“Культура беларускай дуды Віцебшчыны” уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

logo
Среда, 31.05.2023 10:59 | Рубрика: Культура
04129

Прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтаму элементу нематэрыяльнай спадчыны, прадстаўленаму Лепельскім, Полацкім, Сенненскім раёнамі, была падтрымана Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Статус зацверджаны пастановай Міністэрства культуры ад 30 мая.

Дуда – беларускі традыцыйны архаічны духавы музычны інструмэнт, ён быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі са старажытнасці да XIX — пачатку XX стагоддзяў. Вялікая папулярнасць дуды ў беларусаў спарадзіла шматлікія згадванні пра яе ў этнаграфічнай літаратуры XIX стагоддзя.


Сярод многіх прац аб побыце насельніцтва Віцебскай, Віленскай і Мінскай губерняў цяжна знайсці такую, у якой не было б якіх-небудзь звестак аб гэтым інструменце. Без дуды не абыходзіліся не толькі святы, гулянні і кірмашы, але і каляндарна-земляробчыя і сямейныя абрады. Этнографы таго часу апісваюць сітуацыю распаўсюджанасці беларускай дуды не толькі ў сялянскім асяроддзі. Магнаты і шляхта таксама бавіліся пад дуду і слухалі гэты музычны інструмент.

Сёння дударская традыцыя адноўлена і рушыцца наперад. Пераемнікамі і сапраўднымі носьбітамі элемента “Культура беларускай дуды Віцебшчыны” з’яўляюцца: Герман Бандарэнка (г. Сянно), Васіль Шкіндзер (вёска В. Поўсвіж Лепельскага раёна), Дзяніс Яцкевіч (г. Полацк).

У распрацоўцы Віцебскага абласного метадычнага цэнтра народнай творчасці на 2023-2024 гады знаходзіцца яшчэ 7 элементаў:
  1. ”Традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва на дыятанічных цымбалах“ (Пастаўскі раён),
  2. ”Тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду ў Віцебскай вобласці“ (Браслаўскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Лепельскі, Міёрскі, Сенненскі, Шаркаўшчынскі раёны),
  3. ”Абрадавая дзея ”Мыццё барод“ сямейна-родавага абраду ”Хрэсьбіны“ (Полацкі раён),
  4. ”Гарадоцкая вышыўка ”перавіць“ (Гарадоцкі раён),
  5. ”Танцавальная спадчына Талочынскага раёна “, 
  6. ”Ходцаўская кадрыля Сенненскага раёна“,
  7. ”Тэхналогія аздаблення ікон у традыцыйнай тэхніцы майстроў Чашніцкага раёна“.
Дарэчы, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 22 элемента нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Лілія РЭЗКІНА, начальнік аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.