Унікальны праект «Смачны PRAменад» рэалізуюць на Лёзненшчыне

">
logo
Суббота, 16.04.2022 09:42 | Рубрика: Общество
01237
Тут ведаюць, што нацыянальная кухня — гэта не толькі смачна і сытна, але і вельмі цікава. Кулінарныя традыцыі — вялізны культурны пласт, а яго даследчыкаў чакаюць неверагодныя адкрыцці. У гэтым пераканалася аўтар праекта загадчык метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры Ганна Чэпікава, калі пачала ездзіць па вёсачках Лёзненшчыны ў пошуках аўтэнтычных рэцэптаў. Яна не проста запісвала за гаспадынямі, а і гатавала разам з імі. Працэс занатоўвала на відэа. У першую экспедыцыю Ганна адправілася разам з хрэснікам — трэцякласнікам Віцем Бондаравым. Ён так арганічна глядзеўся ў кадры, так спрытна дапамагаў гатаваць, што не засталося ніякіх сумненняў — гэта будзе пастаянны сувядучы.




— Ёсць у нашым тандэме асаблівы сэнс, нават сімвалізм, бо галоўная мэта вывучэння і адраджэння традыцыйнай кухні рэгіёна ў тым, каб перадаць гэты неацэнны скарб маладому пакаленню, — адзначыла Ганна.

У раёне захавалася багата аўтэнтычных рэцэптаў, для прыгатавання якіх патрэбны самыя звычайныя прадукты — бульба, яйкі, грыбы, мяса, малако.
Адсюль і слоган праекта: «Проста, але са смакам».

І галоўная ўмова — гатаваць не з магазіннага, а са свайго, і ў печы. Інакш, і ў гэтым не раз пераконвалася Ганна, калі бралася паўтараць рэцэпт дома, нічога не атрымаецца. Ды і хіба можна з нечым параўнаць яешню з яек з-пад уласнай курачкі?.. Праўда, тут такую страву называюць «Транчук па калена». Кажуць, што даўней яе нават на вяселле гатавалі. Трэба падсмажыць на патэльні тонка парэзанае салёнае сала з цыбуляй. У асобнай місцы старанна змяшаць яйкі, малако і невялікую колькасць мукі. Дадаць соль і крыху соды. Затым заліць гэтай сумессю сала і адправіць у печ на гарачыя вуглі. Калі ўсё зрабіць правільна, то яешня атрымаецца пышная. Лічылася, што чым вышэй яна ўздымецца, тым лепшая гаспадыня. Таму і «па калена». А што такое «транчук», пакуль загадка. Але менавіта такую назву чулі гаспадыні ад сваіх матуль і бабуль.

Вядома, гатуюць на Лёзненшчыне і бабку, і калдуны, і поліўку, і бліны. Для лапуноў, напрыклад, спатрэбяцца паўлітра сыраквашы, 3 яйкі, 7–8 сталовых лыжак мукі, 5 чайных лыжак цукру, 1 — соды і 0,5 — солі. Цеста з гэтых інгрэдыентаў атрымліваецца густое. Выпякаюць лапуны на патэльні, змазанай алеем, з двух бакоў, абавязкова ў печы. Такія бліны маглі быць салодкімі, а маглі выкарыстоўвацца замест хлеба.
Бульбяныя галкі гаспадыні гатуюць з дзёртай бульбы. Цеста выкладваюць у форме гнязда, якое начыняюць сушанымі грыбамі з цыбуляй. Тушаць у вяршках. Смаката атрымліваецца неверагодная, кажа Ганна. Дарэчы, любімая страва аўтара праекта — галубцы з бульбай. Прызналася, што нічога больш смачнага ў сваім жыцці не каштавала.

Ёсць сярод герояў «Смачнага PRAменаду» і мужчына — Сцяпан Мехаў з вёскі Веляшковічы. Ён варыць найсмачнейшы сыр. Мужчына прызнаецца, што бывае гэта нячаста, але рэцэпт выкарыстоўвае аўтэнтычны — так у гэтай вёсцы варылі сыр сто гадоў таму, а можа і больш.

Кулінарныя экспедыцыі, а іх было ўжо 15, суправаджаюцца знаёмствам з побытам, традыцыямі мясцовасці, яе легендамі і паданнямі. Усе выпускі праекта можна паглядзець на YouTube-канале цэнтра культуры. Наперадзе — другі сезон.

Дзякуючы «Смачнаму PRAменаду» на культурнай карце раёна з’явілася свята рэгіянальнай кухні «Лёзненшчына смачная», якое ладзілася ўжо двойчы і вельмі спадабалася жыхарам райцэнтра, бо яны ні лапуноў, ні галубцоў з бульбай да гэтага не каштавалі.

Створана ўжо і гастранамічная карта Лёзненскага раёна, дзе побач з назвай вёскі пазначана, якую страву там гатавалі раней. Ганна Чэпікава так захапілася праектам, аповедамі гаспадынь і гаспадароў, што вырашыла сабраць кулінарную кнігу з аўтэнтычнымі лёзненскімі рэцэптамі. Будуць там і маркоўны пірог, і пячэнне з буракоў, і многія іншыя ўнікальныя стравы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота з архіва Ганны Чэпікавай.