Бульба, зерне, эксклюзіўная марынацыя і... прышчэпкі ад каранавірусу. Рэпартаж з восеньскага кірмашу ў Шуміліне

У гэты раз упершыню за доўгія гады кірмаш разгарнуўся на вуліцы Ленінскай. Ужо а чацвёртай гадзіне раніцы гандляры пачалі ўладкоўвацца на сваіх месцах. У 8.00 зайграла вясёлая музыка, абвяшчаючы пачатак вялікага гандлю.




Самыя вопытныя пакупнікі ведаюць: каб выгадна закупіцца, доўга спаць не варта. Узяць хоць бы пшаніцу, якую УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» прадавала па 20 рублёў за мех. Каштоўны тавар разышоўся літаральна за паўгадзіны. Хутка не стала і капусты, якую аддавалі па рублю за кілаграм. Бульбу прадавалі па рублю за кіло, буракі – ад 70 капеек да 2 рублёў (але і іх хутка не стала).

Ужо шмат гадоў запар кірмаш не прапускаюць Лідзія і Анатоль Шароўскія з Шуміліна. Тавар прывезлі на сваім мотаблоку. Прапаноўвалі мёд, бульбу, буракі, моркву і нават гуркі па 2 рублі за кіло.

– Бульба сёлета ўрадзіла добрая: з 20 баразён 42 мяхі ўзялі. А разварваецца як, а смачная!.. – дзеліцца гаспадыня.

А Любоў Вараб’ёва гандлявала кветкамі. Жанчына вырошчвае больш за 40 гатункаў хрызантэм, 56 – флёксаў. Гэта на продаж. Сама ж любіць хвойнікі і дэкаратыўныя расліны.

– Хрызантэмы вырошчваць нескладана, але пару нюансаў ёсць, – дзеліцца сакрэтамі Любоў. – Гэта сухая зімоўка і дзяленне куста па восені. Марозу гэтыя кветкі не баяцца, а калі вымакнуць, то прападуць.

Мёд на кірмашы аддавалі па 6-7 рублёў за паўлітровы слоік. Як адрозніць добры тавар, патлумачыла Леангіна Барысевіч з Кардону.

– Якасны мёд цягнецца «нітачкай», і нітачка гэта не павінна перарвацца, – гаворыць гаспадыня, набірае апалонікам янтарнага колеру прадукт і дэманструе яго бездакорную якасць.

У Леангіны Казіміраўны 25 домікаў. Раней пчоламі займаліся разам з мужам. Як яго не стала, працягвае справу адна.




Шматлюдна і весела было ля прылаўкаў устаноў адукацыі раёна, дзе прапаноўвалі не толькі гародніну, але і печыва, саджанцы і нават марынацыю. Напрыклад, не ўсім жадаючым хапіла пірагоў з яблыкамі па 3 рублі за штуку ад СШ № 1. У гандляроў СШ № 2 можна было набыць трохлітровы слоік саленых агуркоў па эксклюзіўным рэцэпце. Пірог «Нежность», шарлотку і агуркі па-карэйскі прапаноўвалі работнікі ясляў-сада № 2. Іх калегі з ясляў-сада № 3 прывезлі на кірмаш саджанцы рэмантантнай маліны, якія аддавалі па 5 рублёў. Слабадскія гандлявалі дранікамі з мясам, варанай кукурузай і кампотам «Махіта», які людзі ахвотна бралі цэлымі бутлямі. Ля башнёўскага прылаўка можна было атаварыцца шарлоткай ад дырэктара Валянціны Скірман і ляшчом «Дары Будавесці» ад мужа дырэктара. Амбросавіцкія педагогі нагатавалі марынацыі: аджыка, салат з гуркоў, шчаўе, памідоры – выбар, як у супермаркеце.

Некаторыя шумілінцы выкарысталі кірмаш, каб зрабіць прышчэпку ад каронавірусу: медыкі наладзілі спецыяльную акцыю. – Бацькі даўно прышчапіліся, а я ўсё адкладваў, – прызнаўся вадзіцель шумілінскай аўтастанцыі Аляксандр Хахлоў. – Упэўнены, што гэта абавязкова трэба зрабіць.
У гэты дзень у Шуміліне гандлявалі Полацкі і Смаленскі базары, Башанковіцкае райспажыўтаварыства, Філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», пітомнік пладовых і ягадных раслін з Самахвалавічаў, Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі.

Самым вялікім попытам на кірмашы карысталіся саджанцы пладовых дрэў: людзі гатовы былі і гадзіну стаяць у чарзе. Буракоў і капусты на ўсіх аказалася мала. Свежае мяса на кірмаш не прывезла ні адна мясцовая гаспадарка, а мы спадзяваліся. А яшчэ мы зразумелі, што бульба каштуе даражэй за перцы і засумавалі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.