Гнёзды прашчураў: Што могуць расказаць пра былое назвы розных населеных пунктаў?

logo
Пятница, 21.02.2025 18:39 | Рубрика: Общество
01596
21 лютага / "Віцьбічы" /. Што могуць расказаць пра былое назвы розных населеных пунктаў? У гонар Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца сёння, пагаворым пра тапонімы, якія пайшлі ад тыпаў паселішчаў, і, як сцвярджае вядомы вучоны Валянціна Лемцюгова, адлюстроўваюць асаблівасці грамадскага, эканамічнага жыцця, матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.


Спрадвечны корань 

Пачнём з вёскі – вельмі блізкага нам слова, кроўнага. Яно агульнаславянскае і даволі старажытнае. Але што цікава, акрамя нас, беларусаў, у астатнім славянскім свеце слова не стала тэрмінам для пазначэння адпаведнага тыпу сельскага паселішча. У рускай мове, праўда, яно выкарыстоўваецца, але выключна ў літаратурных творах, каб надаць сказанаму ці напісанаму адпаведны ўрачысты пафас, і яшчэ ў тэкстах царкоўнага характару. Гэта, напрыклад, адлюстравана ў славутым выразе: «По городам и весям». Мы маем на Віцебшчыне чатыры Новыя Вёскі – у Браслаўскім, Глыбоцкім і Докшыцкім раёнах, а ў апошнім была яшчэ і Старая Вёска. Слова «деревня» – спецыфічна рускае. Утворана ад «драть» – узорваць лясную цаліну. Як зазначае Валянціна Лемцюгова, на Беларусі толькі 10 назваў з такой асновай. На Віцебшчыне іх тры – Дзярэўня, Дзеравушка і Новая Дзярэўня ў Чашніцкім, Гарадоцкім і Браслаўскім раёнах. 

Жытло і грунт 

Як лічаць лінгвісты, у тэрміне «сяло» спалучаюцца ў адну дзве асновы. Сяло – як населены пункт, дамы, жытло. І сяло – поле, зямля (паводле лацінскага «солюм» – грунт, глеба). Сяло і вёска ў многім сінонімы. Але ёсць і пэўная розніца. У XV стагоддзі тэрмінам «сяло» сталі пазначаць населены пункт з царквой. З развіццём гандлю ў сёлах з’яўляліся рыначныя плошчы, як грыбы раслі корчмы, яны станавіліся адміністрацыйнымі і гаспадарчымі цэнтрамі навакольных вёсак. Але адхіленні ад статусу дапускаліся. Да прыкладу, у сярэдзіне XIX стагоддзя ў Віцебскай губерні дзейнічалі 293 храмы, з іх 90 – у сельскай мясцовасці, а сёлаў налічвалася значна больш – 1319. Асабліва шмат паселішчаў гэтага тыпу стала ў нас пасля Паўночнай вайны 1700 – 1721 гадоў. Сёлы ствараліся на закінутых ці цалінных землях. У іх было больш двароў, чым у вёсках. 

Але паступова сяло пачало губляць прыкметы свайго больш высокага становішча, і ў наш час асноўным афіцыйным найменнем сельскага паселішча з’яўляецца менавіта вёска. Цяпер назву Сяло (без прыметнікаў) маюць на Віцебшчыне толькі дзве вёскі – у Гарадоцкім і Лёзненскім раёнах. Ёсць яшчэ Сяло Вялікае, Дворнае, Рускае, Крывое… А таксама вёскі Сяльцо, Белае Сяльцо, Сялко, Сялец. У даўніну на віцебскіх і полацкіх землях сяльцом называлі адасобленую сялянскую гаспадарку, вылучаную з абшчыны. Сялібкай зваўся на Віцебшчыне ў даўнія часы самотны двор. Яе можна параўнаць з рускай «усадьбай». Вёску Сялібку ў Шаркаўшчынскім раёне падчас вайны спалілі фашысты. Селішча – участак зямлі на месцы ранейшага жытла, пакінутага людзьмі па розных прычынах. На сённяшні час мы маем у вобласці 11 тапонімаў з такой асновай. 

Дым з комінаў 

Двор – сталае жыллё адной сям’і або некалькіх, звязаных паміж сабой сваяцкімі, кроўнымі адносінамі. У XVII-XVIII стагоддзях гэта была асобная гаспадарка, з якой спаганяліся падаткі і феадальныя павіннасці. Белым Дваром называўся панскі маёнтак – у адрозненне ад несамавітых вясковых хацін. А таксама і сялянская сядзіба, калі была дагледжанай і радавала вока сваім хараством, асабліва на фоне прыгожых краявідаў роднай прыроды (вёскі Белы Двор у Шаркаўшчынскім раёне). Дварцом, паводле старабеларускай мовы, было дробнае, невялікае панскае памесце, – маленькі двор, а не палац (вёскі Дварэц у Сенненскім і Чашніцкім раёнах). 

Корань «двор» паслужыў асновай для многіх тапонімаў – Адворня, Адворыца, Задвор’е, Дворчаны, Дворыца, Дворнікі, Дворнава, Старадворцы… А яшчэ шмат назваў двухслоўных, дзе «двор» – слова матачнае, на якое, як на далонь, легла другое. Дворышча – паселішча вялікай сям’і, у якую ўваходзіла 5–10, а то і больш сваяцкіх сем’яў. Вёскі з такой назвай ёсць у многіх раёнах. З узмацненнем феадальнага прыгнёту дворышчы паступова распадаліся на асобныя сем’і, ачагі – дымы, што ў XIVXVI стагоддзях былі ў Вялікім княстве Літоўскім падатковай адзінкай. Чым больш дымоў, тым болей меў пан даходаў ва ўласную кішэню (вёска Дымаўшчына ў Віцебскім раёне).

Местачковы каларыт 

Даволі цікавымі паселішчамі былі ў мінулым мястэчкі. Слова «места» – агульнаславянскае. Гэта – горад. Кіеў для ўкраінцаў – «місто», Варшава для палякаў – «място». У рускай мове слова «места» ў дачыненні да горада не ўжываецца, корань захаваўся ў слове «предместье» – ускраіна горада. На Беларусі з XV стагоддзя мяшчанамі зваліся гараджане – рамеснікі, дробныя гандляры. Мястэчка, як няцяжка здагадацца, – невялікі горад. Дакладней, гэта было прамежкавае звяно паміж горадам і вёскай. Горад, бо насельніцтва мела хлеб на кожны дзень ад гандлю і рамёстваў. Вёска, бо жылі тут і сяляне, што карміліся з працы на зямлі. Мястэчкі пачалі з’яўляцца ў XV стагоддзі пераважна каля панскіх маёнткаў і магнацкіх замкаў, пры якіх існавалі таргі. Яны прыкметна паспрыялі гандлю, росту даходаў у казну, развіццю рамёстваў. З часам, спакваля склаўся іх адметны знешні выгляд. 

Цэнтрам была шырокая рыначная плошча, дзе ўвосень імпэтна віравалі шматлюдныя кірмашы. Затым некалькі брукаваных вуліц, доўгі ланцужок крамаў з розным таварам, саматужныя майстэрні, царква або касцёл, у больш познія часы – сінагога… У мястэчку Паставы, дзе маштабна гандлявалі збожжам, было ажно 29 заезных двароў і корчмаў. Мястэчкамі ў свой час з’яўляліся Талачын, Ула, Докшыцы, Лёзна, Глыбокае, Варапаева, Дуброўна, Чашнікі, Асвея, Барань, Відзы, Ушачы, Шаркаўшчына, Езярышча, Лужкі, Мосар, Пліса… Значную частку жыхароў (а нярэдка і большасць) складалі яўрэі, энергічна праўяляючы свае камерцыйныя здольнасці, яны займалі вядучае месяца ў тагачасным эканамічным сектары. У верасні 1938 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, увёўшы новую класіфікацыю населеных пунктаў, скасаваў мястэчкі. Іх напаткаў розны лёс. 

Адны былі аднесены да гарадоў абласнога падпарадкавання, другія – да рабочых і гарадскіх пасёлкаў. А вельмі многія атрымалі статус вёскі. Як, у прыватнасці, Мястэчка, што ў Пастаўскім раёне. Слаўная гісторыя вёскі Мястэчка Гарадоцкага раёна. Паселішча ўзнікла на высокім беразе маляўнічага возера Езярышчы, відавочна, не пазней за XIV стагоддзе, калі паблізу быў узведзены на востраве абарончы замак, які неаднойчы гарэў, а затым аднаўляўся. Мястэчкам паселішча стала ў 1584 годзе, атрымаўшы ад караля прывілеі і розныя льготы. У XVIII стагоддзі тут дзейнічала палатняная фабрыка, вырас прыгожы гмах панскага палаца. Але на зыходзе XIX стагоддзя паселішча страціла статус мястэчка, называлася пэўны час сялом Езярышча – Мястэчка, а неўзабаве стала вёскай. Ад замка захаваліся шырокія валы, глыбокія рвы, рэшткі падмуркаў, дзе стаялі калісьці тры магутныя вежы… Ды была вёска Замак, сселеная ў Мястэчка ў 1939 годзе. 

З чужых берагоў 

Яшчэ адзін адметны тып населеных пунктаў – калонія. У перакладзе з латыні гэта пасяленне выхадцаў з іншых краін. У XVI стагоддзі нашу зямлю пачалі актыўна засяляць немцы. Каланісты давалі паселішчам экзатычныя назвы. Так з’явіліся ў нас Шанхай, Швейцарыя, Абісінія, Венецыя, Фузберг, Клентанбург, Дыхфельд, Цірольня, Люксембург, Новы і стары Мар’янвельды, Новы Ерусалім, Прагрэс, Фантазія, Флора, Янтар… На жаль, гэтыя хутары і вёсачкі ўжо аджылі сваё. Пра былую гістарычную з’яву нагадвае сёння назва вёсак Калонія ў Браслаўскім і Гарадоцкім раёнах. Была калісьці ў Браслаўскім раёне вёска Пеліканы. 

Паводле падання, спыніўся аднойчы ў панскім маёнтку вандроўны рыцар. Ноччу на маёнтак напалі разбойнікі, і перапалоханы рыцар, не ўступіўшы ў бітву, збег, пакінуўшы ў пакоі незвычайную птушку – пелікана. На справе ж вёску Пеліканы, вядомую з 1613 года, заснавалі каланісты. Слова «пелікан», дарэчы, прыйшло з нямецкай мовы, куды ў сваю чаргу трапіла з латыні. У перакладзе гэта сякера, якраз сякеру нагадвае спецыфічны нос птушкі. Былы хутар Галяндрыя, як лічыць бешанковіцкі краязнавец Анатоль Крачкоўскі, заснавалі ля фальварка Бачэйкава каланісты з Галандыі – адмысловыя сыравары. Першая сырніца з’явілася тут пасля 1635 года. 

Ключ да тайны 

А вось яшчэ вёска з экзатычнай назвай Манголія ў Сенненскім раёне. Краязнаўцы сцвярджаюць, што першую хату пабудаваў тут салдат, які вярнуўся з руска-японскай вайны і атрымаў за геройства надзел зямлі. Ля вёскі Байкал, што ў Талачынскім раёне, возера няма. І не ў гонар слаўнага мора мае паселішча такую назву. Адным з першых жыхароў быў чалавек вельмі гаваркі, язык яго не ведаў стомы. Атрымаў пустамеля адпаведную мянушку – Байко. Загадкавай застаецца даволі незвычайная назва вёскі Яя ў Браслаўскім раёне. Існуе версія, што жыў тут даўным-даўно немец, які меў звычку часта вымаўляць слова «я». Па-нямецку гэта «так». У Друеўскім сельсавеце Браслаўскага раёна ёсць хутар Безназванне. Зноў жа невядома, чаму паселішча не займела пэўнай назвы. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Анатоль БРУЦКI