Уладзімір Андрэйчанка правёў асабісты прыём грамадзян у Докшыцах

logo
Понедельник, 24.05.2021 16:58 | Рубрика: Официально
04918

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка правёў асабісты прыём грамадзян у Докшыцах. Жыхары раёна звярнуліся да дэпутата з пытаннямі, якія датычыліся будаўніцтва, рамонту жылля, налічэння пенсіі і па іншых праблемах.

Жыхарак гарпасёлка Бягомль, якія жывуць на вуліцы Савецкай, ціка­віла, ці магчыма правесці ў дом ваду і зрабіць каналізацыю. Гэта магчыма, але работы будуць выкананы за кошт саміх жыльцоў. Таксама грамадзянкі жадаюць перавесці жылы дом з пячнога на элект­рычнае ацяпленне. Пакуль па тэхнічных прычынах гэта зрабіць нельга, аднак пасля рэканструкцыі сетак высакавольтных ліній такая магчымасць будзе.

Спікер парламента паведаміў, што ў краіне ёсць перспектыўны план па пераводзе жыллёвага фонду на электрасілкаванне з указаннем усіх адрасоў. У час прыёму Уладзімір Паўлавіч патэлефанаваў міністру энергетыкі Віктару Каранкевічу, які абавязаўся ўзяць гэта пытанне на кантроль.

Жыхар Докшыц паскардзіўся, што ў доме на вуліцы Чарняхоў­скага, 87, дзе ён жыве, цячэ дах. Пенсіянеру паведамілі, што капітальны рамонт дома будзе зроблены ў 2023 годзе, а дах — у бліжэйшы час.

Рыбакі з вёсак Вускрам'е і Брадок Бягомльскага сельсавета незадаволены тым, што ім, мясцовым жыхарам, забаронена лавіць рыбу ў рацэ Бярэзіна. Мужчынам патлумачылі, што такое рашэнне было прынята навукова-тэхнічным саветам пры Бярэзінскім біясферным запаведніку і ўзгоднена з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Увядзенне такога абмежавання выклікана высокай нагрузкай на вадаёмы запавед­ніка з боку тых, хто часова рэгіструецца ў населеных пунктах спецыяльна для лоўлі рыбы.

Жанчыну з Докшыц цікавіў парадак налічэння ёй пенсіі, а да­кладней страта надбаўкі ў 68 рублёў. Прычына ў тым, што яна працавала ў Латвіі, ёй зроблены пераразлік у адпаведнасці з Латвійска-Беларускім дагаворам. Таму пенсія прапарцыянальна паменшылася.

Шматдзетная маці з аграгарадка Параф'янава плануе пабудаваць хлеў каля трохкватэрнага жылога дома. Для гэтага патрэбна згода суседзяў, паколькі зямельны ўчастак знаходзіцца ў агульным долевым пажыццёвым уладанні. Аднак адна з суседак дазволу на будаўніцтва прынцыпова не дае. Пасля кансультацыі з юрыстам мясцовай уладзе было даручана вырашыць гэта пытанне ў дзесяцідзённы тэрмін.

— Прыёмы з выездам на месца — важная форма работы, асабліва патрэбны жыхарам райцэнтраў, сельскіх населеных пунктаў, — лічыць Уладзімір Андрэйчанка. Спікер парламента паведаміў, што за чатыры месяцы 2021 года ў Палату прадстаўнікоў паступіла 957 зваротаў, асноўная частка якіх датычылася прымянення і тлумачэння заканадаўства. Сёлета плануецца ўнесці змяненні і дапаўненні ў закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Будзе ўстаноўлена цэнтралізаваная сістэма ўліку, апрацоўкі і рэагавання на электронныя звароты. Гэта работа ўдасканальваецца і, што самае галоўнае, станоўча ацэньваецца людзьмі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ, Докшыцы. Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.