Віртуальная экскурсія, конкурсы і вясковый пасядзелкі. У віцебскай СШ №28 прайшоў Дзень роднай мовы і гісторыі

logo
Среда, 23.03.2022 15:28 | Рубрика: Общество
01534
У сярэдзіне сакавіка ў нашай школе адбылося адкрыццё тыдня «Калейдаскоп школьных навук». Навукамі першага дня сталі беларуская мова і літаратура, гісторыя. Колерам дня абралі чырвоны – колер беларускага арнаменту, які сімвалізуе жыццё і сонца.




У гэты дзень у школе быў наладжаны шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай мове і гісторыі.

На працягу дня прайшлі акцыя #маямова, віктарына «Наша Беларусь», «Знаўца беларускай мовы», конкурс «Моўны калейдаскоп», адбылося інтэлектуальнае спаборніцтва па творы З. Бядулі «На Каляды к сыну».


Настаўнікі пачатковых класаў падрыхтавалі традыцыйныя вясковыя пасядзелкі, правялі конкурс на лепшага чытальніка і інтэрактыўныя перапынкі з прызамі.

Пяцікласнікі сталі ўдзельнікамі конкурснай праграмы «Падарожжа ў краіну беларускіх казак». Для вучняў 9-11 класаў настаўнікі гісторыі правялі кахут-гульню «Як ты ведаеш родны край» і арганізавалі выставу дзіцячых малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў.

Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы была зладжана віртуальная экскурсія ў Дзяржаўны музей Я. Купалы і яго філіял «Вязынка». Увазе прысутных быў прапанаваны літаратурны каляндар, прысвечаны жыццю і творчасці песняра. Падчас экскурсіі вучні пачулі расповяд пра жыццё Купалы і пачулі яго вершы, пабывалі ў тым месцы, дзе нарадзіўся класік, убачылі прыгожую прыроду нашага краю, якая цудоўна адлюстравана ў шматлікіх вершах паэта.

Таксама на працягу ўсяго мерапрыемства ўзнёсла гучалі вершаваныя радкі паэта ў выкананні юных чытачоў, якія любяць мастацкае слова. А напрыканцы свята хлопчыкам і дзяўчынкам раздалі кніжныя закладкі і рэкамендацыйны спіс літаратуры на тэму «Не змоўкне голас песняра».

На працягу ўсёй сустрэчы дэманстраваліся фотаздымкі, выданні і ілюстрацыі да мастацкіх твораў паэта. Завочнае падарожжа атрымалася цікавым і пазнавальным.

Несумненна, што пачуццё гонару за сваю Радзіму, родную мову, свой народ – галоўныя складнікі мастацка-літаратурнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў. Верыцца, што навучэнцы нашай школы будуць расці з разуменнем, што найвялікшы скарб народа – гэта яго нацыянальная мова – цудадзейная скарбонка Беларусі, адна з найпрыгажэйшых моў свету: яна самая мілагучная, трапная і пявучая…

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алена Арцюхова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №28 г.Віцебска”.