Як выглядае беларускi гаспадар зімы Зюзя

logo
Вторник, 31.12.2024 18:30 | Рубрика: Общество
02528
31 снежня / "Віцьбічы" / Мікіта Яблакаў /. Хто такі Зюзя? – Той, хто прыносіць падарункі дзецям на святы, мае шмат імёнаў і вобразаў. У Японіі гэта Сегацу-сан, у Нідэрландах – Сінтэрклаас, у Фінляндыі – Йоулупуккі, а ў Кітаі – Шэн Дань Лаожэнь. У Беларусі таксама ёсць свой аналаг марознага чараўніка – гаспадар зімы Зюзя.


Даследчыкі лічаць, што некаторыя рысы Зюзі знайшлі адлюстраванне ў знаёмым вобразе Дзеда Мароза. Але не трэба блытаць гэтых герояў. Бог холаду і снегу ніколі не быў добрым, ён увасабляў суровую зіму і насылаў на людзей страшэнныя маразы і завірухі. Дарэчы, Зюзя бярэ пачатак ад слова «зюзець» – мёрзнуць, дубянець ад холаду.

Як ён выглядаў

Зюзя быў адным са старэйшых беларускіх міфалагічных істот. Хутчэй за ўсё, на стварэнне яго вобраза паўплывалі ўяўленні людзей аб прыродзе. Зіма заўсёды лічылася цяжкім часам, які асацыяваўся з іспытамі. Беларусы бачылі Зюзю, як старога невялікага росту, з белымі як снег доўгімі валасамі і барадой. Апрануты ў белы кажух, але без шапкі і басаногі, ён трымаў у руках жалезную булаву. Калі гаспадар зімы злаваўся на людзей, то стукаў па якiм-небудзь пнi, і вакол адразу пачыналася завіруха. Прычыны для незадавальнення маглі быць розныя. 

Беларусы таксама верылі, што на працягу зімы змяняецца як выгляд Зюзі, так і яго характар. Калі ў снежні бог зімы мог паўстаць перад чалавекам дужым мужчынам з белай барадой і валасамі, то ў лютым ён ператвараўся ў сівога злога дзеда. Таму гэты месяц і лічыцца самым халодным і марозным. 

Куццю – на стол

Нашы продкі баяліся і паважалі Зюзю, таму заўсёды стараліся задобрыць старога. Гэта было не цяжка. Збіраючыся ў лес, людзі ведалі, як трэба сябе там паводзіць: з павагай адносіцца да кожнай расліны і жывёлы. Таксама нельга было ісці ў далёкі шлях без падрыхтоўкі. Нядбайных падарожнікаў Зюзя сурова караў, бог зімы сустракаўся ім у лесе, і яны, самі таго не разумеючы, замярзалі насмерць. 

Руплiвыя гаспадары дарылі старому падарункі. Падчас Каляд рыхтавалі абрадавую куццю, выстаўлялі яе на ноч на асобным стале і запрашалі Зюзю ў дом са словамі: «Мароз, Мароз! Хадзі куццю есці! Каб ты не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць!» Калі на другі дзень мароз слабеў, то казалі: «Мароз куцці паеў і паласкавеў», а калі мацнеў, то лічылі, што пачастунак не спадабаўся. 

Вось такі ён, бог холаду і снегу. Дарэчы, вобраз Зюзі даўно стаў своеасаблівым брэндам нашай краіны. Жыве гаспадар зімы пад Паставамі побач з вёскай Азяркі, таму і назвалі яго Зюзя Паазерскі. Кожны год шмат турыстаў наведваюць старога, п’юць салодкую гарбату і смакуюць духмяныя пернікі. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтаваў Мікіта ЯБЛАКАЎ. Автор фото: sb.by