы, і лірычная гумарыстычная проза. Мае творы нясуць радасць жыцця, стымулююць да дзейнасці, да суладдзя з самім сабой і іншымі. Вольга Русілка падкрэслівае: для яе вельмі важна, што яе працу высока ацэньваюць і калегі, і афіцыйныя ўлады, яна адчувае сябе на ўздыме і мае стымул працаваць далей на карысць Радзімы і беларускай літаратуры. Задумак мноства. Цяпер на першы план выйшла даследчая дзейнасць, якая патрабуе шмат часу. Калі вершы нараджаюцца самі, на адным дыханні, то рэцэнзіі на літаратурныя творы яна піша паступова.
— У верасні ў часопісе «Нёман» з’явіцца мая рэцэнзія на кнігу сучаснага беларускага празаіка, вельмі цікавага сваёй творчасцю, — Алега Ждана-Пушкіна. Рыхтую артыкул пра сучаснага паэта, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2024 года Уладзіміра Мазго, майго даўняга сябра па пяру. Мы пазнаёміліся ў школьныя гады на творчым конкурсе, і я рада, што кожны знайшоў сваю сцяжыну ў літаратуры, — адзначыла Вольга Русілка.
Яна працуе над пытаннем выкарыстання штучнага інтэлекту ў школе, каб сучасныя тэхналогіі прымяняліся і пры гэтым не знізіўся інтэлектуальны ўзровень вучняў. Назапашвае матэрыял для выдання метадычнай літаратуры па гэтай тэме.
Адна з асноўных кніг у жыцці Вольгі Русілкі — падручнік «Беларуская літаратура. 8 клас», сааўтарам якога яна з’яўляецца. Па гэтай кнізе вучні займаюцца з 1995 года і па сённяшні дзень.
— Вельмі любімае і дарагое майму сэрцу — праца ў Беларускім тэатры «Лялька», я рэпетытар па тэхніцы маўлення, сачу за тым, каб лялькі на сцэне гаварылі на прыгожай беларускай мове, каб ад іх чыстаму вымаўленню гукаў вучыліся маленькія гледачы, перакладаю п’есы для пастаноўкі. Шчыра запрашаю на спектаклі! Любімая справа дае мне сілы і энергію. Я вельмі ўдзячна калектыву тэатра, які мяне падтрымаў у няпросты для мяне час, — расказвае Вольга Іванаўна.

— Увогуле ўдзячна людзям, якія сустракаюцца ў маім жыцці, — гэта калегі з Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, яго старшыня Тамара Краснова-Гусачэнка, настаўнікі сярэдняй школы № 25 Віцебска, дзе я пачынала сваю педагагічную дзейнасць, выкладчыкі і былыя студэнты ВДУ імя П. М. Машэрава, з якімі мы падтрымліваем адносіны.
Віншаваннямі ад іх з нагоды ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі запоўнены чат Вольгі Русілкі, і гэта ёй вельмі прыемна.
Дзень беларускага пісьменства, як заўжды, атрымаўся яркім, насычаным святам друкаванага слова. Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук адзначыў, што Дзень беларускага пісьменства дапамагае беларусам памятаць, дзе наша сапраўднае месца на гэтым свеце, запрасіў чытаць беларускіх аўтараў і пажадаў атрымліваць задавальненне ад добрых твораў. А старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч параўнаў Дзень беларускага пісьменства з мастом, які паказвае ўвагу дзяржавы да друкаванага слова. У 2027 годзе свята прыме Маладзечна.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










