Віншаванне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча на Божае Нараджэнне

logo
Воскресенье, 24.12.2023 20:04 | Рубрика: Общество
0926
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч павіншаваў вернікаў са святам Божага Нараджэння


Дарагія браты i сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннiкi!

«... Нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, Якім ёсць Хрыстус Пан. I вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавiтае i пакладзенае ў яслях». (Лк 2,11-12).

Словы надзеi, якiя абвясцiў нябесны пасланнiк пастушкам, Касцёл абвяшчае сёння нам: нарадзiўся вам сёння Збаўца, Якiм ёсць Хрыстус Пан! Нарадзiўся сёння, тут, сярод нас. Так, насамрэч Ён заўсёды прысутны ў гэтым свеце, бо паабяцаў калiсьцi апосталам, што не пакіне нас сiротамi i застанецца з намі. Але дазваляе нам зноў i зноў перажываць падзею свайго нараджэння, каб мы маглі адчуць тую радасць, якую адчуваюць бацькі, калi ў iх з’яўляецца нованароджанае дзіця.

Нараджаецца Крынiца i Даўца жыцця ў людскiм целе. Прыходзіць у свет, якi амаль страцiў пачуццё адказнасцi за чалавечае жыццё. У свет, дзе гэтае жыццё не каштуе ўжо амаль нічога, становiцца разменнай манетай, сродкам для рэалiзацыi чужых амбiцый, дзе так легкадумна i мы нярэдка ставiмся да гэтага найвышэйшага Божага дару.

Таму Бог сам пажадаў стаць чалавекам, каб дапамагчы нам заставацца людзьмі. Найпрасцей гэта зрабiць, гледзячы на прыклад жыцця Езуса i Яго сям’і. Не каб капіяваць яго «адзін у адзін», але навучыцца прынцыпу, паводле якога жыў Езус, — прынцыпу мiласэрнай любові. Ён нарадзiўся ў стайнi, сярод жывёлаў, адчуўшы ўжо з самага свайго нараджэння абыякавасць i холад людскіх сэрцаў, прыйшоў, каб нарэшце памерцi на крыжы, але не для таго, каб пакараць гэты свет. Ён прыйшоў яго ўратаваць, даць надзею i навучыць «не адплачваць злом за зло, але рабіць заўсёды дабро адно аднаму i ўсiм. Заўсёды радавацца, няспынна малiцца. За ўсё дзякаваць, бо такая адносна нас воля Божая...» (пар. Тэс 5, 15-18).

Змяняецца час i змяняюцца людскiя пакаленні, змяняецца свет i яго выклікі, але нязменнай застаецца чалавечая натура з яе слабасцямі, як i нязменным застаецца Бог з Яго міласэрнай любоўю да чалавека. Паспрабуйма чарговы раз адчуць яе, схіляючыся над Бэтлеемскiмi яслямi, дзе ляжыць маленькае Дзiця, прыносячы для нас па-сапраўднаму трывалыя i вечныя каштоўнасцi. Паспрабуйма чарговы раз на гэтых каштоўнасцях будаваць нашае цяперашняе жыццё i нашую будучыню!

Згоды i паяднання, супакою i здароўя, мiрнага неба над галавою i Божага бласлаўлення ва ўсiх добрых справах кожнаму з Вас, Вашым сем’ям i ўсёй нашай краiне Беларусі!

Радасных Святаў Божага Нараджэння i шчаслівага Новага, 2024 года!

Алег БУТКЕВIЧ, бiскуп Віцебскі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by