Калекцыя дранікаў - найкаштоўнейшы скарб. Як на Шуміліншчыне "піяраць" нацыянальную кухню

logo
Понедельник, 14.03.2022 09:32 | Рубрика: Общество
0901
Што вам прыходзіць у галаву, калі гаворка ідзе пра беларускую нацыянальную кухню? Вядома, дранікі! Нашы продкі заўжды прад’яўлялі да ежы самыя лагічныя патрабаванні: яна павінна быць сытнай, смачнай і проста гатавацца. І ў нас няма ніякай нагоды адмаўляцца ад гэтых прынцыпаў. У Доме рамёстваў Шумілінскага раёна ўжо 25 год паспяхова працуе народны клуб аматараў нацыянальнай беларускай кухні «Разынка». Яго ўдзельнікі вывучаюць ежу як этнакультурную з’яву, якая адлюстроўвае нацыянальныя традыцыі, уклад жыцця нашых продкаў, этыкет і іншыя асаблівасці. Яны ўпэўнены, што народная кухня — гэта нацыянальны здабытак, які важна захоўваць і папулярызаваць.


— Шуміліншчына заўжды была сельскагаспадарчым рэгіёнам. Нашы продкі вырошчвалі зерневыя культуры, бульбу, гародніну, з якіх гатавалі паўсядзённыя і святочныя істравы. І ў кожнай сям’і на стале абавязкова былі стравы з дранай бульбы: дранікі, клёцкі, піражкі, бабка і іншыя, — расказвае дырэктар Дома рамёстваў кіраўнік клуба Анжэла Сяргеева.

Паколькі дранікі застаюцца самай папулярнай і любімай стравай сучаснікаў, шумілінскія майстры вырашылі занатаваць для нашчадкаў мясцовыя рэцэпты. Яны выязджалі ў экспедыцыі па раёне, старанна запісвалі інгрэдыенты, прапорцыі і спосабы прыгатавання ад розных гаспадынь. Зрабілі вывад пра тое, што хоць дадзеная страва мае аўтэнтычны смак і выгляд, але ў кожнай жанчыны ёсць свой любімы рэцэпт і сакрэты, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Да прыкладу, у сям’і Ганны Лузгіной з вёскі Дубрава гатавалі «гобікі». Для здрабнення бульбы выкарыстоўвалі «бурачную» тарку, а пасля вайны прыстасавалі для гэтай справы мясарубку. Дзякуючы такому спосабу дранікі атрымліваюцца «лёгкімі» і набываюць асаблівы смак. На кілаграм бульбы спатрэбяцца 2 буйныя цыбуліны, 0,5 кілаграма свінога фаршу, 2 яйкі, 3 сталовыя лыжкі мукі, соль і перац. Інгрэдыенты трэба здрабніць, з атрыманага цеста вылепіць катлеты і абсмажыць іх на свіным тлушчы. Затым «гобікі» варта скласці ў кацёл, дадаць крыху кіпеню і адправіць у печ на гадзіну. А падаваць гарачымі са смятанай.
Наталля Сцержанкова з Шуміліна гатуе па матуліным рэцэпце арыгінальныя піражкі. Для гэтай смакаты бярэ кілаграм бульбы, 2–3 сталовыя лыжкі мукі, 1 яйка, 1–2 сталовыя лыжкі смятаны, 300 грамаў свінога фаршу, жменьку сушаных грыбоў, зубок часнаку, соль і перац. Цёртую на дробнай тарцы разам з часнаком бульбу гаспадыня крыху адціскае, дадае смятану (каб цеста не пацямнела), яйка, соль і муку. Добра перамешвае.

Для начынкі загадзя замочаныя сухія грыбы прапускае праз мясарубку, перамешвае з фаршам, соллю, перцам, дадае крыху вады.

Затым фармуе піражкі з начынкай, абсмажвае іх на вялікім агні і даводзіць да гатоўнасці ў чыгунным посудзе ў печы, дадаўшы крыху смятаны і лаўровы ліст.

— Гаспадыні гатавалі дранікі з мукой і без яе, адны клалі ў цеста цыбулю, іншыя — часнок. Начынне рабілі з мяса, грыбоў, абсмажаных у сметанковым масле цыбулі і морквы, — расказвае майстар Вольга Загвоздава. — Здрабнялі бульбу на буйной ці дробнай тарцы, мясарубцы. У фондах Дома рамёстваў захоўваецца і традыцыйны для Шумілінскага раёна камплект для здрабнення мяса ці гародніны — невялікія начоўкі і паўкруглы сякач. Да простых дранікаў звычайна падавалі падсоленую смятану з тварагом ці смажанае з цыбуляй сала.

У Доме рамёстваў упэўнены, што іх калекцыя дранікаў — найкаштоўнейшы скарб. Тут імкнуцца дзяліцца рэцэптамі, ладзіць майстар-класы, дэгустацыі — усяляк «піярыць» свой родны дранік. Бо заслужыў.

Шумілінскія аматары беларускай нацыянальнай кухні такім чынам уносяць свой неацэнны ўклад у захаванне нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебшчыны.

Нам выпала пачаставацца смачнымі блінамі з бульбы падчас масленічных гулянняў у Шуміліне. Вольга Загвоздава пякла іх, як даўней, на яловай калодзе. Смачныя, сытныя, з дымком — проста язык праглынеш. Усялякія брускеты з авакада ні ў якое параўнанне не ідуць. Будзеце на Шуміліншчыне — заходзьце на дранікі!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.