Прыкладна з пачатку 1960-х гадоў у Коласаўскі тэатр прыходзілі маладыя артысты, якія пазней будуць вызначаць яго творчае аблічча. Хтосьці з іх закончыў студыю пры тэатры, якая працавала ў 1962–1964 гадах (Людміла Заграбельная, Галіна Каралькова, Людміла Пісарава), але большую частку кадраў рыхтаваў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Сярод яго выпускнікоў таго часу можна назваць Галіну Маркіну, Уладзіміра Куляшова, Баляслава Сяўко, Мікалая Цішачкіна, Георгія Дубава, Тамару Шашкіну, Ніну Левашову, Зінаіду Гурбо, Святлану Акружную, Пятра Ламана і Вячаслава Грушова. У канцы 1960-х з дапаможнага складу трапілі ў асноўную трупу Яўген Шыпіла і Леанід Трушко.
Разам з тым у 1967 годзе скончыўся жыццёвы і творчы шлях Аляксандра Ільінскага, сышлі ў 1970-я гады з тэатра Мікалай Звездачотаў, Алена Радзялоўская, Яніна Глебаўская. Свае апошнія ролі сыгралі на пачатку 1980-х Анатоль Трус і Анатоль Шэлег. Такім чынам, можна сцвярджаць, што менавіта ў гэты час праходзіць змена пакаленняў.


Калі казаць пра рэжысёрскія кадры, то ў 1960-я гады адбываецца частая іх змена. І толькі з 1967 года на гэтым участку назіраецца стабільнасць, калі тэатр узначаліў Сямён Казіміроўскі, у далейшым — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ён працаваў галоўным рэжысёрам да 1976 года. Іншым разам можна пачуць, што гэты перыяд быў залатым векам Коласаўскага тэатра. Сапраўды, узровень спектакляў, пастаўленых падчас яго кіравання, і сёння ўражвае: «Марыя Сцюарт» Ф. Шылера, дзе раскрыўся магутны талент Галіны Маркінай у галоўнай ролі, «Зацюканы апостал» (з выдатнымі Баляславам Сяўко і Святланай Акружной, Мікалаем Цішачкіным і Галінай Маркінай), «Трыбунал» (з незабыўнымі Іосіфам Матусевічам і Зінаідай Канапелькай), «Таблетку пад язык» А. Макаёнка (з Фёдарам Шмакавым і Іосіфам Матусевічам), «Слуга двух гаспадароў» (дзе ўпершыню па-сапраўднаму заблішчэў талент Тадэвуша Кокштыса ў ролі Труфальдзіна), «Улада цемры» Л. Талстога (у пастаноўцы быў цэлы ансамбль артыстаў-зорак; першую сваю ролю сыграў Леанід Трушко), «Клоп» У. Маякоўскага (з Фёдарам Шмакавым, Зінаідай Канапелькай і Галінай Маркінай), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (з Георгіем Дубавым і Тадэвушам Кокштысам).
Спынімся асобна на некаторых выдатных артыстах, якія прыйшлі ў Коласаўскі ў 1960-я гады.

Галіна Маркіна
Адна з першых яе роляў — Яўгенія з драмы І. Шамякіна «Выгнанне блудніцы», драпежная жанчына, мяшчанка, якая выкарыстоўвае мужчын для дасягнення кар’ерысцкіх мэт. Ужо тут спатрэбілася здольнасць актрысы ствараць валявы характар. Гэта пацвердзілі і наступныя яе работы.
Спектакль «Улада цемры», пастаўлены Барысам Эрыным па п’есе Л. Талстога, стаў этапным і для многіх вядучых артыстаў-коласаўцаў, і для тэатра ў цэлым. Галіна Маркіна выконвала ролю Аніссі. Яе гераіня шчыра прагнула шчасця. Аднак сродкі, якія яна выбрала для дасягнення мэты, — антычалавечныя. Спазнаўшы жах злачынства, жанчына так нічога і не здолела змяніць у сваім жыцці. Здаецца, гэтыя ролі з’явіліся подступам да яшчэ адной, больш грунтоўнай работы — ролі Марыі Сцюарт у спектаклі па аднайменнай трагедыі Ф. Шылера. Яго кульмінацыйным момантам стала сцэна сустрэчы двух каралеў — Марыі і Лізаветы, якая вызначалася ўнутранай сілай, эмацыянальнасцю. Гераіня Маркінай паўставала высакароднай, адкрытай, перакананай у справядлівасці сваіх прынцыпаў.
З вобразаў класічнага рэпертуару, створаных народнай артысткай, таксама вылучаюцца Беатрычэ з камедыі У. Шэкспіра «Многа шуму з нічога», Ранеўская з «Вішнёвага саду» А. Чэхава. Магутнай, знакавай работай актрысы стала матухна Кураж з п’есы Б. Брэхта, якую ўвасобіў на коласаўскай сцэне Сямён Казіміроўскі. У трактоўцы Г. Маркінай вобраз гераіні спалучаў, здавалася б, несумяшчальныя супярэчнасці: душэўную чуласць і бессардэчнасць, любоў да людзей і разлік гандляркі, глыбінны народны розум і абывацельскую абмежаванасць.
Апошняй работай Галіны Пятроўны Маркінай на коласаўскай сцэне стала роля Кручынінай у пастаноўцы выдатнай камедыі А. Астроўскага «Без віны вінаватыя», дзе ў поўную сілу прагучаў драматычны талент актрысы. Галіна Пятроўна іграла гэтую ролю ўжо будучы цяжка хворай. Пра свой блізкі сыход яна добра ведала, але працавала на сцэне амаль да апошняга дыхання.
Уладзімір Куляшоў
Гэтага артыста пазнавалі на вуліцы: высокую постаць Уладзіміра Аляксеевіча і яго нізкі голас немагчыма было зблытаць ні з чым. Прасілі аўтограф. А ён, максімальна засяроджаны на сцэнічным вобразе, думаў, як зусім хутка выйдзе на падмосткі да сваіх дарагіх гледачоў.
Найбольш яскрава праявіў сябе Уладзімір Аляксеевіч у спектаклях паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Вось як пісала пра вобраз, створаны выдатным артыстам, кандыдат мастацтвазнаўства, вядомы тэатральны крытык Тамара Гаробчанка: «Апантаны ідэямі ўніяцтва, Кунцэвіч-Куляшоў у доўгай чорнай сутане спачатку нагадвае небяспечнага і бязлітаснага фанатыка. Вострыя, пранізлівыя вочы, суровы, мужны твар, велічная стрыманасць — усё выяўляла жорсткі, валявы характар. Але вось Кунцэвіч-Куляшоў застаецца сам-насам са сваімі думкамі, са сваім сумленнем. І раптам мы пачынаем адчуваць, што велічны спакой біскупа ўяўны, што за маскай ката хаваецца чалавечая істота, раздзіраемая хістаннямі, якія ледзь прыкметна выяўляюцца ў хвіліны пакутлівага роздуму. Іасафат Кунцэвіч у выкананні Куляшова вырастае ў велічную і трагічную асобу, што нясе на сабе адбітак гістарычных і сацыяльных супярэчнасцей сваёй эпохі».
Вядома ж, артыста такіх магчымасцей, такога шырокага дыяпазону не маглі не задзейнічаць у класічным рэпертуары. Пералічым толькі некаторыя з такіх вобразаў: Лаўрэнсьё («Дурнічка» Лопэ дэ Вегі), Бенедыкт («Многа шуму з нічога» У. Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера), князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага), у больш позні перыяд — Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А. Сухаво-Кабыліна), Князь («Сымон-музыка» Я. Коласа), Пан («Несцерка» В. Вольскага), Павел («Хам» Э. Ажэшка), Мураў («Без віны вінаватыя» А. Астроўскага), прэзідэнт фон Вальтэр («Каварства і любоў» Ф. Шылера), Глостэр і граф Кент («Генры VI» і «Кароль Лір» У. Шэкспіра), Падкалесін і Восіп («Жаніцьба» і «Рэвізор» М. Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Эфраім Кэбат («Любоў пад вязамі» Ю. О’Ніла).
За 35 гадоў сцэнічнага жыцця народны артыст парадаваў прыхільнікаў і калег вялікай колькасцю надзвычай цікавых разнапланавых работ.
Георгій Дубаў
Жывату Цвіёвіча з «Доктара філасофіі» Георгій Дубаў іграў з сапраўдным камедыйным бляскам. Сцэнічны характар вызначалі дзве галоўныя рысы: тупая самаўпэўненасць, што грошы — гэта ўсемагутны бог і пры іх дапамозе можна дамагчыся здзяйснення любой задумы, і нейкая дзіцячая наіўнасць на мяжы неверагоднай дурасці.
Сеньёр Панталоне з камедыі «Слуга двух гаспадароў» у выкананні Дубава то наіўна падазроны, то гэтак жа наіўна легкаверны. Вобраз, створаны артыстам, быў не проста смешным: у ім усё было асветлена дабрадушнай іроніяй: і астравок рыжых валасоў на лысым цемені, і мітуслівыя жэсты, і жывот «мяшочкам», і дробная паходка.
Пік яго творчага ўзыходжання — роля Кірылы Кісельнікава з драмы А. Астроўскага «Багна» (рэжысёр — Сямён Казіміроўскі). Менавіта ў гэтай ролі артыст прыкметна выйшаў за рамкі чыста камедыйнага амплуа і паглыбіўся ў псіхалагічна-драматычнае рэчышча.
У рэпертуары Георгія Савельевіча быў шэраг іншых вобразаў рускай і сусветнай класічнай драматургіі. Гэта Гаеў у «Вішнёвым садзе» А. Чэхава, сеньёр Капулеці з «Рамэо і Джульеты» і Сомерсет з «Генры VI» У. Шэкспіра, Мілер з «Каварства і любові» Ф. Шылера, Ніл Стратонавіч Дудукін у «Без віны вінаватых» А. Астроўскага, Мардашоў са спектакля «Ах, які пасаж!» паводле рускіх вадэвіляў.
У апошні перыяд жыцця, нягледзячы на моцную хваробу, Георгій Дубаў іграў многа і цікава. Яго Людовік Мерыкюр са спектакля «Будзьце здаровы!» па п’есе французскага драматурга П. Шэно выклікаў спачуванне і добры смех гледача, нягледзячы на тое, што персанаж быў адмоўны. Пэўна ж, было нешта прывабнае ў самой чалавечай абаяльнасці Георгія Савельевіча..
Шмат цікавага дадалі ў акцёрскую скарбонку Коласаўскага тэатра і ролі Падсекальнікава са спектакля «Самазабойца» па п’есе М. Эрдмана, і спадарыні Журдэн са «Здурнелага Журдэна» М. Булгакава, і загадкавага Старога з «Непаразумення» А. Камю…
Так шкада, што гэты выдатны артыст больш не выйдзе на віцебскую сцэну, што не будзе зачароўваць гледача нечаканымі камедыйнымі трукамі, яркай, адкрытай тэатральнай буфанадай, сатырычным сарказмам, глыбокай псіхалагічнай пранікнёнасцю...
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










