Творчы вопыт Ніны Бабровіч, загадчыка Музея сучаснага мастацтва — філіяла Музея Марка Шагала ў Віцебску, сведчыць пра тое, што можна займацца наватарскімі культурнымі праектамі і пры гэтым паспяхова захоўваць народную спадчыну.

У курсе апошніх тэндэнцый
Зараз прафесійная дзейнасць Ніны Бабровіч звязана з папулярызацыяй мастацтва ХХ–ХХІ стагоддзяў, наватарскіх ідэй, актуальных накірункаў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Загадчык і супрацоўнікі музея адказваюць за тры выставачныя залы, дзе наведвальнікаў знаёмяць з апошнімі тэндэнцыямі сучаснага мастацтва. Ад гэтай тэматыкі Ніна Аляксандраўна пасля заканчэння ў 1991 годзе мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава (тады педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава) ніколі далёка не адыходзіла. Сыграла ролю не толькі атрыманая адукацыя, але і сястра Галіна, якая пазней вучылася на тым жа факультэце, потым стала там выкладаць і часта дзялілася інфармацыяй, а таксама тое, што дачка Уладзіслава займалася ў школе мастацтваў і цікавілася сучаснымі накірункамі творчасці, спрабавала ў іх свае сілы.
— Мастакі былі заўсёды побач. Я старалася наведваць усе выставы ў музеях горада. А калі чамусьці не атрымлівалася, то абавязкова знаходзіла інфармацыю ў інтэрнэце, — кажа Ніна Бабровіч.
Так абуджалася цікавасць
Але самыя адметныя моманты яе біяграфіі звязаны ўсё ж з вывучэннем і адраджэннем нацыянальнай спадчыны — дакладней, народнага адзення, характэрнага для Віцебшчыны.
Шыць вопратку навучылася, назіраючы за маці, а рысы традыцыйных карункаў спасцігала, калі ў дзяцінстве бывала ў сваіх бабуль у вёсцы Стары Лепель, — так сёння Ніна Аляксандраўна тлумачыць, з чаго пачыналася яе зацікаўленасць нацыянальным касцюмам. Праўда, старадаўніх кашуль ці андаракаў яна тады не бачыла, затое ў хатах ля абразоў абавязкова віселі ўпрыгожаныя вышыўкай набожнікі.
— У бабулі па татавай лініі захаваўся стары льняны ручнік, тканы «кацінымі лапкамі» белым па беламу. Ён нібы пераліваўся за кошт фактуры. Такі ўзор характэрны для Віцебшчыны, прысутнічае ён і на посцілках, і на ручніках. А канцы набожніка абавязкова аздаблялі карункамі, — расказвае Ніна Бабровіч. — Яшчэ я часта прасіла расказаць пра старое жыццё. Бабулі з задавальненнем выконвалі просьбу, а мне вельмі падабалася слухаць пра тое, як жылі раней.
Тыя дзіцячыя назіранні, уражанні засталіся ў памяці і, безумоўна, паўплывалі на фарміраванне светапогляду.
— Калі я паступала ў інстытут, то ўжо сама добра шыла. Мадэлі мы з мамай бралі з моднага ў той час часопісу Burda, — працягвае аповед Ніна Аляксандраўна. — Падчас вучобы цікавілася тым, што звязана з тэкстылем, вышыўкай, вязаннем. А тэмай дыпломнай працы сталі элементы карункапляцення ў модным адзенні.
І немагчымае магчыма
Працоўны шлях яна пачала настаўніцай у адной са школ Лепельскага раёна. Потым вяла гурткі ў раённым цэнтры дзіцячай творчасці: канструявання і мадэлявання адзення для старэйшых дзяўчат і «Адзенне для лялек» для малодшага ўзросту. Адначасова была мастаком-афарміцелем у раённай бібліятэцы.
— Аднойчы да мяне звярнулася Вера Іванаўна Закрэўская, што ўзначальвала аддзел культуры райвыканкама, з прапановай: па сумяшчальніцтву пайсці працаваць у Дом рамёстваў, які тады толькі ствараўся, — адзначае Ніна Бабровіч.
У той перыяд яна сур’ёзна зацікавілася традыцыйнай вопраткай. Спачатку з дапамогай мясцовых бабуль, што яшчэ памяталі старое рамяство, асвоіла рэканструяваныя кросны. Далей у Мінску на канферэнцыі па народных паясах асобныя экзэмпляры настолькі ўразілі сваёй фактурай, хараством, вытанчанасцю, што захацелася больш даведацца пра іх прызначэнне і працэс вырабу. Пояс прывёў да народнага касцюма.
Вывучаць апошні было няпроста: не існавала ні тэматычных музейных экспазіцый, ні спецыяльнай літаратуры. Аднак у маладосці перашкоды не палохаюць, а наадварот — дабаўляюць азарту, вось і Ніну Аляксандраўну наперад вяло жаданне знайсці невядомыя факты, аднавіць народнае адзенне Віцебшчыны. Калі паступіла ў аспірантуру Нацыянальнай акадэміі навук, занялася больш дасканалым даследаваннем тэмы, звязанай з традыцыйнымі мастацкімі тканінамі нашага паўночнага рэгіёна. Ёй казалі, што адрадзіць касцюм немагчыма, бо нічога не захавалася. А яна не спынялася, вывучала літаратуру з фондаў абласной бібліятэкі, ездзіла ў экспедыцыі, па кроплях збірала інфармацыю. І хоць аспірантуру не скончыла, але стала, можна сказаць, унікальным спецыялістам па народным адзенні Віцебшчыны, здолела вярнуць традыцыйны строй да жыцця. А набытыя веды спатрэбіліся Ніне Аляксандраўне потым на ўсіх месцах працы: у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў «Задзвінне», Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі і раённым Доме рамёстваў, абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

«Несцерка» з мясцовым каларытам
Успомнілі пра вопыт і веды Ніны Бабровіч і тады, калі на пачатку ХХІ стагоддзя давалі новае жыццё культаваму для Віцебска спектаклю «Несцерка».
Упершыню яго паставілі ў 1941 годзе, ім шмат разоў адкрывалі сезон у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, і былі гледачы, якія не прапускалі ніводнага паказу. Час ішоў, змяняліся пакаленні, а пастаноўка працягвала збіраць залы. Аднак дэкарацыі і касцюмы паступова састарэлі. «Несцерку» спатрэбілася поўнае аднаўленне. Перад галоўным мастаком тэатра, якім на той час з’яўляўся Пётр Анашчанка, кіраўніцтва паставіла не самую простую задачу: з аднаго боку, узяць за аснову эскізы Ліпы Кроля да першапачатковага спектакля, каб не страціць атмасферы арыгінала, а з другога — стварыць адзенне герояў і дэталі побыту з улікам этнаграфічных асаблівасцей Віцебшчыны.
Ліпа Кроль у савецкі час працаваў у галіне тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва і плакатнага жывапісу. У розных тэатрах аформіў спектаклі «Канец сяброўства» К. Крапівы (1934), «Несцерка» В. Вольскага (1941), «Ноч памылак» О. Голдсміта (1954) і іншыя. У 1940 годзе ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» за заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва.
Пётр Анашчанка прапанаваў Ніне Бабровіч стаць разам з ім мастаком па касцюмах. Яна згадзілася. На асноўным месцы працы займалася ўвекавечаннем памяці ахвяр вайны і абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў Віцебскім раёне, а па-за работай пераключалася на традыцыйнае беларускае адзенне.
— Мы з Пятром Аляксандравічам шукалі ў архівах звесткі, як выглядалі героі «Несцеркі» ў 1941 годзе. Але поўнай карціны не было. Захаваліся толькі асобныя эскізы, а патрабавалася ж апрануць мноства персанажаў — і шляхту, і сялян, аднавіць кунтушы, жупаны, іншыя элементы касцюмаў. Стваралі ўсё гэта на аснове навуковых, краязнаўчых дадзеных. Таксама выязджалі ў экспедыцыі ў Дубровенскі і Горацкі раёны, — тлумачыць Ніна Бабровіч. — Знаходзілі ўзоры саматканых спадніц, вышытых кашуль, побытавыя рэчы, распытвалі, як раней у вёсках насілі тое ці іншае адзенне, як праходзілі кірмашы, вяселле. За аснову для сялянскай вопраткі ўзялі традыцыйны строй, што бытаваў ва ўмоўным месцы жыхарства герояў камедыі — вёсцы Ляды Дубровенскага раёна (раней яна адносілася да Горацкага павета Магілёўскай губерніі) — у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Якраз тады народны касцюм стаў рознакаляровым, прыгожым, аздобленым вышыўкай. А вось вопратка шляхты, паноў, якую можна ўбачыць на тэатральнай сцэне, адносіцца да больш ранняга перыяду — пачатку ХІХ стагоддзя. Мы свядома пайшлі на мастацкую ўмоўнасць: справа ў тым, што росквіт народнага касцюма на Беларусі адбыўся намнога пазней, чым канец бытавання шляхецкага. У спектаклі дзве эпохі сустрэліся, хаця ў жыцці так не было. Нашы напрацоўкі дапоўнілі эскізы, якія раней стварыў этнограф і мастак Міхась Фёдаравіч Раманюк, а таксама тыя, што залажыў у аснову спектакля Ліпа Кроль, — так узнік яскравы вобраз абноўленага «Несцеркі», які, дарэчы, сёлета адзначыў 85-годдзе.
У выніку было створана некалькі дзясяткаў касцюмаў, дзе прадумалі кожную дэталь — ад абутку да галаўных убораў. Адзенне ўпрыгожыла ўнікальная вышыўка, якая імітавала ручную. Абнавіліся і дэкарацыі. Культавы спектакль заззяў новымі фарбамі і працягнуў радаваць гледачоў.
Што цікава, падчас экспедыцый Пётр Анашчанка і Ніна Бабровіч чулі ад людзей гісторыі не толькі пра сялянскі побыт, але і пра тое, як скамарохі народ весялілі, ганчары гарлачамі гандлявалі, а паненка ў беднага хлопца закахалася. Усё расказанае дзіўным чынам нагадвала сюжэт «Несцеркі».
— Мы нібы трапілі ў казку, якая ажыла, — зазначае Ніна Аляксандраўна. — І гэта дапамагло нам «ажывіць» казку на тэатральнай сцэне.
Тэорыя і практыка
Ніна Бабровіч і далей працягвала займацца аднаўленнем характэрнага для Віцебшчыны народнага адзення, прычым не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Яна, напрыклад, добра ўмее плесці традыцыйныя паясы з выкарыстаннем старажытнай тэхнікі «саржавае напаўтканне» — кажа, што народныя вырабы самі падказваюць, як правільна іх ствараць, рукам трэба толькі ўзяцца за справу. Яшчэ Ніна Аляксандраўна з’яўляецца сааўтарам некалькіх навукова-папулярных выданняў — сярод іх «Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны», «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны». Захапленне нацыянальнай спадчынай, якое даўно стала неад’емнай часткай яе жыцця, не перашкаджае нашай гераіні арганічна адчуваць сябе сярод твораў сучаснага мастацтва і з захапленнем адкрываць для сябе і публікі новыя імёны.
Ніна Бабровіч падкрэслівае:
— Карані любога мастацтва, нават абстрактнага, — у народнай творчасці. І Шагал ішоў ад народнага мастацтва, і Малевіч. І сучасная культура на ім грунтуецца.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.










