Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да вернікаў з Велікодным пасланнем

logo
Суббота, 08.04.2023 15:25 | Рубрика: Религия
03567

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

Напружанасць у міжлюдcкіх адносінах нярэдка абуджае пытанне светапогляду чалавека. Хто я, навошта жыву, які сэнс у тым, што адбываецца са мной і навокал, што мяне чакае ў будучым? Сярод гэтых пытанняў важнае месца займае пытанне існавання Найвышэйшай Сілы, Бога, у Якім чалавек нават інстынктыўна шукае паратунку і дапамогі ў вырашэнні тых ці іншых праблем. Як сцвердзіў у свой час кардынал Юзаф Ратцынгер — Папа Бэнэдыкт ХVI, «у свеце без Бога мы застаёмся пазбаўленымі ісціны, а гэта значыць — рабамі» (Кард. Ю. Ратцынгер. «Новы спеў Пану» 1,4; 1990 г.).

Хрысціянства не проста дае адказы на пытанні, звязаныя з існаваннем чалавека, яно мае ў сабе моц учыніць гэтае існаванне «Паўнатою жыцця» (пар. Ян 10, 10). І гэтая «поўня», гэты Божы «дастатак» крыецца менавіта ў Крыжовай Ахвяры і Уваскрасенні нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Таму мы зноў з вялікай павагай, радасцю і надзеяй услухоўваемся ў словы Велікоднай літургіі, якая абвяшчае перамогу Хрыста над грахом і смерцю.

Разважаючы над падзеямі Вялікай Ночы і Раніцы, што надышла пасля яе, мы заўсёды можам знайсці ў іх сваё месца: ці ў шэрагу абыякавых мінакоў, ці ў кагорце перапалоханых жаўнераў, праплачаных, каб хлусіць пра нібыта выкрадзенае цела ўкрыжаванага за два дні раней Настаўніка з Назарэту, ці сярод жанчын і апосталаў, якія з захапленнем распавядаюць пра сваю сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом.

«Спакой вам!» (Лк 24,36). Гэтыя словы, якімі Уваскрослы Збаўца прывітаў у Велікодную Раніцу сваіх вучняў, Ён скіроўвае сёння таксама да нас! Да тых, хто яшчэ, магчыма, блукае ў цемры, але мае вялікае прагненне жыць у Божым святле, жыць у праўдзе, у свабодзе Божых дзяцей. Да тых, каго напаткалі хвароба, выгнанне, разлад у адносінах з бліжнімі, жыццёвая параза. «Спакой вам!» Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае Імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага» (Лк 24,4648).

Так, мы сведкі гэтага, калі моцна трымаемся Хрыстовага Крыжа, калі не дазваляем нянавісці завалодаць нашым сэрцам, але прабачаем, як і Бог прабачае нам правіны нашыя. Калі шукаем праўду і паводле праўды ім кнёмся жыць. Калі з вуснаў нашых не выходзіць ніякая нядобрая мова, а ў намерах і ўчынках нашых няма падману. Тады разам з Хрыстом мы становімся пераможцамі смерці і ўжо цяпер уваскрасаем з граху.

Няхай Той, Хто вытрываў у выпрабаваннях і, прабачаючы людскі грэх, уваскрос з памерлых, прынясе кожнай вашай сям’і, усёй нашай краіне і сучаснаму свету ласку прымірэння, згоды, спынення войнаў і супакою!
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by