Баграцовы з аграгарадка Мікіціха Шумілінскага раёна вядуць звычайнае вясковае жыццё, любяць сваіх дзетак, займаюцца гаспадаркай і мараць пра падарожжы

logo
Четверг, 11.11.2021 09:49 | Рубрика: Дом и семья
05966

Дзмітрый і Вольга разам ужо больш за 13 год. Вольга закончыла вет­а­кадэмію і па размеркаванні прыбыла працаваць у мясцовую гаспадарку ветэрынарным урачом. Дзмітрый, вырашыўшы ўладкоўваць сваё жыццё ў Беларусі, прыехаў у Мікіціху з Луганскай вобласці. Некаторы час хлопец таксама рупіўся на сельгаспрадпрыемстве, там маладыя людзі і заўважылі адзін аднаго.

Ажаніліся ў 2008 годзе. Маладая сям’я атрымала ад гаспадаркі дом, у якім нарадзіліся чацвёра дзетак — два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Першынцу Максіму ўжо 13 год, хлопец вучыцца ў полацкай гімназіі і да бацькоў прыязджае толькі па выхадных. Расказаў, што захапляецца інфарматыкай і збіраецца стаць праграмістам. 10­-гадовы Анд­рэй і Даша, якой споўнілася 7, наведваюць мясцовую школу, малодшая Маша — дзіцячы сад.

— Заўжды хацела двух­трох дзетак, атрымалася чац­вёра, і я вельмі гэтаму рада, — кажа Вольга. — Не думаю, што шматдзетнасць робіць нашу сям’ю нейкай асаблівай. Калі нехта лічыць, што гадаваць чацвярых больш складана, чым, да прыкладу, дваіх, то памыляецца.

— Крыху складана было з першым і другім, а далей колькасць ужо не мае значэння, — уключаецца ў гутарку бацька.

Дзмітрый зараз працуе майстрам на аўтазаправачнай станцыі. Графік стандартны — з 8.00 да 17.00, таму малодшых з сада і школы забірае заўжды ён. Вольга, як шмат­дзетная маці, мае права на дадатковы выхадны ў сераду, але карыстаецца гэтым бонусам зрэдку: у галоўнага вет­урача такой вялікай гаспадаркі вельмі шмат работы. Толькі дойны статак складае амаль тысячу галоў, ёсць яшчэ комплекс на 5 тысяч цялят. Клопату многа, а рук не хапае.

— Зараз працаваць у гаспадарцы няпроста. Пагоршылася кармавая база, жывёлы больш хварэюць, адпаведна зніжаецца колькасць прадукцыі, — разважае Вольга. — І спецыялістаў не хапае. Вось і нядаўна, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, з’ехала ў сталіцу маладая пара ветурачоў. А яшчэ вельмі хочацца, каб прадукцыя жывёлагадоўлі больш цанілася.

На пытанне, ці складана жыць маладым у вёсцы, адказваюць, што маркоціцца няма часу. Ды і амаль кожныя выхадныя яны загружаюцца ў аўто і едуць у Віцебск, Полацк ці Мінск — за пакупкамі і дзетак выгуляць.

Калі Вользе не вельмі хочацца стаяць ля пліты, то можа і гатовае нешта ў супермаркеце купіць.

—У мамы вельмі смачнымі атрымліваюцца аладкі, бліны ды сырнікі, — кажа малодшая Машанька.

Яна ў іх самая жвавая. Калі што, і шпалеры размалюе, і яшчэ якой шкоды наробіць. А бацькі не сварацца — проста рамонт робяць.

— Яны ў нас не вельмі строгія, — у адзін голас кажуць дзеці.

Летась Вольга Баграцова атрымала раённую прэмію імя Героя Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінскай. А сёлета шматдзетная маці ўдастоена абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай­Марчанкі.

— Гэта вельмі пачэсна, але ў той жа час мы не адзіная сям’я ў аграгарадку, якая вартая такіх узнагарод, — кажа Вольга. — Шкада толькі, што многія шматдзетныя, калі ім прапаноўваюць кватэру ў райцэнтры, пакі­даюць вёску. Чаму б не будаваць жыллё для такіх сем’яў па месцы жыхарства, тады б і вёска не пусцела, і спецыя­лістаў у гаспадарцы хапала.

У Баграцовых таксама ёсць кватэра ў раённым цэнтры — пабудавалі як шматдзетныя з дапамогай дзяржавы. Але з’язджаць з Мікіціхі яны не плануюць. Карыстацца ўсімі гарадскімі дабротамі лёгка, калі ёсць машына. Дарэчы, Вольга ўжо атрымала правы на ваджэнне трактара, хутка будзе вадзіць і аўто. Тут у іх свая невялікая гаспадарка — куры, індакачкі, агарод. Нядаўна муж падарыў парнік з полікарбанату. Пад бокам лес, дзе поўна грыбоў і ягад. Ну які горад?

На наступны год сям’я збіраецца ў падарожжа: вельмі хочацца дзецям мора пака­заць. Хоць бы толькі каранавірус адступіў. Дарэчы, прышчэпкі Вольга і Дзмітрый зрабілі.

А наогул, Баграцовы задаволены сваім жыццём, усё, як кажуць, слава богу.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.