Прапануем вам зазірнуць у самы «птушыны» населены пункт у наваколлі Віцебска і пазнаёміцца з яго адметнасцямі і цудоўнымі жыхарамі

logo
Суббота, 13.08.2022 12:44 | Рубрика: Витебский район
0678

Крокі гісторыі

Цяперашні аграгарадок вядомы як паселішча неўздалёк ад нашага цяперашняга абласнога цэнтра з XVI стагоддзя. Сваю назву хутчэй за ўсё атрымаў ад імя гаспадара, якому ён належыў. Бо тады былі распаўсюджаны такія прозвішчы, якія цяпер некаторыя лічаць немілагучнымі: Жук, Жаба, Цяліца і гэтак далей. Можа, сярод іх быў і Варона. Такі персанаж, дарэчы, ёсць у знакамітым творы Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Шырока вядома паселішча і баталіямі, якія праходзілі тут у часы напалеонаўскай вайны 1812 года. Пра падзеі мінулага сведчыць мемарыяльны знак, які захаваўся на месцы былога тракта. Ён быў узведзены ў 1912-м да стагоддзя старадаўніх падзей.

Прамільгнулі дзесяцігоддзі. З 16 ліпеня 1954 года Вароны — цэнтр сельсавета, якім дагэтуль і з'яўляюцца. Дарэчы, гэты населены пункт — своеасаблівыя ўяздныя вароты ў Віцебск: неўзабаве ўжо пачынаецца Білева…

Горкая памяць вайны

У час Вялікай Айчыннай вайны вёску спалілі фашысты. Таксама пры вызваленні абласной сталіцы ў Варонах і іх ваколіцах у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінула шмат нашых байцоў. Пра гэта сведчыць помнік на брацкай магіле воінаў і партызан. На гэтым месцы пастаянна праводзяцца патрыятычныя акцыі з удзелам школьнікаў. Да нядаўняга часу ў навакольных лясных масівах знаходзілі боепрыпасы з тых часоў.

За апошні час на мемарыяле замянілі 11 пліт, дадалі прозвішчы больш за 300 чалавек, падфарбавалі розныя элементы кампазіцыі. Сапраўды, ніхто не павінен быць забыты! У гэтым годзе ад мемарыяла ў Варонах да Заполля прайшоў аўтапрабег, прысвечаны Дню Перамогі і 80-годдзю Суражскіх (Віцебскіх) варот. Картэж са сцягамі віталі жыхары навакольных вёсак.

Тут жывецца някепска

Аўтамабільная дарога Віцебск — Лёзна надае гэтаму месцу асаблівую прываблівасць для жадаючых перасяліцца ў вёску альбо пабудаваць летнюю хатку.

Выконваючы абавязкі старшыні мясцовага сельсавета, Алена Якімовіч добра ведае людзей і іх праблемы, бо працуе тут ужо 14 гадоў. Яна адзначае, што зараз па месцы жыхарства зарэгістравана амаль 800 чалавек (дарэчы, значна больш за паўсотні тут падпісчыкаў нашых «Віцьбічаў»). Аднак многа лю­дзей круглагадова пражываюць на дачах. А ўжо ў летні перыяд, па словах Алены Валер'еўны, гэта лічба перавышае 1100 чалавек.

Актыўна прадаюцца з аўкцыёнаў зямельныя ўчасткі. Так пакрысе засяляецца новы квартал на 96 участкаў. Тут ужо жывуць некалькі шматдзетных сем'яў.

Дарэчы, працы ў работнікаў сельвыканкама хапае. Працягваецца барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага, які ўжо не адно дзесяцігоддзе тэрарызуе гэтыя мясціны. Патрабуе ўвагі тое ж добра­ўпарадкаванне, паляпшэнне дарог і багата іншых руцінных мерапрыемстваў.

Улюбёны вадаём гараджан

Маляўнічае возера Палонскае — адзін з самых запатрабаваных гараджанамі ў летнюю спёку вадаём, ля якога, асабліва ў выхадныя дні, не прадыхнуцца. Яно мае адзін вялікі і некалькі маленькіх пляжаў.

Сёлета па рашэнні Віцебскага райвыканкама актывізаваліся працы па яго добраўпарадкаванні. У прыватнасці, усталяваны тры кабінкі для пераапранання, што вельмі палепшыла камфорт адпачываючых. Да іх паслуг восем спецыяльных парасонаў для абароны ад сонца і дажджу. Завезены пясок для паляпшэння сходу да возера ў тых месцах, дзе ён быў не зусім добры. Спонсарскую дапамогу аказала Варонаў­скае лясніцтва, якое зрабіла і ўсталявала лаўкі.

Апантаныя спортам людзі некалькі гадоў таму абсталявалі побач з возерам пляцоўку для пляжнага валейбола. Тут перыядычна праводзяцца не толькі аматарскія гульні, але і сур'ёзныя турніры, нават рэспубліканскага ўзроўню. У планах арганізатараў — зрабіць міні-пляцоўку і для дзетак. Для гэтай жа ўзроставай катэгорыі на беразе зроблены пясочніцы.

За бяспекай адпачываючых пастаянна сочаць выратавальнікі.

У краіне ведаў

Адной з адметнасцяў Варон з'яўляецца сярэдняя школа, дзе працуюць шчырыя і адданыя прафесіі людзі. Іх гонарам з'яўляецца музей «Гісторыя Варонаўскага краю». Педагогі распрацоўваюць і праводзяць экскурсіі. На базе школьнага музея рэгулярна праводзяцца ўсемагчымыя мерапрыемствы, як, напрыклад, лекцыі, конкурсы малюнкаў. Музейныя экспанаты выкарыстоўваюцца ў навучальна-выхаваўчым працэсе. Кіраўніцтва школы канстатуе, што ў апошні час значна ўзрасла цікавасць да краязнаўства.

Жыхары прыгарада

У Варонах назіраецца сапраўдны «сімбіёз» жыхароў розных узростаў і прафесій.

Так, на раённых спаборніцтвах у Барвіне «Сям'я за бяспеку разам» увагу многіх прысутных і аўтара гэтых радкоў прыцягнула ячэйка грамадства з Варон — Мураўскіх. І хоць занялі яны трэцяе месца, аднак запомніліся арыгінальнасцю і воляй да перамогі. І тата Пётр, і мама Таццяна — карэнныя жыхары Варон. Вучыліся ў адной школе, аднак больш старэйшы хлопец не звяртаў увагі на малечу. А больш цесна па­знаёміліся на дыскатэцы акурат у дзень 20-годдзя дзяўчыны.

Разам яны жывуць ужо больш за 18 гадоў, гадуюць цудоўных дзетак — 12-гадовую Ірыну і 7-гадовага Дзмітрыя. Галава сям'і працуе вадзіцелем, а другая палова — у вядомым многім гараджанам кафэ «Кацюша» на варонаўскай дарожнай развязцы. Дарэчы, дачцэ перадаліся матчыны гены ў кухарстве: любіць частаваць сям'ю рознымі слодычамі.

На дарозе да возера сустрэлася Ала Антаненка. Яна тут жыве ўжо 50 гадоў. Адпрацавала ў сельскай гаспадарцы. Часам дае незлаблівыя парады работнікам сельсавета. І тыя заўсёды ўважлі­ва іх разглядаюць. Ала Мікалаеўна з гонарам адзначыла, што якраз у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 3 ліпеня, справіла сваё 75-годдзе.

Кабета задаволена, што нядаўна павялічылі пенсію. Жартуе, што цяпер дадаткова можна набыць тры кілаграмы добрага сала, «каб душа плясала».

Цікавым аказалася знаёмства з Галі­най і Светаславам Барысевічамі. Яны абодва карэнныя жыхары Варон. Вучыліся ў адным класе мясцовай школы, ды так нарэшце і зразумелі, што не могуць адно без аднаго жыць. Згулялі летась ужо залатое вяселле. Маюць дзвюх дарослых дачок. Адна працуе ў Варонаўскай СШ, другая — у абласным цэнтры медыкам. Ужо ёсць і ўнукі.

Усё ў комплексе

У аграгарадку, па словах яго жыхароў, добра наладжаны гандаль. Ёсць стацыянарныя кропкі, і акрамя таго, штопятніцы прыязджае «ганнаўская» аўталаўка. Варонаўскі дзіцячы сад таксама мае сваіх «кліентаў». Медычную дапамогу ўсім вяскоўцам аказвае Варонаўскі ФАП гарадской паліклінікі № 1. Варонаўскі сельскі дом культуры дапамагае мясцовым жыхарам адпачыць з карысцю. А калі чаго не стае, грамадскі транспарт дапаможа дабрацца да Віцебска, дзе можна набыць патрэбны тавар ці заказаць пэўную паслугу.

А варон тут няма

Некаторыя месцічы ўпэўнены, што аграгарадок названы так таму, што ў свой час тут было багата варон. Але сёлета я не сустрэў аніводнай. З роднасных ім птушак убачыў толькі галак, сарок і нават крумкачоў, якія звычайна не надта любяць трапляць на вочы лю­дзям. У аграгарадку жартуюць, што вароны, як і многія вясковыя жыхары, прос­та перабраліся ў горад — да больш лёгкага жыцця.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.