Кафэ «Метан», рамонт якога ўжо завяршаецца, стане асноўным аб’ектам грамадскага харчавання і будзе абслугоўваць ганаровых гасцей. Спартыўным цэнтрам «Дажынак» будзе гарадскі стадыён, дзе пройдуць спаборніцтвы і забаўляльныя мерапрыемствы. Раённы цэнтр культуры прыме выставу дажыначных снапоў з усіх раёнаў Віцебшчыны, тут будуць ладзіцца выставы, прысвечаныя хлебу і хлебаробам.
Цікавая гісторыка-культурная выстава разгорнецца ля сцен чыгуначнага вакзала. Яна будзе прысвечана 155-годдзю адкрыцця руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы, якая дала штуршок развіццю некалі маленькай вёскі Шуміліна.
Адным з галоўных аб’ектаў «Дажынак» стане СШ № 1 — гэта ўжо практычна новы аб’ект, створаны ў рамках праграмы «Школа будучага».
Гарадскі парк аддадуць моладзі — на яго дарожках і эстрадзе цікавую праграму прапануе абласная арганізацыя БРСМ.
Будуць працаваць пляцоўкі ўпраўленняў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Захапляльную праграму прадставяць ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветранадэсантнай брыгады. У розных кутках святочнага райцэнтра пройдуць канцэртныя праграмы на любы густ.
Які кірмаш без гандлёвых радоў? Яны зоймуць цэнтральныя вуліцы невялікага гарадка. Сваю прадукцыю прапануюць прадпрыемствы не толькі Віцебскай вобласці, але і розных куткоў нашай краіны.
Галоўная дзея — урачыстае шэсце і ўшанаванне герояў жніва — адбудзецца на вуліцы Кароткіна і цэнтральнай плошчы.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.