Адпачыць ад горада. Рэпартаж з садовага таварыства ў Шумілінскім раёне

logo
Вторник, 07.06.2022 16:39 | Рубрика: Общество
01696


Для адных лета – гэта Турцыя ці Анапа, для іншых – агарод і лес з суніцамі. Калі мая сяброўка-гараджанка купіла сабе дом у вёсачцы і першы раз у жыцці сабралася саджаць бульбу, нагледзеўшыся ролікаў у ютубе, я задумалася: напэўна, ёсць у працы на зямлі нейкая прыцягальная сіла, якая рана ці позна прываблівае ці не кожнага з нас. Праўда, набыць дом у вёсцы, як мая сяброўка, па кішэні не ўсім. Што рабіць?

Аказваецца, непадалёк, у Шумілінскім раёне, ёсць садовае таварыства з гаворачай назвай «Дачнае». Я накіравалася туды, каб на свае вочы пабачыць, як жывуць сучасныя дачнікі, даведацца, якія праблемы ім даводзіцца вырашаць і з чаго наогул варта пачынаць сваю дачную біяграфію.






Знаходзіцца таварыства паміж вёскамі Язвіна і Ужляціна. Я адразу адзначыла добрую транспартную лагістыку: дабрацца сюды можна без праблем і на аўтобусе, і на поездзе. Гасцей дачны пасёлак сустракае вывескай і стэндам з аб’явамі. Углыб вядзе грунтовая дарога, хоць і не ідэальная, але бачна, што ёю займаюцца – падсыпаюць, пазбаўляюць ад кустоўя абочыны.

Мы дамовіліся сустрэцца са старшынёй таварыства Тамарай Баранавай. Яе ўчастак размясціўся ля самага лесу, дзе цішыню парушаюць толькі спевы птушак і піск камароў па вечарах.

– Напэўна гэта і ёсць край зямлі? – жартам пытаю ў гаспадыні.

– Мы яго і шукалі. Для нас гэта дакладна самае лепшае месца ў свеце, – адказвае Тамара Пятроўна.

Участак жанчына разам з мужам набыла восем год таму. За гэты час яны яго добраўпарадкавалі, давялі да ладу дом, пабудавалі гаспадарчыя памяшканні. Веранда, альтанка, лазня, газон, агарод – тут ёсць усё і для працы на зямлі, і для добрага адпачынку. Творчая натура гаспадыні не ведае стомы. На яе ўчастку безліч разнастайных ландшафтных рашэнняў – тут і казачныя персанажы, і імправізаваныя ручаі з мосцікамі, і мора кветак, і сосны з елкамі. Сцены дома, вароты і нават дарожкі ўпрыгожваюць пано з пластыкавых накрывак ад бутэлек. Вось дзе цярпенне! У стадыі распрацоўкі – фантан! Бачна, што клопату і сіл ва ўладкаванне гэтага месца людзі ўклалі нямала.

– Гэта наша аддушына. Толькі тут мы можам па-сапраўднаму адпачыць усёй сям’ёй. Так, працаваць даводзіцца шмат, але гэта суцэльнае задавальненне, – дзеліцца Тамара Баранава.

Яе як старшыню таварыства радуе, што з кожным годам усё больш участкаў займае моладзь. Яна захапляецца іх працаздольнасцю, тым, як хутка і ладна яны з усім спраўляюцца. Таварыства ажывае.

– Яны прызнаюцца, што не могуць дачакацца пятніцы, каб вырвацца з шумнага горада ў наш рай, – кажа Тамара Пятроўна пра маладых дачнікаў. – Працуюць з ранку да вечара. Вы толькі паглядзіце, якія дагледжаныя ў іх участкі.

І сапраўды – роўныя градкі, кветкі, акуратныя домікі. У адных – больш сціплыя, у іншых – нават шыкоўныя. І на кожным участку рупяцца людзі – завіхаюцца ў агародзе, нешта грабуць, фарбуюць, выкарчоўваюць лазу. У кожнага свой клопат.





А вось Сяргей Грышчанка можа сабе дазволіць і прагуляцца. У яго ўсё зроблена. І не дзіва. Участак мужчына набыў гадоў 20 таму і за гэты час давёў яго да ідэалу. Тут двухпавярховы домік, лазня – асобны гонар гаспадара, парнікі, газоны, агарод, саджалка, калодзеж. Віцеблянін разам з сям’ёй праводзіць на дачы ўвесь вольны час. Ну як тут не захацець набыць участак?

Я пацікавілася ў аддзеле землеўладкавання Шумілінскага райвыканкама, як гэта можна зрабіць. Кансультацыю дала начальнік Наталля Лук’янава:

– У садовым таварыстве «Дачнае» налічваецца каля 300 участкаў, занята дзесці 130. Так што любы жадаючы лёгка можа стаць дачнікам. Для афармлення ўчастка трэба звярнуцца службу «адно акно» райвыканкама. Працэдура абыдзецца ў 350-400 рублёў. А калі ўчастак ужо мае кадастравы нумар, то і яшчэ танней. На кожнага чалавека можна аформіць 15 сотак.

Здаецца, нічога складанага. Бухгалтар таварыства Алена Райкова адзначыла, што так званы дачны збор складае дзве базавыя велічыні ў год. На гэтыя грошы вырашаюцца агульныя для ўсіх праблемы, напрыклад, рамонт дарог. На тэрыторыі таварыства дзве кантэйнерныя пляцоўкі, тры грамадскія калодзежы. Але многія, як, напрыклад, Сяргей Грышчанка, выкапалі і калодзеж, і саджалку на ўласных участках. Раз на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка.

– Мы тут вельмі дружныя. Дапамагаем адзін аднаму, святы разам спраўляем. Вы прыязджайце да нас на Купалле. Мы і вогнішча палім, і вянкі на ваду пускаем, і спяваем, – шчыра запрашае Алена Райкова.

Як высветлілася, некаторыя гараджане жывуць на дачах круглы год і ні на што не гатовыя прамяняць свой сапраўды райскі куток.

На сайце і ў сацыяльных сетках мы размясцілі відэа і фота з маляўнічымі відамі пасёлка. Вывад напрошваецца адзін: дачы – гэта па-ранейшаму модна!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.