Грамадскасць Віцебска працягвае абмяркоўваць аднаўленне ў абласным цэнтры на Ратушнай плошчы касцёла Святога Антонія

logo
Понедельник, 18.05.2020 10:52 | Рубрика: Общество
036826

Гісторыя святыні сягае ў XVII стагоддзе, калі на нашы землі прыбылі манахі-бернар­дзінцы. Першы, яшчэ драўляны, касцёл быў узведзены на сродкі віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага. Касцёл быў спалены падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе. Аднаўленне сталася магчымым дзякуючы ахвяраванням наступнага ваяводы — Міхаіла Шпака. Чарговае аднаўленне ў 1733 годзе матэрыяльна падтрымаў віцебскі падкаморый Казімір Саковіч, але храм згарэў.

Гэта ўсё былі драўляныя пабудовы, а вось фундатарам сталага каменнага будынка стала Тэкля Агінская, удава віцебскага ваяводы. Архітэктарам абралі італьянца Іосіфа Фантана. Большасць даследчыкаў лічыць, што будынак быў асвечаны ў 1768 годзе. У такім выглядзе храм прастаяў амаль два стагоддзі. Унікальнасць аб'екта ў тым, што ён з'яўляўся помнікам двух стыляў. Звонку — структура барока, унутры — рэнесансу.

Хараством касцёла захапляліся вядомыя мастакі Напалеон Орда і Юзаф Пешка, якія адлюстравалі яго для нашчадкаў. Унутраны роспіс у свой час рабілі Юдэль Пэн, Марк Шагал, Саламон Юдовін. А вось як апісваў свае ўражанні ад Святога Антонія нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у аўтабія­графічным творы «Жыццё Арсеньева»: «Ни Акрополь, ни Баальбек, ни Фивы… ни святая София, ни старые церкви в русских Кремлях и доныне несравнимы для меня с готическими соборами. Как потряс меня орган, когда я впервые (в юношеские годы) вошел в костел, хотя это был всего на всего костел в Витебске. Мне показалось тогда, что нет на земле более дивных звуков…»

Пасля рэвалюцыі яго зачынілі. Пэўны час тут быў музей атэізму, у якім улада выстаўляла як прыклад рэлігійнага цемрашальства святыя парэшткі Еўфрасінні Полацкай і зрабілі адзіны ў рэспубліцы маятнік Фуко. Аднак кіраўніцтва горада прызнавала гістарычную каштоўнасць касцёла.

У час вайны будынак быў значна пашкоджаны, і хаця навуковая камісія прызнавала, што можа быць з поспехам адноўлены, аднак гэтага рабіць не сталі і, калі надышла чарговая хваля барацьбы з рэлігійным опіумам, касцёл проста знішчылі. Гэта быў 1961 год.

У перабудовачны час і пазней грамадскасць горада неаднойчы выказвалася за аднаўленне святыні, рабіліся праекты рэканструкцыі.

Ініцыятарам, заказчыкам і выканаўцам адбудовы будзе Віцебская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Яе юрысконсульт Іван Каташук адзначае, што ўжо вы­значана кола фундатараў, якія выдаткуюць сродкі на вяртанне святыні. Пачаць жа збор ахвяраванняў можна толькі тады, калі будзе адведзена зямля пад касцёл. Бюджэтныя сродкі для гэтага не выдзяляліся.

Праблема размяшчэння новабудоўлі ў тым, што даўнія падмуркі вы­ступаюць на праезную частку, у раёне маста праз Віцьбу да канцэртнай залы «Віцебск». Таму будынак плануецца «ссунуць» углыб пры захаванні яго габарытаў. Трэба адзначыць, што фантан «Зліццё трох рэк — Віцьбы, Лучосы, Дзвіны» пры гэтым не пацерпіць: за кошт фундатараў ён будзе проста перанесены на іншае месца са згоды архітэктара гэтага твора Азата Тарасяна.

Прапануем выказаць сваі думкі на конт аднаўлення касцёла Святога Антонія ў горадзе Віцебска па вуліцы Леніна. Апытанне праводіцца з 19-га по 25-га мая.

Выкажыце сваё меркаванне ў галасаванні, адзначыўшы патрэбны пункт і націснуўшы кнопку "Аддаць голас".


28


© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Выявы прадстаўлены Вiцебскай дыяцэзiяй.