Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч павіншаваў вернікаў са святам Божага Нараджэння

logo
Четверг, 25.12.2025 08:30 | Рубрика: Общество
01186

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі! 

«Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Юзафа, і Немаўля, Якое ляжала ў яслях» (Лк 2,16). «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць..., бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца...» (Лк 2, 10-11). 

Гэтыя словы Анёла да бэтлеемскіх пастушкоў скіраваныя сёння да нас, людзей ХХІ стагоддзя. Да людзей, якім часта вельмі няпроста ў жыцці. Да тых, хто, падобна да малых, пакінутых дзяцей, шукае бяспекі, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шукае міру, справядлівасці, праўды і, канешне ж, любові. Мы шукаем таго, што магло б зрабіць нас шчаслівымі. На гэты пошук чалавека хрысціянства не дае адразу гатовага рэцэпту, «выратавальнай пілюлі» ці ўсёвырашальнай праграмы. Яно прапануе шлях, напрамак, дарогу, якую накрэсліў, якой прайшоў і больш за тое, якой з’яўляецца сам Езус Хрыстус – уцелаўлёнае Божае Слова, Божы Сын, нараджэнне Якога мы зараз з вамі і святкуем. 

На першы погляд, вера ў Езуса Хрыста выглядае складана і таямніча, аднак яна вельмі простая і даступная. Яе сутнасць – у асабістых адносінах з Тым, Хто стварыў гэты свет, – з жывым Богам, Катораму належаць найвышэйшая ўлада, канчатковы суд і апошняе слова. З Тым, Хто мае моц змяніць гэты свет на лепшы. Але гэтая перамена можа распачацца толькі ў людcкім сэрцы, не наадварот. І пажадана, каб не ў адным-двух. Гэтай перамены, гэтага аднаўлення людcкога сэрца паводле Божага вобразу Бог чакае ад кожнага з нас. «Будзьце святыя, таму што Я – святы» (1П 1,16), «навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў» (Мц 11,29), «любіце адно аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян13,34). 

Прыняцце сэрцам словаў Евангелля – гэта наш шлях у Бэтлеем. Той шлях, на якім выпраўляюцца шматлікія складанасці нашага жыцця і ствараецца атмасфера прыязнасці, прымірэння і адкрытасці ў адносінах з бліжнімі. Напэўна, мы ведаем, наколькі важна мець такую атмасферу любові і згоды ў сваіх сем’ях, сярод найбліжэйшых да сябе людзей і, што актуальна, як ніколі, сёння, між краінамі. Як важна ўмець дараваць крыўды і прасіць аб прабачэнні, бо гэта той ключ, што заўсёды адчыняе дзверы да паяднання. За гэтым ідуць Божае бласлаўленне і перамена ў свеце тых рэчаў, якія нам самім не пад сілу ці ад нас не залежаць. 

Таму паспрабуем разам з бэтлеемскімі пастушкамі паверыць у гэта і адшукаць Езуса, прыняўшы Яго ў свой дом разам з Яго Маці Марыяй і Юзафам. Паспрабуем у сваім жыцці ісці тым шляхам, які вызначае Божае Слова, бо яно не толькі кажа пра веру, пра надзею і любоў, яно з’яўляецца іх крыніцай. Паспрабуем паверыць у моц той ласкі і святла, якое заззяла нам праз нараджэнне Езуса Хрыста. А гэтая вера няхай дапаможа нам атрымаць Божую дапамогу і бласлаўленне: кожнаму з нас, нашай Бацькаўшчыне Беларусі і ўсяму сучаснаму свету! 

Бласлаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага, 2026 года! 

Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by Автор фото: Фото из архива.