Імя гэтага чалавека на Віцебшчыне добра вядома. Наш зямляк, журналіст і паэт Алег Салтук працаваў у некалькіх выданнях вобласці, у тым ліку ў абласной газеце “Віцебскі рабочы”, з’яўляўся лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Віцебскага аблвыканкама, гарадской прэміі “Сузор’е муз”, быў ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і, дарэчы, пэўны час узначальваў абласную арганізацыю Саюза. Ганарыўся тым, што падчас яго кіраўніцтва пасля працяглага перапынку ўдалося аднавіць выпуск альманаха “Дзвіна. Віцебшчына літаратурная”.

Аб усім гэтым і не толькі ішла размова на вечарыне ў абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна “Як зацвітуць у лесе верасы…”, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Алега Салтука і арганізаванай супрацоўнікамі ўстановы. Успамінамі пра паэта дзяліліся старшыня абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, паэт Мікалай Намеснікаў, дырэктар Шумілінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Маргарыта Скуратава і іншыя ўдзельнікі сустрэчы.

Васьмікласнікі гімназіі № 7 імя П. Я. Кандраценкі Ніка Міклашэўская, Дамір Ціхаміраў і Данііл Гарошка прысутнічалі на вечары разам з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Галінай Мароз, якая супрацоўнічае з абласной бібліятэкай і стараецца прывіць дзецям любоў да роднай мовы. Гімназісты добра ведаюць імя Алега Салтука і знаёмыя з яго творчасцю, што адчувалася па тым, як шчыра і пранікнёна прачыталі яго вершы. А падабаюцца яны ім адметным стылем, мілагучнасцю і сэнсам.
Алег Салтук вельмі даражыў сваімі каранямі, бацькамі, якіх назваў у адным з вершаў “гаротнымі дзецьмі нястачы”. Часта паўтараў, што ў яго две маленькія радзімы – Шуміліншчына і Ушаччына, на паэтычны лад – дзве крывінкі роднай да скону Беларусі. Уменне валодаць словам, прыгажосць вобразаў і шчырасць пачуццяў – вось тое, чым да гэтага часу прывабліваюць вершы земляка.

Ужо адзінаццаць гадоў няма з намі Алега Салтука, але, як паказала вечарына, ён не забыты, яго паэтычная спадчына запатрабавана. Ён сказаў сваё трапяткое слова ў паэзіі, і гэтае слова засталося, хочацца спадзявацца, назаўсёды.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










