Пагаворым с табой па-беларуску

logo
Вторник, 21.02.2023 10:28 | Рубрика: Мнения
0509
21 лютага для мяне – пяшчотны і дарагі дзень не толькі ў календары, але і ў сэрцы. Душа з самага ранку пачынае спяваць, а рука цягнецца да томіка любімага Уладзіміра Караткевіча.

Міжнародны дзень роднай мовы – адно з самых багатых і шаноўных святаў. Сёння ў свеце мы налічваем больш за шэсць тысяч моў, але, на жаль, дзесьці палова з іх ужо пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання знікаючых моў і было абвешчана гэта свята. Трэба абавязкова хоць у такі дзень на матчынай мове загаварыць, пра яе ўзгадаць, успомніць.

У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх каля 80 працэнтаў называюць сябе беларусамі, а прыкладна 50 працэнтаў роднай мовай лічаць беларускую. І калі хоць салідная частка з іх пачне на ёй размаўляць – значыць, не ўсё яшчэ для нас страчана. Аднак адзін дзень адчуць сябе сапраўднымі беларусамі – пагадзіцеся, мала…

Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў. Няма мовы — няма народа, няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Якой нацыянальнасці стане чалавек, калі ў яго цалкам забяруць родную мову? І сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць мову, абараняць яе ад усялякага кшталту ворагаў і крыўдзіцяляў.

Нельга забывацу, што мова была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся законы, вяліся суды, адбываліся соймы. Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, а ў 1517-м у Празе доктар лекарскіх навук Францішак Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску – першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.

У ХХІ стагоддзі надзвычай прэстыжна валодаць замежнымі мовамі: англійскай, французскай, нямецкай, кітайскай. А роднай? Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не можа не радаваць, што мова стала больш актыўна ўжывацца ў сферы рэкламы, культуры, бізнесу, а таксама ў інтэрнэт-прасторы. Мова стала элітарнай: на ёй размаўляюць высокаадукаваныя людзі, літаратары, мастакі, дзеячы навукі, культуры. Гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. І гэта не дзіўна: нам у спадчыну заасталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

Несумненна, дзень мовы падштурхоўвае нас задумацца пра месца матчынай мовы ў нашым жыцці, пра яе захаванне і перадачу наступным пакаленням. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб мова была прызнаная як роўная сярод іншых у свеце. Будзем жа разам з тымі, хто думае пра будучыню мовы! Яна – жывая існасць, наш духоўны Бог, які спрадвек жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Проста паспрабуй адзіны дзень, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

Мне часта ўзгадваюцца прыгожыя радочкі з верша Марыі Новікавай:
І ў палацы, і на сцежцы вузкай,
Каб душа магла пачуць душу,
Размаўляй са мной па-беларуску,
Размаўляй па-роднаму, прашу.

Запрашаю ўсіх у моўную вандроўку, у цікавы, унікальны, раней нязведаны шлях славесніка і лінгвіста.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Канстанцін КАРНЯЛЮК, віцябчанін.