“Быў. Ёсць. Буду” – у Віцебску ўшанавалі памяць Уладзіміра Караткевіча

logo
Среда, 26.11.2025 11:20 | Рубрика: Общество
0868
Прозвішча Уладзіміра Караткевіча ўвекавечана ў вялікай пісьменніцкай спадчыне, што ён пакінуў, і ў літаратурнай прэміі, якая носіць яго імя і адкрывае для чытачоў новых паслядоўнікаў першага аўтара беларускай гістарычнай прозы.   

У Віцебску ўшанавалі памяць Уладзіміра Караткевіча

Каля помніка Уладзіміру Караткевічу ў 95-ю гадавіну з Дня яго нараджэння і ў 20-годдзе ўтварэння абласного аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі сабраліся людзі, якія добра ведаюць яго творы (многія з іх экранізаваны, пастаўлены на тэатральных сцэнах – “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”). Ускладзеныя да помніка кветкі сталі данінай памяці і павагі ад удзячных землякоў. Традыцыя прыносіць чырвоныя гваздзікі, праводзіць чытанні 26 лістапада, у дзень, калі на свет з'явіўся будучы класік, паказвае, як шмат прыхільнікаў у сапраўднага таленту.   


Члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўнікі бібліятэк, моладзь дзяліліся сваімі думкамі, поглядамі на тое, чым прываблівае творчасць Уладзіміра Караткевіча, што робіць яе неўміручай. Празаік, паэт, драматург, публіцыст, сцэнарыст – у кожнай з гэтых іпастасяў класік услаўляў родную беларускую мову і імкнуўся выклікаць у чытачоў цікавасць да айчыннай гісторыі. Лёс яго герояў, іх духоўны свет неразрыўна звязаны з лёсам Радзімы. Пісьменнік-рамантык з высокай мастацкай культурай, узнёслы, натхнёны, прытрымліваўся гістарычнай праўды. Старонкі яго кніг быццам прыгожае цудоўнае вытканае талентам покрыва, якое валодае ўласцівасцю не драпіраваць, а толькі ярчэй акрэсліваць гістарычныя факты. 

   
Менавіта таму Уладзімір Караткевіч застаецца літаратурным маяком для многіх сучасных творцаў і атрымаць прэмію яго імя – вялікі гонар. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаурэатаў гэтай абласной літаратурнай прэміі адбудзецца сёння, 26 лістапада, у абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фота Ганны ЛЯВОНЬКІНАЙ.