Ад кніжных прэзентацый да гала-канцэрта: вынікі ХХХІІ Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

logo
Воскресенье, 07.09.2025 19:28 | Рубрика: Культура
01679
7 верасня / "Віцьбічы" / Дар'я Патапенкава /. 7 верасня ў Лідзе завяршыліся двухдзённыя мерапрыемствы з нагоды ХХХІІ Дня беларускага пісьменства. Фінальны дзень свята падарыў гасцям літаратурныя прэзентацыі, творчыя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі і маштабны гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага Прэзідэнтскага аркестра Рэспублікі Беларусь.


У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі адбылася прэзентацыя трох кніг ад вядучых беларускіх выдавецтваў, прысвечаных значным культурным падзеям рэгіёна.

Выдавецтва "Беларусь" прадставіла зборнік эсэ "Лідскі край: з любоўю і назаўжды", у які ўвайшлі творы 25 аўтараў, якія прызнаюцца ў любові да Лідчыны. Кніга багата ілюстравана архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі, што дазваляе чытачам здзейсніць візуальнае падарожжа па знакавых месцах рэгіёну.


Спецыяльна да XXXII Дня пісьменства ў Лідзе выдавецтва "Мастацкая літаратура" падрыхтавала кнігу "Край наш вольны, край любымы". У яе ўвайшлі творы Лідскіх пісьменнікаў, а таксама беларускіх аўтараў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

Трэцюю кнігу "З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі" прадставіла выдавецтва "Звязда". У ёй распавядаецца пра ўнікальныя падзеі і славутасці Лідчыны. Яркія ілюстрацыі і даступная мова робяць кнігу выдатным падарункам для юных чытачоў, дапамагаючы ім у займальнай форме пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю.


Адразу пасля прэзентацыі кніг адбылася цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу "Арт-лаўка", у якім прынялі ўдзел прадпрыемствы і арганізацыі Лідскага рэгіёну. Усе мастацкія лаўкі, створаныя ўдзельнікамі конкурсу, былі размешчаны ў цэнтральным гарадскім парку і сталі не толькі функцыянальнымі аб'ектамі, але і сапраўднымі арт-аб'ектамі, якія прывабліваюць увагу наведвальнікаў. Гэтыя ўнікальныя вырабы дадалі асаблівы каларыт святочнай атмасферы і сталі папулярнымі фотазонамі для гасцей мерапрыемства.


На галоўнай сцэне свята, размешчанай каля Палаца культуры, "Саюз пісьменнікаў Беларусі" прадставіў маштабную літаратурна-музычную імпрэзу. У праграме прынялі ўдзел пісьменнікі і паэты з розных рэгіёнаў Беларусі. Асаблівы водгук у публікі выклікаў выступ Віцебскай паэткі Тамары Красновай-Гусачэнкі, якая пранікнёна прачытала свае вершы.


– Паэты, на мой погляд, гэта такія людзі, якія незвычайна трапятліва і востра адчуваюць навакольны свет, граючы на струнах дажджу і промнях святла, – адзначыла Тамара Краснова-Гусачэнка, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. 


Завяршальным акордам святкавання XXXII Дня беларускага пісьменства ў Лідзе стаў грандыёзны гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Кульмінацыяй вечара стала ўрачыстая цырымонія перадачы ганаровага вымпела сталіцы беларускага пісьменства. Ліда, якая завяршыла свой год у статусе культурнай сталіцы, перадала эстафету гораду Касцюковічы, які прыме гэта ганаровае званне ў 2026 годзе.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Дар'я ПАТАПЕНКАВА. Фота аўтара.