Ураджэнец Полацка Навум Гальпяровіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі

logo
Понедельник, 28.09.2026 18:54 | Рубрика: Общество
0239
Калі ў гэтым годзе ўручалі Нацыянальную літаратурную прэмію, жыхары Віцебшчыны двойчы парадаваліся за сваіх землякоў. Акрамя Вольгі Русілкі, якая атрымала ўзнагароду за лепшую кнігу паэзіі, у лік пераможцаў трапіў ураджэнец Полацка Навум Гальпяровіч. Яго раман-эсэ «Чырвоны мост» адзначаны ў намінацыі «Лепшы твор прозы».


Сімвал дзяцінства 

Хоць Навум Гальпяровіч, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнік, журналіст, зараз не жыве на Віцебшчыне, але адчувае з ёй непарыўную сувязь. Інакш і быць не магло: як забыць мясціны, дзе прайшлі твае дзяцінства і юнацтва? Па словах Навума Якаўлевіча, малая радзіма заўсёды з ім — у душы, у памяці. Пра гэта сведчыць і кніга «Чырвоны мост», назва якой адсылае да канкрэтнай полацкай рэаліі. Гэты мост, што злучае берагі ракі Палаты, існуе даўно. Безумоўна, выгляд яго мяняўся на працягу стагоддзяў. А сваю цяперашнюю назву аб’ект гарадской інфраструктуры атрымаў пасля жорсткіх баёў 1812 года паміж рускім і французскім войскамі. Кажуць, тады загінулі тысячы чалавек, і пераправа праз рэчку была чырвонай ад іх крыві. 

У рамане Навума Гальпяровіча мост набывае асаблівае значэнне, звязанае з асабістай гісторыяй аўтара.

— У маёй кнізе Чырвоны мост — гэта не толькі геаграфічны абъект, мясцовая выдатнасць, але і сімвал мясцін, дзе прайшлі маё дзяцінства, юнацтва, — патлумачыў пісьменнік. — Я нарадзіўся ў Полацку каля Сафійскага сабора, недалёка ад якога знаходзіўся радзільны дом. А жыў каля Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Праз мост праходзіў шлях ад майго дома да другой часткі горада, да сяброў, бібліятэкі. Такім чынам, Чырвоны мост стаў для мяне дарогай у маленства, ён злучае, калі можна так сказаць, важныя пункты маёй душы.

«Полацк — мой дом» 

Навум Гальпяровіч адзначыў, што пісаў пра сябе, сваіх блізкіх і пра родны Полацк. Прычым у першую чаргу — менавіта пра горад, які сфарміраваў яго як чалавека і стаў асновай усяго далейшага існавання. Там ён навучыўся гаварыць па-беларуску, а пазней, шмат у чым дзякуючы творчасці Уладзіміра Караткевіча, асэнсаваў хараство роднай мовы, там пазнаёміўся з нашай старажытнай гісторыяй, а таксама ўвабраў у сябе жыццёвую мудрасць сваіх сучаснікаў — людзей розных нацыянальнасцей.

— Не ведаю, кім бы я быў, каб не мой горад, — падкрэсліў аўтар. — Полацк — мой дом. І нават калі фізічна я там не знаходжуся, ён заўсёды са мной.

Не чужы для Навума Гальпяровіча і Віцебск. У абласным цэнтры ён вучыўся у педінстытуце, тут пачынаў шлях у сур’ёзную літаратурную творчасць. Станаўленню паэта і празаіка дапамагла падтрымка Давіда Сімановіча, які ўзначальваў у той час абласное літаратурнае аб’яднанне, а таксама сталых калег і пісьменнікаў-равеснікаў, што збіраліся на семінарах творчай моладзі.

Асабістае, але блізкае многім 

Жанр твора абазначаны як раман-эсэ. Кніга не звязана адзіным сюжэтам — гэта хутчэй выразныя фрагменты, успышкі свядомасці, як ахарактарызаваў іх сам Навум Гальпяровіч, своеасаблівая кардыяграма душы.

— Мне хацелася напісаць гэта даўно, я ствараў першыя абразкі, але спачатку былі сумненні, што асабістыя ўражанні, замалёўкі пра блізкіх і знаёмых варта друкаваць. Аднак аказалася, што людзі чытаюць такое з цікавасцю, — зазначыў аўтар. — Пасля выхаду кнігі мне многія тэлефанавалі, пісалі — прызнаваліся, што з імі ў дзяцінстве адбылося нешта падобнае.

Вернасць роднаму слову 

«Чырвоны мост» — кніга на беларускай мове. Навум Гальпяровіч піша толькі на ёй, і яго творы заўсёды знаходзяць сваіх чытачоў. Пазіцыя прынцыповая. З уласнымі дзецьмі, унукам Навум Якаўлевіч размаўляе таксама па-беларуску. Прыхільнасць да роднага слова ён пранёс праз усё жыццё. І крыху са шкадаваннем зазначае, што хаця наша мова развіваецца, не адстае ад імклівага часу і сёння здольная адлюстраваць любыя змены і новыя з’явы, аднак моладзь ужывае яе не так актыўна, як хацелася б.

— Але магу засведчыць, што і зараз сустракаю маладых людзей, якія вельмі любяць беларускае слова, гавораць па-беларуску. Адчуваецца, што для іх гэтая мова патрэбная, яркая, неабходная, — сказаў Навум Гальпяровіч. — Прыемна, што пасля выступленняў у школах асобныя вучні да мяне падыходзяць або дасылаюць потым мне лісты. Вельмі важна, каб беларуская мова заставалася арганічнай часткай нашага жыцця, каб сённяшнія інтэлектуалы, адукаваныя людзі карысталіся ёю, успрымалі яе як неабходнасць, бачылі ў ёй не нейкі сродак барацьбы ці адасаблення, а ключ да спазнання сябе, асэнсавання свайго дому, каранёў, сваёй гісторыі і нацыянальнай прыналежнасці. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Лілія ІЎЧАНКА. Фота прадастаўлена Навумам Гальпяровічам.