У снежні 1944 года Другому Беларускаму драматычнаму тэатру было прысвоена імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Другі Беларускі драматычны тэатр (БДТ-2) вярнуўся ў Віцебск з эвакуацыі 9 кастрычніка 1944 года. Горад ляжаў у руінах. Разбураным аказаўся і будынак тэатра: на яго месцы была вялікая варонка. Гарадская ўлада вырашыла аддаць у распараджэнне трупы клуб металістаў, які можна было аднавіць. У рамонтна-аднаўленчых работах прымалі ўдзел жыхары Віцебска.
У снежні 1944 года ўрад БССР, улічваючы вялікія заслугі БДТ-2, прыняў рашэнне аб прысваенні яму імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Свой першы пасляваенны сезон цяпер ужо Коласаўскі тэатр адкрыў 31 снежня 1944 года. Аснову рэпертуара склалі спектаклі, выпушчаныя ў эвакуацыі. А ў канцы лютага 1945-га была паказана першая прэм’ера коласаўцаў — «Так і будзе» па п’есе Канстанціна Сіманава.

«Рэвізор»
«Рэвізор»
Побач з творамі на сучасную тэматыку тэатр у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ставіць і шэраг класічных п’ес. Найперш гэта «Рэвізор» Гогаля ў пастаноўцы Навума Лойтара. Прыступаючы да работы, рэжысёр перш за ўсё кіраваўся гогалеўскім «Паведамленнем для тых, хто жадаў бы як належыць сыграць «Рэвізора». Калектыў меў намер сыграць камедыю, якая б выклікала смех глыбінёй сваёй іроніі, не ўпадаючы пры гэтым у карыкатуру.
Ролю Гараднічага ў спектаклі выконваў Мікалай Звездачотаў. Калі мы раней яго ведалі як бліскучага трагедыйнага акцёра, выканаўцу роляў сацыяльных герояў, то на гэты раз ён выдатна справіўся з камедыйным, сатырычным вобразам. Знешнасць у Гараднічага была грубая, жорсткая, твар чырвоны, нос вялікі, вочы мігатлівыя, кожную хвіліну яны мянялі выраз адпаведна акалічнасцям.
Надзвычай жыва і дакладна характарызаваў свайго героя, прайдзісвета і хабарніка, нікчэмнага і крыху прыдуркаватага Хлестакова, Аляксандр Ільінскі. Будучы майстрам пластычнага малюнка ролі, валодаючы рухавай і выразнай мімікай, акцёр, здавалася, без намаганняў жыў у спектаклі свайго героя. Поштамайстар Шпекін у выкананні Анатоля Шэлега ў нечым падобны і блізкі да Хлестакова. Суддзя Ляпкін-Цяпкін (Анатоль Трус) — высакамерны і поўны ўсведамлення ўласнай значнасці. Да Ганны Андрэеўны (Алена Радзялоўская) і Мар’і Антонаўны (Марыя Бялінская) падыходзіла прымаўка «яблыка ад яблыні…». Увогуле, усе выканаўцы малявалі сваіх герояў сатырычна завострана і надзвычай дакладна. Спектакль коласаўцаў заняў першае месца на аглядзе рускай класікі, які праводзіўся ў тэатрах рэспублікі ў 1946 годзе.

Малчанаў — Гамлет.
«Гамлет»
Пастаноўка шэкспіраўскай трагедыі «Гамлет», ажыццёўленая ў кастрычніку 1946 года, стала выдатнай падзеяй у тэатральным жыцці рэспублікі. Рэжысёр Валерый Бебутаў паслядоўна і ярка раскрыў трагедыю барацьбы дабра і розуму са злом і фальшам. Выйгрышная знешнасць Паўла Малчанава, яго гучны голас, трагедыйнае майстэрства, здольнасць пранікаць у глыбіню самых складаных пачуццяў героя — усё гэта прадвызначыла поспех акцёра і ўсёй пастаноўкі. Створаны ім вобраз Гамлета, паводле меркаванняў тагачасных тэатральных крытыкаў, трапіў у рад лепшых дасягненняў не толькі беларускага, але і ўсяго савецкага тэатра.
П’еса ішла ў рэдкім па дакладнасці, глыбіні і адпаведнасці шэкспіраўскаму тэксту перакладзе з англійскай мовы на беларускую, зробленым паэтам Юрыем Гаўруком. Спектакль быў аформлены мастаком Аленай Бебутавай — гэту работу называюць яе апошняй сумеснай з братам Валерыем.
Дзякуючы супадзенню ўсіх складальнікаў — прафесіяналізму рэжысёра і акцёраў, іх трапнай фактуры, слушнаму выяўленчаму і гукавому афармленню, пастаноўка «Гамлета» атрымала шырокае прызнанне гледача і станоўчы аналіз крытыкаў. Напрыклад, вядомы савецкі шэкспіразнаўца Міхаіл Марозаў лічыў, што яна ў параўнанні з некаторымі іншымі спектаклямі «была значна больш шматбаковай».

«Раскіданае гняздо». Лагоўская — Марыля, Мацісава — Зоська.
«Раскіданае гняздо»
З 1949-га па 1958 год тэатр узначальваў заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Аляксандр Скібнеўскі. Яго пастаноўку «Раскіданае гняздо» па творы Янкі Купалы ў 1951 годзе гледачы чакалі з вялікім нецярпеннем і цікавасцю, бо з моманту яе апошняга паказу на беларускай сцэне прайшло даволі шмат часу.
П’еса была вытлумачана як рэалістычная драма, а вобраз Незнаёмага набыў абрысы рабочага-рэвалюцыянера. Менавіта так трактаваў свайго героя акцёр Мікалай Звездачотаў. Значнай мастацкай удачай крытыкі лічаць Лявона, якога сыграў Цімафей Сяргейчык. Не будучы трагедыйным акцёрам, ён у гэтай ролі дасягнуў вялікай — менавіта трагедыйнай — глыбіні. Выразнымі ў спектаклі былі вобразы Сымона (Анатоль Шэлег) — тэмпераментнага чалавека, які прагне аддаць свае сілы ў барацьбе за праўду, Марылі (Алена Лагоўская), усё жыццё якой у клопаце аб дзецях, Зоські (Алена Мацісава), быццам бы пазбаўленай пачуцця рэальнага жыцця.
_результат.jpg)
«Раскіданае гняздо». Шэлег — Сымон.
Глыбокае адчуванне атмасферы дарэвалюцыйнай Беларусі і сутнасці драмы выявіў і перадаў мастак-дэкаратар Яўген Нікалаеў. Дзякуючы яго тонкаму разуменню твора і стопрацэнтнаму пападанню ў рэжысёрскую задуму гледачы змаглі перанесціся амаль на паўстагоддзя назад, у 1905 год, калі адбываецца дзеянне п’есы.

«На дне»
Амаль да канца 1950-х на сцэне тэатра імя Якуба Коласа ішоў цэлы шэраг п’ес класічнага рэпертуару: «Шалёныя грошы» і «Праўда добра, а шчасце — лепш» Астроўскага, інсцэніроўка рамана Тургенева «Напярэдадні», «Жывы труп» Талстога, «Тры сястры» Чэхава, «Дзяўчына са збанам» і «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэга, «На дне» і «Ворагі» Горкага ды іншыя.
У спектаклі «На дне» (1951 год, рэжысёр Аляксандр Скібнеўскі) пераканальна гучала тэма пратэсту людзей, загнаных на дно жыцця. Мікалай Звездачотаў у ролі Саціна стварыў вобраз разумнага горкаўскага філосафа начлежкі, які ненавідзіць гаспадароў жыцця і, нягледзячы ні на што, не страціў веры ў чалавека. Тэма пратэсту была галоўнай і ў адчайнага і гарачага Ваські Пепла (Анатоль Шэлег) і ў Наташы (Таццяна Заранок), якая страсна імкнецца вырвацца з дна жыцця. Складаны, супярэчлівы і драматычны характар Барона стварыў Аляксандр Ільінскі. У пачатку спектакля — гэта п’яніца, пусты і нікчэмны «былы» чалавек, карцёжнік і шулер з душой халоднага эгаіста. А ў фінале ён ужо зусім раздушаны страхам непазбежнага канца. Акцёр Павел Малчанаў шукаў свайго вытлумачэння вобраза Лукі і бачыў яго ў тым, што Лука актыўна ўмешваецца ў жыцццё начлежнікаў, імкнецца дапамагчы ім, навучыць жыццю, суцешыць і аблегчыць іх пакуты.
Коласаўцы таксама актыўна звяртаюцца да сучаснай драматургіі, у чым маюць мастацкія здабыткі. Сярод найбольш яскравых работ — «Выбачайце, калі ласка!» Макаёнка (1953), «Андрэй Лабанаў» Граніна (1955), «Бітва ў дарозе» Нікалаевай (1959), «Іркуцкая гісторыя» Арбузава (1960). Гэтыя пастаноўкі трапна паказвалі станоўчыя змены, што адбываліся ў грамадскім жыцці і свядомасці савецкіх людзей.
Высокапрафесійны акцёрскі склад дазваляў рэжысёрам ажыццяўляць самыя смелыя задумы. У трупе працавалі сапраўдныя майстры, карыфеі беларускай сцэны — гэта быў час вялікага творчага ўздыму Коласаўскага тэатра.
Тэатр шмат гастраліраваў. Пасля выступлення ў 1955 годзе ў Маскве на Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры, дзе калектыў паказаў спектаклі «Несцерка», «Ворагі» і «Раскіданае гняздо», у прэсе з’явілася шмат станоўчых водгукаў. У прыватнасці, рэжысёр Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра Іосіф Раеўскі ставіў пытанне: «У чым жа сіла калектыву?» І сам адказваў: «У няспыннай, творчай дапытлівасці ўсіх яго працаўнікоў, у поўнай адсутнасці пачуцця самазаспакоенасці… У калектыве ёсць сапраўдны творчы ансамбль — гэта і каштоўна».
Пачатак у нумарах за 14 сакавіка, 4 красавіка, 6 чэрвеня. Працяг будзе.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










