Такія розныя і цікавыя фразеалагізмы беларускай мовы

logo
Пятница, 21.02.2025 16:00 | Рубрика: Общество
02284
21 лютага / "Віцьбічы" / Марыя Будкевiч /. Самацветамі роднай мовы называюць фразеалагізмы. Яны ўпрыгожваюць мову, робяць яе больш выразнай, вобразнай. Беларуская моўная скарбонка багатая на ўстойлівыя спалучэнні, фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі, якія ўтрымліваюць вопыт нашых продкаў. Так ён перадаецца з пакалення ў пакаленне.


Фразеалагічны склад сучаснай беларускай мовы фарміраваўся і ўзбагачаўся на працягу многіх стагоддзяў. Канечне, асноўнай крыніцай была жывая народная мова, вусная народная творчасць. 

Большую частку фразеалагічнага запасу сучаснай беларускай мовы складаюць спрадвечна беларускія фразеалагізмы, сярод якіх вылучаюцца: 

  • агульнаславянскія (якія ўжываюцца толькі ў славянскай мовах і ўзніклі ў агульнаславянскую эпоху): з галавы да ног, правая рука, пераліваць з пустога ў парожняе, як з вядра, кроў з малаком; 
  • агульнаўсходнеславянскія (вядомыя толькі ў беларускай, рускай і ўкраінскай мовах): выводзіць на чыстую ваду, лезці на ражон, віламі па вадзе пісана, чалом біць; 
  • уласнабеларускія (уласцівыя толькі беларускай мове, узніклі з утварэннем і развіццём беларускай народнасці): хварэць на пана, дзясятаму заказаць, напрамілы бог, на ваду брахаць, як пшаніцу прадаўшы. 
У беларускай мове шмат і запазычаных фразеалагізмаў, якія прыйшлі да нас з іншых моў:

  • з царкоўнаславянскай: блудны сын, соль зямлі, з мірам, святая святых, раб божы, піць горкую чашу да дна; 
  • з польскай: даць дыхту, збіваць з тропу, відаць пана па халявах; 
  • з рускай: з карабля на баль, неба ў алмазах, пайшла пісаць губерня, танцаваць ад печкі, казанская сірата, рожкі ды ножкі; 
  • з украінскай: даць гарбуз, даць ляшча, збіваць з панталыку; 
  • з нямецкай: ні рыба ні мяса, іграць першую скрыпку, мець грунт пад нагамі; 
  • з французскай: з вышыні птушынага палёту, раз і назаўсёды; 
  • з англійскай: рукі прэч, прайсці агонь і ваду. 
Большасць фразеалагізмаў мае выразнае ацэначнае значэнне: хоць кол на галаве чашы (пра ўпартага чалавека), толькі пяткі блішчаць (пра таго, хто хутка знікае, уцякае), прышчаміць хвост (прымушаць некага падпарадкоўвацца; ствараць цяжкае, безвыходнае становішча). 

Некаторыя фразеалагізмы пераважна ўжываюцца ў пісьмовым, кніжным маўленні і маюць выразную афарбоўку афіцыйнасці, урачыстасці, паэтычнасці ці ўзнёсласці: месца пад сонцам, мець гонар, падаваць надзеі, выводзіць на дарогу, біць крыніцай, падвесці рысу, увесці ў курс (справы) і іншыя. 

Дарэчы, праз фразеалагізмы мы зараз можам убачыць нацыянальную карціну свету беларусаў. Устойлівыя спалучэнні слоў адлюстроўваюць своеасаблівае бачанне свету, нясуць звесткі пра побыт нашых продкаў. Напрыклад, выраз «дроў у печ падкладаць» – гэта значыць абвастраць складаныя адносіны, а «таўчы ваду ў ступе» – займацца непатрэбнай справай, марна бавіць час, «біць бібікі» – гультайнічаць, бяздзейнічаць. 

Праз фразеалагізмы мы таксама можам даведацца пра розныя аспекты чалавечых паводзін. Напрыклад, «вадзіць дзяды» азначае драмаць седзячы, «даць гарбуза» – адмовіць хлопцу ў жаніцьбе, «закідаць зайца» – перагароджваць дарогу вясельнаму картэжу жэрдкай ці вяроўкай, «абкласці чырвонымі сцяжкамі» – стварыць вельмі неспрыяльныя ўмовы для чыёй-небудзь жыццядзейнасці. 

Беларускія фразеалагізмы змяшчаюць у сабе мудры погляд на жыццё, паказваюць сістэму адносін чалавека з прыродай, грамадствам, сям’ёй, блізкімі і сябрамі. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Марыя БУДКЕВIЧ.