Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін з рабочым візітам наведаў Докшыцкі раён

logo
Четверг, 17.02.2022 10:54 | Рубрика: Общество
01260
Кіраўнік вобласці азнаёміўся з дзейнасцю нафтабазы РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” у Крулеўшчыне, дзе пагутарыў з працоўным калектывам.



Падчас сустрэчы былі абмеркаваны змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама падрыхтоўка да такой важнай падзеі, як рэферэндум. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак і яго намеснік Аксана Палачаніна.

– Да абмеркавання праекта Асноўнага Закона нашай краіны актыўна падключыліся жыхары раёна, – паведаміла ў сваім выступленні Аксана Эдуардаўна. – Было створана 7 экспертных груп з ліку кіраўніцтва раёна, дэпутатаў, членаў райвыканкама і прэзідыума райсавета, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Праведзена 150 дыялогавых пляцовак, у якіх прынялі ўдзел больш за 2500 чалавек. Асобна трэба адзначыць, што абмеркаванне было арганізавана максімальна адкрыта і дэмакратычна. Сярод прапаноў па тэме канстытуцыйнага рэфармавання – пераразмеркаванне паўнамоцтваў улады з узмацненнем функцый парламента, урада і мясцовых органаў улады, замацаванне неабходнасці захавання традыцыйных каштоўнасцей і ідэалагічных асноў, сацыяльных гарантый насельніцтва.


Аляксандр Субоцін правёў сустрэчу ў форме дыялогу і, трэба сказаць, яна атрымалася жывой і вельмі насычанай. Работнікі нафтабазы пацікавіліся, якія навацыі ў Канстытуцыі, на погляд кіраўніка вобласці, больш важныя і здольныя паўплываць на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

– Канстытуцыя – гэта хоць і Асноўны Закон, але павінен трансфармавацца і адпавядаць новым знешнім умовам, – акцэнтаваў увагу Аляксандр Міхайлавіч. – Для мяне важна і актуальна, што ў дакуменце прапісаны менавіта тыя рэчы, якія, у прынцыпе, усім вядомы. Гэта шлюб, як саюз мужчыны і жынчыны. Гэта подзвіг нашых продкаў, пра які трэба не толькі памятаць, а і ганарыцца ім, каб больш не паўтарылася вайна. На жаль, пра гэта сталі менш гаварыць ва ўстановах адукацыі, з экранаў тэлебачання. Таму так важна, што 2022 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. На мой погляд, гэта зроблена для будучага пакалення, для аб’яднання духоўнага настрою грамадства.

Прагучалі таксама пытанні, якія датычыліся перспектыў развіцця турызму на Докшыччыне, сацыяльнай сферы, у прыватнасці рамонту вулічна-дарожнай сеткі. Старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак паведаміў, што ў Крулеўшчыне будзе прадоўжана асфальтаванне вуліцы Палявой і рыначнай пляцоўкі. Акрамя гэтага, ужо гатовы праект для рамонту мясцовай школы.

У ходзе дыялогавай пляцоўкі дырэктар РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” Аляксандр Капшуль спыніўся на вытворчых паказчыках прадпрыемства, якое летась рэалізавала 356 тысяч тон нафтапрадуктаў, што складае 120 працэнтаў да ўзроўню 2020 года.
Пасля сустрэчы з працоўным калектывам Аляксандр Субоцін азнаёміўся з вытворчай базай прадпрыемства, у тым ліку, аўтаматызаванай сістэмай кіравання тэхналагічнымі працэсамі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ, Докшыцы. Фота аўтара.