Лялечныя падарожжы: чым здзівіць гледачоў у новым сезоне тэатр "Лялька" ў Віцебску

logo
Четверг, 25.09.2025 09:51 | Рубрика: Культура
01990
Яркімі прэм’ерамі і падзеямі адзначыўся пачатак 40-га сезона Беларускага тэатра «Лялька». Мы даведаліся, якія творчыя сюрпрызы падрыхтавалі артысты-лялечнікі для гледачоў.


З нагоды юбілейнага сезона тэатр два дні запрашаў маленькіх і дарослых на святочную імпрэзу і, вядома, на спектаклі. Прэм’ерная казка «Фіндус» паклікала ўсіх у фантазійна-гумарыстычнае падарожжа, і гледачы не шкадавалі гучных апладысментаў для артыстаў.

Яшчэ адзін сюрпрыз — спектакль «Канёк-гарбунок» Іванаўскага абласнога тэатра лялек (Расійская Федэрацыя). У святочныя дні паказалі таксама «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех». Гэта містычная гісторыя даўно заваявала прызнанне дзяцей і дарослых, і дарэчы, спектакль быў адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. 


Яркі пачатак сезона — добры знак для будучых творчых сустрэч артыстаў Беларускага тэатра «Лялька» з юнымі аматарамі мастацтва. У новым творчым годзе дзеці сустрэнуцца не толькі са знаёмымі персанажамі вядомых пастановак, але і ўбачаць цікавыя эксперыменты. Сярод іх — візуальны перформанс на хадулях «Зыход», натхнёны творчасцю Марка Шагала, павучальная гісторыя для дзяцей у спектаклі «Мыйдадзір», а таксама новая пастаноўка на рускай мове «Девочка и медведь». І зноў гледачоў чакаюць сустрэчы з героямі спектакляў «Умка», «Насарог і Жырафа», «Чарамара» і іншых. 


Дырэктар Беларускага тэатра «Лялька» Аляксандр Грыгор’еў адзначыў, што асаблівае месца ў юбілейным сезоне зойме прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны монаспектакль «Месца памяці».

Акрамя пастановак, у «Ляльцы» прапануюць незвычайныя экскурсіі: «Дом, дзе жывуць лялькі» — для маленькіх наведвальнікаў, «Кроплі лялечных таямніц» — для дарослых. 


Артысты віцебскага тэатра запрашаюць усіх зноў у свет казак і цудаў, каб атрымаць добрыя парады ад мудрых лялек і павесяліцца разам з імі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юлія ПРЫШЧЭПА. Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА. Автор фото: Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА.