Беларуская паэтэса Вольга Русілка расказала, адкуль прыходзіць натхненне

logo
Пятница, 22.03.2024 10:06 | Рубрика: Культура
01773
Адкуль прыходзіць натхненнеі  і ці можна назваць паэзію рамяством?
Ніхто лепш за паэта не адкрые сакрэт гэтага. Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, які адзначаецца21 сакавіка,мы звярнуліся да Вольгі Русілкі — беларускай паэтэсы, літаратуразнаўцы, якая адказала на нашы пытанні.
— Як вы лічыце, паэзія — дар альбо праклён?
— Паэзія — госця нябесная, як жа яна можа быць праклёнам? Вершы нясуць у свет красу і гармонію, высокія пачуцці, мудрыя думкі, рытм і мелодыю. Нездарма, калі чалавек адчувае асаблівую ўзрушанасць і хоча быць пераканальным, ён звычайна звяртаецца да вершаванага слова і нават сам спрабуе пісаць вершы, каб прызнацца ў каханні, выказаць радасць ці ўдзячнасць, смутак ці хваляванне. Іншая справа, што паэт блізка прымае да сэрца трывогі ўсяго свету, а вось гэта ўжо цяжка і часта балюча. Але такая доля ў паэта, бо не пісаць ён не можа.

— А мабыць, у сённяшніх рэаліях гэта рамяство?
— Рамяство не мае эмацыянальнай асновы, а вось вершы без хвалявання не пішуцца, і па-іншаму не бывае ні ў якіх рэаліях. Паэзія — гэта не рамяство, хоць патрабуе майстэрства.

— Чым адрозніваецца сапраўдная паэзія ад графаманства?
— Графаман капіруе чужое і не стварае нічога новага. Адсутнасць творчага пошуку і плённага натхнення — асноўнае адрозненне графаманства і сапраўднай паэзіі.

— А чым мужчынская паэзія адрозніваецца ад жаночай?
— На гэты конт ёсць розныя думкі, многія нават не прызнаюць слоў «паэтка, паэтэса». Для мяне адрозненне паміж мужчынскай і жаночай паэзіяй відавочнае, яно ў асаблівасцях лірычнага характару. Паэзія грунтуецца на абсалютнай шчырасці. Няўжо ўспрыманне свету мужчынам і жанчынай аднолькавае? Я з першых радкоў і вобразаў, нават па рытме адрозню мужчынскую і жаночую паэзію. Першая больш энергічная, рэзкая, рытмічная, другая — мяккая і меладычная.

— Якія тэмы і матывы вам блізкія?
— Як і ўсе, я стараюся пісаць на розныя тэмы, але ўлюбёныя — Радзіма, прыгажосць свету, каханне, мацярынства, сэнс жыцця ўвогуле. З часам, шкадуючы сваіх чытачоў, я стала пазбягаць сумных, трагічных вершаў, аддаючы перавагу светлым, аптымістычным. Болю ў кожнага і свайго хапае.

— Пра што б вы ніколі не сталі пісаць?
— Ніколі не стаўлю сабе задачу «напісаць пра нешта», вершы прыходзяць самі, без запрашэння, таму я не ведаю, пра што напішу заўтра ці не напішу ніколі.

— Чым вы можаце ахвяраваць дзеля мастацтва?
— Не думаю, што дзеля мастацтва трэба нечым ахвяраваць. Хіба часам. Астатняе яно само забярэ.

— Як вы лічыце, чым адроз­ніваецца ваш погляд на свет ад погляду звычайнага чалавека?
— Я абсалютна звычайны чалавек, як і большасць паэтаў. Іншая справа, што ёсць паняцце «лірычны герой», з якім вы ўсе знаёміліся ў восьмым класе (па падручніку, сааўтарам якога я з’яўляюся, дарэчы) і пра якое вучні забываюцца адразу пасля праверкі дамашняга задання. Вобраз лірычнага героя не супадае ні з вобразам аўтара, ні тым больш з вобразам рэальнага чалавека і яго жыццём. Гэта розныя рэчы! Тут мае месца фантазія, выдумка, паэтычная жыццятворчасць.

— Раскажыце, калі ласка, пра вашы планы на гэты год.
— У 2024-м ужо выйшла некалькі публікацый вершаў, у тым ліку ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Многае здадзена ў друк, але я баюся сурочыць тое, што плануецца. Так што задум многа, дай Божа, каб яны здзейсніліся.

— Што вы можаце параіць тым, хто толькі пачынае свой шлях у паэзію?
— Поспехаў!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Гутарыў Мікіта АЛЕКСАНДРОВІЧ.