Гран-пры сцэнічных чытанняў «Школьны тэатр – 29» заваявала гімназія № 2 Віцебска

logo
Четверг, 30.04.2026 11:06 | Рубрика: Общество
0162
Падведзены вынікі гарадскога конкурсу сцэнічных чытанняў “Школьны тэатр", які прайшоў у Віцебску і быў прысвечаны 100-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. На заключным этапе журы ацэньвала пастаноўкі васьмі драматычных калектываў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі абласнога цэнтра.


Школьныя тэатральныя калектывы выступалі на камернай сцэне коласаўцаў. У адпаведнасці з умовамі конкурсу былі прадстаўлены спектаклі ў розных жанрах на беларускай мове, пастаўленыя па творах беларускіх аўтараў. Узрост артыстаў — 10–17 год.

– Узровень школьных драматычных калектываў прыкметна павысіўся, – адзначыў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа старшыня журы Канстанцін Ганчароў. – Уражанні самыя прыемныя. Запомнілася шмат акцёрскіх работ. Дзякуй вялікі ўсім, хто ствараў гэтыя цудоўныя спектаклі.


Выступленні школьных калектываў уразілі таксама членаў журы. Прынамсі з меркаваннем мастацкага кіраўніка салідарныя вядучыя майстры сцэны Коласаўскага тэатра заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь старшыня Віцебскай абласной пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова.

– Упэўнены, што наша моладзь мае вялікі патэнцыял, – падкрэсліў Вячаслаў Грушоў. – Выдатным артыстам можна і не стаць, але тэатр і сыгранныя ролі мяняюць людзей, па-добраму і назаўсёды. А хтосьці з юнакоў і дзяўчат абавязкова прыйдзе да нас у тэатр, каб служыць мастацтву. Гэта дзіўны вопыт – стаяць тут, на сцэне, і казаць пра нешта важнае.


Па многіх намінацыях былі адзначаны пастаноўкі і акцёрскія работы. Прынамсі дыпломам у намінацыі “Лепшая жаночая роля” адзначаны: за ролю Страказы ў спектаклі “Заблытаныя сцежкі” тэатральнага калектыву “Тэгі” гімназіі № 7 Віцебска імя П. Я. Кандраценкі – Паліна Сузанская; за ролю Марысі ў спектаклі “Люстэрка душы” тэатральнага калектыву сярэдняй школы № 17 імя І. Р. Бумагіна – Яна Шэрэгава.

Дыпломам у намінацыі “Лепшая мужчынская роля” ўзнагароджаны: за ролю Дамавіка ў спектаклі “Люстэрка душы” тэатральнага калектыву сярэдняй школы № 17 імя І. Р. Бумагіна – Андрэй Лапаценка; за ролю Шагала ў спектаклі “Кветкі з карцін маіх” узорнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” гімназіі № 8 Віцебска – Данііл Худаерка.

У намінацыі “Лепшая рэжысура” дыплом атрымала кіраўнік тэатральнага калектыву сярэдняй школы № 17 Віцебска імя І. Р. Бумагіна Варвара Саўчанка.

Дыпломам і прызам у намінацыі “Лепшы спектакль беларускага аўтара з рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа” ўзнагароджаны тэатральны калектыў сярэдняй школы № 42 Віцебска імя Д. Ф. Райцава за спектакль “Mementomori”.

Дыплом ”За лепшы спектакль для юнацтва“ атрымаў узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі за спектакль “Брык і Шуся шукаюць лета”.

Дыпломам ”За лепшы спектакль на грамадзянска-патрыятычную тэматыку“ ўзнагароджаны тэатральны калектыў сярэдняй школы № 42 Віцебска імя Д. Ф. Райцава за спектакль “Mementomori”.

”Дыплом глядацкіх сімпатый“ – у тэатральнага калектыва сярэдняй школы № 17 Віцебска імя І. Р. Бумагіна за спектакль “Люстэрка душы”.

Віцебская абласная пярвічная арганізацыя Беларускага саюза тэатральных дзеячаў уручыла прыз і дыплом “За духоўнае выхаванне і папулярызацыю тэатральнага мастацтва сярод падрастаючага пакалення” тэатральнаму калектыву сярэдняй школы № 42 Віцебска імя Д. Ф. Райцава.

У намінацыі “Лепшы спектакль” дыпломам за III месца ўзнагароджаны: узорны тэатральны калектыў “Тэст” сярэдняй школы № 4 Віцебска за спектакль «Таямніца старой ратушы»; тэатральны калектыў “Тэгі” гімназіі № 7 Віцебска імя П. Я. Кандраценкі за спектакль «Заблытаныя сцежкі».

У намінацыі “Лепшы спектакль” дыпломам за II месца ўзнагароджаны: ўзорны тэатральны калектыў “Прэм’ера” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі за спектакль «Брык і Шуся шукаюць лета»; тэатральны калектыў сярэдняй школы № 42 Віцебска імя Д. Ф. Райцава за спектакль «Mementomori».

Першае месца з уручэннем каштоўнага падарунка журы прысудзіла: тэатральнаму калектыву сярэдняй школы № 17 Віцебска імя І. Р. Бумагіна за спектакль «Люстэрка душы»; ўзорнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” гімназіі № 8 Віцебска за спектакль «Кветкі з карцін маіх».

Гран-пры гарадскога конкурсу “Сцэнічныя чытанні “Школьны тэатр – 29” і каштоўным падарункам узнагароджаны тэатральны калектыў гімназіі № 2 Віцебска за спектакль “Шагал” па п’есе У. Драздова “Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі”. Кіраўнік гімназічнага тэатра – Ульяна Ацясава.


– Мяне натхніла тэма Шагала, – сказала Ульяна Аляксандраўна. – Прачытала яго біяграфію, паспрабавала прыўнесці ў п'есу нешта сваё, тое, што заснавана на рэальных фактах. Юныя артысты прынялі спектакль вельмі добра і дружна ўзяліся за працу.

Журы адзначае, што юнакі і дзяўчаты з энтузіязмам ставяцца да пастановак “Школьнага тэатра”. Ім заўсёды цікава паказаць сябе на сцэне, пагутарыць з прафесійнымі артыстамі, рэжысёрамі. Для іх гэта добры матывацыйны момант. Яны шчыра імкнуцца ўсё пражыць, акунаюцца ў свет тэатра, з задавальненнем прыходзяць на спектаклі і як гледачы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота аўтара.