Анатоль Бруцкі добра вядомы чытачам «Віцьбічаў». Анатоль Паўлавіч — лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, пісьменнік, журналіст. Займаецца краязнаўчымі даследаваннямі, у тым ліку па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Сёння прапануем увазе чытачоў яго апавяданні пра нашых гераічных землякоў, якія сталі на абарону роднай зямлі з першых дзён вайны. Менавіта тады, у чэрвені 1941-га, пачыналася цяжкая дарога на Берлін.

«Вставай, страна огромная…»
З асаблівым трагізмам у народную свядомасць увайшоў ракавы сорак першы год. Над Лепелем 2 ліпеня пранесліся драпежнай зграяй чужыя самалёты з чорнымі крыжамі на крылах і фюзеляжах, дзікім завываннем наводзячы жах на людзей. Дыверсанты, што прабраліся ў горад напярэдадні, сігнальнымі ракетамі навялі на раённы ваенкамат. Бомбы накрылі яго, будынак скалануўся і, ападаючы, патануў у агні і дыме. Ні будынка, ні людзей, якія знаходзіліся ў ім, не засталося...
За два гады да вайны паблізу Лепеля адкрылася мінамётнае вучылішча. З юнакоў Лепельскага, Чашніцкага, Бягомльскага раёнаў набралі 1400 курсантаў. Яны сустрэлі ворага на рубяжы Ула — Бешанковічы 4 ліпеня 1941-га. Адступалі з баямі да Віцебска, а затым і Смаленска, да якога дабраліся каля 800 курсантаў. Яны і сталі ядром, вакол якога сфарміравалася па сутнасці новае вучылішча. Падрыхтоўка будучых афіцэраў працягвалася па паскоранай праграме — фронту пазарэз спатрэбіліся малодшыя камандзіры.
Вораг наступаў імкліва. Ужо 23 чэрвеня Віцебскі абласны ваенны камісар Радчанкаў аддаў загад ваенкаматам не пасылаць прызыўнікоў у Брэсцкую і Беластоцкую вобласці (апошняя ўваходзіла на той час у склад Беларускай ССР).
Каля 3 тысяч чалавек былі мабілізаваны ў шматлюдным тады Расонскім раёне. Многіх з іх ваенкамат адразу накіраваў у Полацкі ўмацаваны раён, на подступах да якога 29 чэрвеня разгарэліся цяжкія баі.
У Лёзненскім раёне аператыўна ствараліся знішчальныя атрады. На станцыі Крынкі іх байцы, страляючы з вінтовак і кулямётаў, падбілі нямецкі самалёт. А 17 ліпеня папоўнілі падраздзяленні Чырвонай арміі, што адступалі да Смаленска.
У знішчальны атрад на Шуміліншчыне ўступіў 19-гадовы юнак Пётр Акуцыёнак, будучы Герой Савецкага Саюза. Скончыўшы пасля кароткатэрміновыя афіцэрскія курсы, малодшым лейтэнантам камандаваў стралковым узводам. Загінуў 15 кастрычніка 1943 года на Дняпроўскім плацдарме каля беларускага горада Лоева.
Ужо 22 чэрвеня, у нядзелю, аршанцы, не чакаючы павестак, цэлымі калектывамі сабраліся ля ваенкаматаў. З сувязістаў было спешна сфарміравана спецыяльнае падраздзяленне, у той жа дзень адпраўленае на Заходні фронт. А чыгуначнікі перайшлі на казарменнае становішча.
З вёскі Высачаны Лёзненскага раёна на розных франтах загінула 65 сяльчан. З іх 35 — у сорак першым.
Так для нашых людзей пачыналася самая бязлітасная ў гісторыі вайна.
У памяці назаўжды
Рыгор Шарко з Бешанковічаў у армію быў прызваны яшчэ ў 1938 годзе. У чэрвені 41-га служыў старшым сержантам 87-га пагранічнага атрада паблізу горада Кольна на Беласточчыне. Пагранічнікі 22 чэрвеня трымалі абарону на мяжы цэлы дзень, маючы толькі стралковую зброю. Вечарам паступіў загад адступіць за горад, на новую пазіцыю. Вялі няроўны бой увесь наступны дзень, пакуль пагранічнікаў не змяніў батальён Чырвонай арміі. На вачах у Рыгора загінуў блізкі сябра — намеснік палітрука Нікіфараў, родам з Віцебска. Быў цяжка паранены і памёр у акопе яшчэ адзін баявы таварыш — радавы Партноў.
Група ўцалелых пагранічнікаў, апынуўшыся ў акружэнні, толькі праз два месяцы выйшла да сваіх дзесьці ў Калінінскай вобласці. Пасля строгай фільтрацыі Рыгор Шарко ваяваў разведчыкам на Калінінскім, Ленінградскім, 1-м Прыбалтыйскім франтах. Быў паранены чатыры разы, атрымаўшы па рубцу на кожны год вайны. Дамоў у Бешанковічы вярнуўся з ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеней, Чырвонай Зоркі, медалямі.
...Андрэй Старавойтаў быў самым малодшым у шматдзетнай сям’і. Якраз перад вайной скончыў лёзненскі юнак лётнае вучылішча. Паспеў напісаць, што служыць пад Ленінградам. Пасля выгнання немцаў родныя занепакоіліся яго лёсам і паслалі запыт у Ленінград. Адказ засмуціў: прапаў без вестак. Зноў і зноў звярталіся ў архіўныя ўстановы, але кожны раз безвынікова.
І толькі ў кастрычніку 1971 года родным Андрэя пазванілі з Лёзненскага райваенкамата. І брат Іван з сёстрамі Варварай і Вольгай адразу выбраліся ў дарогу.
Парэшткі лейтэнанта Андрэя Старавойтава былі знойдзены каля вёскі Сабск Воласаўскага раёна Ленінградскай вобласці. Высветліць асобу штурмана дапамог афіцэрскі планшэт з дакументамі. Прозвішча Андрэя пасля гэтага з’явілася на адной з чатырох мармуровых пліт на брацкай магіле абаронцаў Лужскага рубяжа.
...Аляксандр Лапухоў з вёскі Мехавое (на Гарадоччыне) служыў механікам-вадзіцелем у танкавай роце. У баі каля вёскі Забалоцце Клінскага раёна Маскоўскай вобласці 7 снежня 1941 года яго экіпаж знішчыў тры варожыя гарматы. Але і сам быў падбіты. І тут здарылася неверагоднае. Ахоплены чорна-бурым полымем савецкі танк працягваў рухацца, падмяўшы яшчэ адну гармату з яе разлікам… Цяжка паранены Аляксандр Лапухоў, губляючы свядомасць, нейкае імгненне кіраваў баявой машынай. З’ехаўшы ў глыбокую лагчыну, танк спыніўся, затрыманы высокімі соснамі. Наваколле скалануў грымотны выбух... Пра подзвіг нашага земляка даведаўся тады ўвесь Заходні фронт, што абараняў Маскву.
...Тры браты Качаны жылі да вайны ва Ушачах — Іван, Аляксандр і Павел. Іван толькі нейкім цудам уцалеў у суровы карэльскі мароз на савецка-фінскай вайне, потым абараняў Маскву, Сталінград, адбіваў танкавыя ўдары немцаў на Курскай дузе. Шмат гадоў пазней казаў родным: «Калі шчыра, то не верыў, што выжыву».
Выжыў. А вось лёс братоў склаўся трагічна. Аляксандр паклаў галаву ў балотах пад Ленінградам. Павел партызаніў, пасля вызвалення Беларусі быў мабілізаваны ў войска. У мітуслівай калатнечы вайны браты маглі сустрэцца. Іван пасля шпіталю атрымаў накіраванне ў полк, дзе служыў Павел. Але, прыбыўшы на месца, даведаўся, што два дні таму Павел з групай дэсантнікаў быў адпраўлены ў варожы тыл і з задання не вярнуўся.
...Павел Антонавіч Куксёнак, вопытны савецкі работнік, восенню 1939 года пасля уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі быў накіраваны ў Глыбокае старшынёй раённага выканаўчага камітэта. На зыходзе чэрвеня 1941 года вярнуўся на родную Расоншчыну. І адразу арганізаваў з актывістаў для барацьбы з дыверсантамі знішчальны атрад, які далучыўся да воінаў Чырвонай арміі. Пад Невелем байцы апынуліся ў акружэнні. Вырваліся і дабраліся на Расоншчыну. Павел Антонавіч стварыў падпольную арганізацыю. У раёне шмат засталося акружэнцаў. Для іх і воінаў, што ўцяклі з нямецкага палону, падпольшчыкі наладзілі лодачную пераправу праз Дрысу. Вельмі многія сталі потым партызанамі.
Павел Антонавіч ужо толькі адным рызыкаваў, што быў у нядаўнім мінулым даволі прыкметнай асобай, да таго ж дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Але ён дзейнічаў рашуча і смела. Арганізаваўшы падпольныя ячэйкі ў Расонах і Альбрэхтаве, шукаў сувязі з патрыётамі ў Полацку.
Знайшоўся здраднік, які яго выдаў у снежні 1941 года. Схапіць патрыёта гітлераўцы не здолелі. Павел Антонавіч адстрэльваўся, пакуль не загінуў ад варожай кулі. Жонку яго, Надзею Прохараўну, немцы закатавалі. Сын Уладзімір на той час быў ужо партызанам.
Кiрзачы i боцiкi
На фронт юная Ганна Стойлік пайшла добраахвотнікам. Калі пачалася Сталінградская бітва, дзяўчына камандавала санітар ным узводам. Няспынныя вулічныя баі ў зруйнаваным горадзе былі выключна жорсткімі. Перавязваць параненых байцоў і перацягваць на плашч-палатках даводзілася пад носам у немцаў.
Да ліпеня 1943 года полк, дзе служыла Ганна Стойлік, ваяваў на розных франтах. Пасля працяглых баёў на Курскай дузе і вызвалення горада Арла быў пераведзены, нарэшце, у рэзерв.
Ганну і іншых санітарак выклікалі ў штаб — з імі захацела сустрэцца вядомая актрыса Валянціна Сярова. Яна адразу звярнула ўвагу на зграбную паставу Ганны і яе баявыя ўзнагароды — ордэны Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, медаль «За абарону Сталінграда». Актрыса папрасіла:
— Раскажыце пра сябе.
Ганна густа пачырванела, але, сабраўшыся з духам, пачала гаварыць — і зусім не пра сябе, а пра сваіх сябровак-санітарак.
Да размовы падключыўся падпалкоўнік Свірын:
— Ганна ў нас дзяўчына сціплая. Але геройская. Воіны нашы яе любяць і аберагаюць як сястру, у агонь і ваду за ёй пайсці гатовы. Быў такі выпадак — перад баямі за Арол. Полк перапраўляўся праз Аку. Рака шырокая, глыбокая. Сапёры адшукалі брод, пазначылі тычкамі. А Ганна спатыкнулася і з галавой звалілася ў раку. Дык баец, якому яна перад гэтым перавязала параненую руку, рынуўся ў ваду і дапамог выбрацца.
Усхваляваная актрыса прытуліла Ганну і абняла. А потым — і гэта было зусім нечакана — лоўка скінула з ног свае скураныя боцікі і падала Ганне:
— Прымерце, калі ласка.
Ушчэнт збянтэжаная Ганна пачала ўсяляк аднеквацца, але актрыса была непахіснай:
— Бярыце, вельмі вас прашу.
Змушаная паслухацца, Ганна, узяўшы боцікі за вушкі, лёгка нацягнула іх. Ступіла, прайшлася, боцікі не ціснулі. Сядзелі, як улітыя, ашчадна аблягаючы ногі.
— Вось і добра, — задаволена сказала Валянціна Сярова. — Насіце на здароўе. Вам яшчэ да Берліна крочыць. А свае, франтавыя, пакіньце мне.
Дзесьці ў сорак чацвёртым у полк прывезлі новы фільм «Дні і ночы», зняты пра Сталінградскую бітву паводле сцэнарыя Канстанціна Сіманава. На адным з кадраў узрушаная Ганна пазнала свае растаптаныя кірзачы. Іх насіла ваенны фельчар Ганна Кліменка.
Вельмі верагодна, што Канстанцін Сіманаў даў такое імя галоўнай гераіні пад уплывам жонкі і музы Валянціны Сяровай, якой запала ў сэрца мімалётная на вайне шчымлівая сустрэча з санітаркай Ганнай Стойлік.
Ганна дайшла да Берліна! Там і сустрэла будучага мужа Мікалая Лосева, таксама абаронцу Сталінграда. Прайшоўшы праз пекла вайны, яна не агрубела і запомнілася ўдзячным шумілінцам жанчынай душэўнай і спагадлівай. Шмат гадоў Ганна Купрыянаўна адпрацавала акушэркай, прымала на свае рукі маленькіх немаўлятак — новыя чалавечыя жыцці. Дзеля гэтага яна ў юнацтве і ваявала — каб жыццё на зямлі не спынялася.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










