На сцэне тэатра імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава»

logo
Вторник, 29.06.2021 09:02 | Рубрика: Культура
01842

На вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа 24 чэрвеня адбылася прэм’ера інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава» па аднайменнай п’есе вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава.

…Малады акцёр Вілен занадта рана, з першай ролі, адчуў смак славы і глядацкай вядомасці. Як гэта кажуць, «злавіў зорку», але не змог утрымацца на небе. Шлях да поспеху, прафесійнага росту, кахання нішчаць благія звычкі, а дакладзей п’янства... І хто дапаможа, калі ў кожнага свае ўласныя праблемы? Але выйсце ёсць – Белы востраў і яго жыхар, анёл-ахоўнік Пёс. Белы востраў – нязбыўная мара, дзе кожны знаходзіць сябе і мае шчасце казаць толькі праўду.

Калі п’еса адсылае нас у не такое ўжо і далёкае савецкае мінулае, усе яго заганы і з’яўляюцца прычынай унутранага крызісу героя (дарэчы, ён чымсьці нагадвае Зілава з вампілаўскага “Палявання на качак”), то рэжысёр пераносіць дзеянне ў наш час. Ёсць у спектаклі і камедыйныя, нават фарсавыя эпізоды (асабліва ў 1-й дзеі, дзе паказваецца чалавечае, маральнае падзенне героя), і па-сапраўднаму драматычныя (у 2-й дзеі з яе сімвалістычна-прытчавым фіналам), напоўненыя філасофскім роздумам аб прызначэнні чалавека на зямлі, шляху да духоўнага прасвятлення, неабходнасці ўнутранага ачышчэння, пакаяння за ўсе здзейсненыя грахі і памылкі.

Пастаноўку і музычнае афармленне ажыццявіла рэжысёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка, вядомая гледачам Коласаўскага тэатра па дзіцячых пастаноўках «Залатое сэрцайка», «Гісторыя двух сабак», «Папялушка». Сцэнаграфія і касцюмы галоўнага мастака Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Юрыя Саламонава. Харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Тэксты песень Максіма Дубоўскага.Пераклаў п’есу на беларускую мову Алесь Замкоўскі.

У ролі Вілена заняты вядучы майстар сцэны Яўген Бераснеў, на ролю пса Норда (яго анёла-ахоўніка) прызначаны два акцёры – Дзмітрый Каваленка (ён яе выконваў на прэм’еры) і Аляксандр Казлоў. Адзінага сябра героя і прыхільніка яго талента з дзіўным імем Фэд іграюць Арцём Блахін і Уладзіслаў Жураўлёў. У ролі калегі па сцэне Еўдакіі – вядучыя майстры сцэны Ніна Обухава і Наталля Саламаха-Конанава. Буфетчыцу Жанэтт іграюць Вікторыя Шамардзіна і Ульяна Ацясава. Цэнтральную адмоўную ролю памрэжа Лілі Канстанцінаўны выконваюць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і вядучы майстар сцэны Святлана Жукоўская.

Наступны паказ спектакля адбудзецца 13 ліпеня.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Фота Наталлі ЛАВІЦКАЙ-ЯРМОЛАВАЙ.