Літаратурны і біялагічны музеі ВДУ імя П.М. Машэрава ў другі раз пацвердзілі статус «народны»

logo
Четверг, 21.05.2020 15:53 | Рубрика: Общество
07085

Біялагічны музей быў заснаваны ў 1975 годзе, і сёлета адзначае свой 45-гадовы юбілей. У аснове экспазіцыі – калекцыйныя матэрыялы, сабраныя выкладчыкамі кафедры заалогіі ў 1930-я гады і пасляваенны час. Заснавальнік музея – былы загадчык гэтай кафедры, дацэнт Анатоль Радкевіч. У афармленні музея ў 1975 – 1977 гадах бралі ўдзел студэнты-выпускнікі мастацка-графічнага факультэта.

У 1993 і 2006 гадах праводзіліся рэканструкцыі музея. Сёння ў ім размешчаны розныя дыярамы і стэнды, а таксама невялікі куток жывой прыроды з тэрарыумамі, акварыумамі і экзатычнымі раслінамі. Усяго ў фондах захоўваецца больш за 1200 экспанатаў, і гэта калі не лічыць 3600 адзінак насякомых. Тут можна ўбачыць пазванок сіняга кіта, пудзілы белага мядзведзя і чорнага бусла, яйка страуса, а таксама цудоўную калекцыю матылькоў аматара-энтамолага Пятра Донава.

Фонды музея пастаянна папаўняюцца, дзякуючы летнім экспедыцыйным даследаванням выкладчыкаў кафедры заалогіі і загадчыка музея Уладзіміра Піскунова, і з дапамогай студэнтаў-біёлагаў, якія рэгулярна збіраюць матэрыялы падчас палявых практык.

Народны літаратурны музей быў створаны ў 1980 годзе па ініцыятыве паэта Давіда Сімановіча, дацэнтаў Анатоля Канапелькі і Зоі Андрыянавай. Званне «народны» музей упершыню атрымаў у 2015 годзе, на той момант загадчыкам была Ірына Саматой.

З 2018 года і па сённяшні дзень загадчыкам народнага літаратурнага музея з’яўляецца Вольга Русілка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У музеі знаходзяцца амаль 800 экспанатаў: ад побытавых рэчаў да кнігі фотаздымкаў вядомых пісьменнікаў. Таксама тут можна пабачыць унікальныя старадрукі XVIII стагоддзя.

Пры музеі працуе навукова-даследчая лабараторыя «Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці», ладзяцца розныя мерапрыемствы, выставы, сустрэчы з пісьменнікамі (у тым ліку сумесна з абласной арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі), мастакамі і акцёрамі тэатра, літаратурныя канферэнцыі і гасцёўні, конкурсы, імпрэзы да юбілеяў мастакоў слова, прэзентацыі падручнікаў па беларускай літаратуры.

Фонды ўніверсітэцкіх музеяў пастаянна папаўняюцца. Тут заўжды рады гасцям. Народны літаратурны музей прапануе і віртуальную экскурсію.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вікторыя ЧАКУШКА, супрацоўнік медыяцэнтра ВДУ імя П. М. Машэрава. Фота з архіваў ВДУ імя П. М. Машэрава.