На днях народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка” з аграгарадка Мазалава адсвяткаваў 15-годдзе са дня свайго ўтварэння.
З гэтай нагоды ў мясцовым Доме культуры адбылася творчая вечарына, што сабрала ўдзельнікаў калектыва і яго сяброў — народны жаночы клуб “Залаты ўзрост”, танцавальны калектыў “Алар”, настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў і колішніх удзельнікаў “Вераснянкі”.
Мерапрыемства праходзіла ў форме падарожжа на юбілейным экспрэсе пад назвай “Вераснянцы – 15”. Першым прыпынкам стаў 2002-гі кіламетр — год стварэння ансамбля. Гасцям свята прапанавалі відэафільм аб дзейнасці творчага калектыва. На станцыі “Віншавальная” ўдзельнікі ансамбля, яго кіраўнікі Аляксандр Дубко і Марына Маясеенка, акампаніятар Аксана Дрыгебка былі адзначаны падзякамі Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці за актыўны ўдзел у культурным жыцці рэгіёна. Падчас мерапрыемства гучала нямала добрых слоў у адрас юбіляра. Даслалі віншаванне спецыялісты абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Цудоўным падарункам для ўсіх стаў канцэрт з удзелам вядучых калектываў Мазалаўскага СДК і настаўнікаў ДзШМ.
Ансамбль быў утвораны ў 2002 годзе і меў першапачаткова назву “Вечарына”. З цягам часу стаў называцца “Вераснянка” (у гэтым месяцы быў створаны калектыў). “Вераснянка” неаднаразова станавілася лаўрэатам раённых, абласных і міжнародных мерапрыемстваў. У 2009 годзе калектыў удзельнічаў у паўфінале тэлевізійнага шоў “Песні маёй краіны”.
Для творчай дзейнасці “Вераснянкі” характэрна разнастайнасць форм мерапрыемстваў. Гэта — канцэрты, літаратурна-музычныя кампазіцыі, абрады, святы і г.д. За час сваёй дзейнасці ўдзельнікі калектыва пабывалі з канцэртамі амаль ва ўсіх вёсках Прыдзвіння, у Віцебску, Мінску, Оршы, Браславе, Пскове, Смаленску, Усвятах і іншых гарадах.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.